Вы тут

Спыніцца на трак-стопе


Гарадзенец, былы студэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Стас Ільін прапануе агледзець ЗША з кабіны грузавіка, пакаштаваць супу з дарожнага пылу і навальніцы, даведацца пра рускі тракінг і зазірнуць у пратэстанцкую царкву «на колах». У полі зроку — краявіды на любы густ, вузкія тунэлі, графіці на мастах і шчаслівыя амерыканскія сем’і, якія махаюць дальнабойшчыкам, стоячы на зашклёных пераходах. Вось яна, амерыканская мара! Але ўсё цікавае пачынаецца, калі кіроўца спыняецца, каб перакусіць на трак-стопе альбо вырашыць чарговую тэхнічную праблему.


У 2013 годзе Стас узяўся за дзённік, у 2014 — 2016 гадах вёў аўтарскую калонку «Інтэрстэйты» ў часопісе «Дальнобойщик — Америка». Найлепшыя тэксты прэзентуюцца чытачу ў кнізе «Ветравое шкло» («Ветровое стекло», Минск: Галіяфы, 2017). Насуперак вызначэнню, прапанаванаму выдавецтвам, гэта не аповесць, а трэвэлог, што зусім не горш, бо жыццё — найлепшы майстар, і многія рэальныя здарэнні могуць быць не менш канцэптуальныя і цікавыя, чым прыдуманыя сітуацыі.

Вядома, самыя яркія гісторыі гэтай кнігі — пра аварыі і рамонты ў надзвычайных умовах — на заснежанай дарозе ў Пенсільваніі напярэдадні Новага года альбо ў спякотных прэрыях штата Нью-Мексіка… Здараюцца ў дарозе і іншыя прыгоды. Напрыклад, аднойчы малады дальнабойшчык памылкова збочыў у прыватны сектар, дзе жывуць добрасумленныя фермеры. Тут ён выпадкова знішчыў тры паштовыя скрыні на рэзкім павароце, а потым пазнаёміўся з усім насельніцтвам «нэйбархуда», чакаючы паліцыю, якая так і не прыехала.

 Увогуле ж амерыканцы, якія абралі спакойнае прадказальнае жыццё, найчасцей застаюцца за ветравым шклом. Маршруты гэтых людзей і Я-героя не сыходзяцца больш чым на паўгадзіны. Няцяжка здагадацца, што Стас Ільін штодня ўцякае на сваім грузавіку ад аднастайнага камфортнага існавання, падобнага да «бясколернай жыжы». І найчасцей сутыкаецца з людзьмі арыгінальнымі: вандроўнікамі-«хоба», стрыптызёршамі, абкуранымі аўтамеханікамі. Нават Стасавы інструктары Скот і Сцюарт аказваюцца арыгінальнымі тыпамі, і знаёмства з імі разбурае ілюзіі пра ЗША.

Так, у кожнай сучаснай краіне шмат кантраснага, супярэчлівага і шакавальнага, што будзе заўважана пільным падарожнікам. Але ў параўнанні са знакамітымі нататкамі Ромы Свечнікава, у кнізе «Ветравое шкло» нашмат менш бруду, маргінальшчыны, цікавасці да «брутальных эліксіраў для рытуальнага пашырэння свядомасці» ды іншых небяспечных рэчаў і рэчываў. Рома Свечнікаў — катэгарычны, эмацыянальны і рызыкоўны, Стас Ільін — аўтар больш сталы і па вызначэнні арыентуецца на іншы лад жыцця.

Рома Свечнікаў выправіўся ў падарожжа ў 20 гадоў, Стас Ільін сеў за руль грузавіка ў 28, прычым для абодвух аўтараў 2013 — 2014 гады прайшлі ў вандроўцы. Калі ў падарожжы з Ромам вам часам хацелася спыніцца, каб адчуць атмасферу месца, паразмаўляць з людзьмі, спакойна зазірнуць у кавярню, то кніга Стаса Ільіна, магчыма, будзе больш да душы.

Чытанне — заўсёды камунікацыя з аўтарам, і камунікаваць са Стасам Ільіным сапраўды файна. Гэта дасціпны, іранічны, разумны чалавек, які займаецца практычнай справай, але можа з задавальненнем некалькі гадзін правесці за дзіўнай кнігай, ён шчыры з чытачом, але не экзгібіцыяніст, што сёння можна лічыць праявай густу і тактоўнасці. Стас Ільін піша пра сябе як пра кіроўцу-эмігранта — і больш нічога эксклюзіўна-асабістага. Таму «Ветравое шкло» — кніга бадзёрая, і нават кніга-антыстрэс: калі параўноўваеш уласныя дробныя нягоды з паездкай на грузавіку, у якім на прычэпе адваліліся адразу два колы, здаецца, што ў цябе на дадзены момант усё выдатна.

Вядома, пасля чытання кнігі вы будзеце ведаць шмат акалічнасцей пра тое, як арганізавана работа дальнабойшчыкаў у ЗША, якія нюансы ёсць у правілах грузаперавозак, чым небяспечнае для кіроўцаў апноэ, якія бонусы ёсць у лепшых сетках амерыканскіх трак-стопаў… ЗША паўстаюць краінай, дзе многія рэчы арганізаваны лепш, але таксама ёсць нямала праблем, праўда, іншага плану, чым на радзіме. Радзіма часам згадваецца ў кнізе: для аўтара істотныя ўспаміны пра маладосць ды родны горад — але ніякіх збыткоўнасцей, утрыраванай настальгіі. Перасоўвацца ў прасторы сёння нашмат прасцей, чым стагоддзе таму, і быць эмігрантам не так складана: — «Ну, пілі віно гэта чортава. Я расказвала пра сваю паездку ў Амстэрдам. А ты крычаў, што ніякія Нью-Ёркі і Чыкага нельга параўнаць з тваім маленькім Парыжам на захадзе Беларусі і што замест абкуранага Амстэрдама я павінна была ехаць у Гродна». — «А ну так, гэта мой звычайны п’яны стан. Калі пачынаю крычаць пра Гродна, значыць, вось-вось адрублюся».

Прыведзеная цытата — выключэнне з правіл, такі сабе «крык душы». Сучаснік аўтара без праблем зразумее, чаму і навошта Стас Ільін пакінуў Беларусь, калі ж нехта возьмецца перачытваць кнігу праз 50 гадоў, то да гэтага часу аўтар, магчыма, набудзе вядомасць і паспее ўсё растлумачыць у інтэрв’ю альбо эсэ накталшт «Ветравое шкло. P. S.». Назіральнасць, літаратурны густ, здольнасць пісаць цікава і лёгка гарантуюць аўтару не толькі эканамічны, але і творчы поспех. Таму чытаць Стаса Ільіна можна будзе з задавальненнем і карысцю ў любым жанры і на любую тэму.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.