Вы тут

Волаты эпохі


Навуковыя і навукова-папулярныя працы дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, члена прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Івана Саверчанкі добра вядомыя не толькі ў айчыннай гуманітарнай прасторы. Выданні, у якіх вучоным-філолагам упершыню сабраныя разам і адаптаваныя для рускамоўнага чытача помнікі беларускага пісьменства і славеснасці ад Х да першай паловы ХХ стагоддзя, шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйнай практыцы на ўсёй тэрыторыі СНД. Напрыканцы мінулага года Іван Саверчанка быў уганараваны міждзяржаўнай прэміяй СНД «Зоркі Садружнасці». Прапаноўваем чытачам «ЛіМа» матэрыял пра кнігу «Бляск кароны», у якой папулярызуецца дзейнасць знакавых для нашай гісторыі дзяржаўных і культурных дзеячаў.


Кніга І. Саверчанкі «Бляск кароны» («Блеск короны») — гэта адметны мастацкі варыянт уласных навуковых прац дасведчанага аўтара, аднаго з галоўных медыявістаў краіны. У цэнтры ўвагі пісьменніка — славутыя гістарычныя постаці, што годна прадстаўлялі Беларусь на міжнароднай арэне ад ХІ да ХХ стагоддзя. Кніга складаецца з аповесцінарацыі «Золотой амулет» (пра Усяслава Чарадзея) і васьмі эсэ, кожнае з якіх апавядае пра значнае імя ў гісторыі Беларусі.

Такая форма мае слаўныя векавыя традыцыі ў класічнай літаратуры. Прыкладна ў І стагоддзі старажытнагрэчаскі пісьменнік Плутарх склаў «Параўнальныя жыццепісанні», прысвечаныя значным грамадскім і палітычным дзеячам Грэцыі і Рыма. Плутарх не імкнуўся даць поўную біяграфію сваіх герояў. У яго творах — веліч чалавека, яго характар і думкі. Плутарх апісаў біяграфіі не ўсіх вядомых на той час дзеячаў. Героямі яго твораў сталі «выбраныя» асобы, якіх сам аўтар лічыў сапраўднымі патрыётамі і годнымі людзьмі.

Героі гістарычных эсэ І. Саверчанкі — асобы шматгранныя, якія праявілі сябе ў розных сферах грамадска-палітычнага жыцця. Акрамя таго, гэта героі станоўчыя, дзейсныя лідары, змагары, людзі, неабыякавыя да росквіту краіны, у якой жывуць.

Спробы крытыкаваць І. Саверчанку адносна выбару герояў кнігі малаабгрунтаваныя. Аўтар відавочна не ставіў перад сабой мэту стварэння поўнай гістарычнай партрэтыстыкі. Мэта І. Саверчанкі-пісьменніка іншая: дэманстрацыя велічы і інтэлектуальнай магутнасці Беларусі на прыкладзе цікавых і моцных духам гістарычных асоб. У беларускай прасторы не існуе гістарычнай постаці, аднолькава значнай для ўсіх пакаленняў. У гэтым аспекце эсэ — плённая форма для выказвання меркаванняў, разважанняў, аргументацый з мэтай нараджэння ісціны праз аўтарскую праўду эсэіста. Адметнасць эсэ як жанру — у суб’ектыўнасці, што праяўляецца не толькі ва ўнутранай арганізацыі тэксту, але і ў свабодным выбары тэмы і аб’екта мастацкага твора.

У жанры гістарычнага эсэ рэалізуюцца адразу два геніі: вучоны і пісьменнік. Сёння эсэ — гэта модны тэрмін для прыцягнення ўвагі чытача. Менавіта такую форму прэзентацыі беларускай гісторыі абраў І. Саверчанка. Хаця першыя словы «Бляску кароны» выклікаюць у падрыхтаванага чытача ўнутранае супраціўленне праз неадпаведнасць тэксту заяўленаму жанру. Замест філасофскіх ці парадаксальных разваг аўтара — даволі сухія факты, даты, апісанні падзей: «Вітаўт — сын князя Кейстута, нарадзіўся ў 1350 годзе. Старажытныя хронікі паведамляюць, што ён двойчы, у 1368 і 1372 гадах, разам з бацькам удзельнічаў у паходах на землі Маскоўскага княства». Даступны, лёгкі, зразумелы тэкст рэдка дапаўняецца аўтарскімі ацэнкамі. У жанравых адносінах творы маглі б быць, напрыклад, мастацкай біяграфіяй ці гістарычнымі нарысамі.

Аднак беларуская літаратура мае пэўную колькасць такіх твораў: гістарычныя эсэ У. Арлова «Таямніцы Полацкай гісторыі», культуралагічныя эсэ Л. Рублеўскай «Шыпшына для пані», філасофска-літаратурнае эсэ І. Штэйнера «Каму без чалавека патрэбна слова» («Кому без человека нужно слово»), гісторыка-філасофскія эсэ В. Казько «Дзікае паляванне ліхалецця» — таксама маюць мінімальнае выяўленне я-канцэпцыі аўтара.

Кожны з герояў кнігі І. Саверчанкі — інтэлектуальны лідар сваёй эпохі, магутная асоба, сапраўдны змагар за годнасць роднай краіны, волат, які трымае нацыянальную ідэю. Больш за тое, аўтар указвае і на значнасць учынкаў сваіх герояў для сучаснасці, бачыць вынікі іх актыўнай дзейнасці. Напрыклад, К. Каліноўскага — у існаванні прававой краіны Беларусь, В. Ластоўскага — у захаванні нацыянальнай кніжнай традыцыі, С. Буднага — у развіцці гуманістычнага грамадства, Вітаўта Вялікага — у стварэнні магутнай і слаўнай гісторыі.

«Бляск кароны» — кніга, якая сінтэзуе гісторыю, палітыку, літаратуру, філасофію, культуралогію і дэманструе інтэлектуальную моц Беларусі.

Старажытнагрэчаскі пісьменнік Плутарх марыў пра тое, каб чытачы яго кнігі пераймалі прыклады высокіх грамадзянскіх прынцыпаў і самаадданай любові да радзімы. Ці не тое ж хацеў данесці і сучасны беларускі аўтар І. Саверчанка?

Ірына БАЖОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?