19 Верасень, серада

Вы тут

Універсітэт 3.0. Як змяняецца «ландшафт» вышэйшай школы?


Магчымасці і ўклад універсітэцкіх тэхнапаркаў у развіццё мадэлі «Універсітэт 3.0» кіраўніцтва Міністэрства адукацыі абмеркавала з маладымі навукоўцамі падчас семінара, які прайшоў на базе навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік».


Медыцынскія вырабы, створаныя ў тэхнапарку «Палітэхнік», выкарыстоўваюць у паўсядзённай практыцы кардыяхірургі. Адна з распрацовак — біялагічны эндапратэз клапанаў сэрца.

Пілотны праект

Трэба растлумачыць, што пад мадэллю «Універсітэт 3.0» маецца на ўвазе, у першую чаргу, стварэнне інтэграванага адукацыйнага, навукова-даследчага і прадпрымальніцкага асяроддзя, адзінства сістэмы «адукацыя — навука — інавацыя — камерцыялізацыя». Усе ўніверсітэты, якія ўваходзяць у сусветных рэйтынгах у топ-10 і нават у першую сотню, уяўляюць сабой магутныя навукова-адукацыйныя карпарацыі, цэнтры навуковых ведаў і генератары інавацыйнага развіцця. Сучасны ўніверсітэт ужо апрыёры не можа займацца толькі падрыхтоўкай кадраў. Гэта агульнасусветны трэнд, які нельга ігнараваць.

— Я лічу, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі мадэлі «Універсітэт 3.0»: сёння нашы ўніверсітэты займаюцца не толькі адукацыяй і навуковымі распрацоўкамі, але і прасоўваюць свае праекты ў эканоміку і іншыя сферы, — падзяліўся сваімі думкамі з удзельнікамі мерапрыемства міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. — Міністэрствам адукацыі ў рамках пілотнага праекта вызначана шэсць ВНУ: БДУ, БНТУ, БДУІР, БДТУ і БДЭУ, а таксама ГрДУ імя Янкі Купалы, якім даручана распрацоўка і рэалізацыя эксперыментальнага праекта па ўкараненні новых падыходаў у развіццё вучэбнай, навуковай і прадпрымальніцкай інфраструктуры ўніверсітэта. Змены ў адукацыйным працэсе будуць рэалізаваныя ў наступным навучальным годзе, але ўжо цяпер мы павінны пастарацца выйсці на канкрэтныя рашэнні, уключаючы ўдасканаленне нарматыўна-прававой і заканадаўчай базы.

Міністр падкрэсліў, што ў найбліжэйшай перспектыве маладзёжнай навуковай супольнасці трэба будзе ўнесці непасрэдны ўклад у пераўтварэнне Беларусі ў ІT-краіну. Таксама вузаўскай навуцы трэба будзе паглыбіць і пашырыць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па прыярытэтных напрамках навукова-тэхнічнай дзейнасці, як гэта робіцца ва ўніверсітэтах многіх краін свету, у тым ліку шляхам стварэння навукова-адукацыйна-вытворчых кластараў, якія прадугледжваюць інтэграцыю адукацыйных устаноў і прадпрыемстваў.

Ужо цяпер наладжана ўзаемадзеянне ўніверсітэцкай навукі і вытворчых прадпрыемстваў. Сумесныя навуковыя даследаванні праводзяцца на базе дзевяці галіновых лабараторый, адкрытых у інтарэсах лясной, хімічнай, харчовай прамысловасці і прыборабудавання.

Для якаснага правядзення навуковых даследаванняў і распрацовак ва ўстановах вышэйшай адукацыі створана інавацыйная інфраструктура, якая ўключае шэсць навукова-тэхналагічных паркаў і 15 цэнтраў трансферу тэхналогій.

Ігар Карпенка паведаміў, што летась быў адкрыты першы ў краіне студэнцкі інавацыйны цэнтр прафесійнага развіцця — бізнес-інкубатар БДУІР, які ўяўляе сабой платформу для стварэння і развіцця перспектыўных інавацыйных праектаў і далейшага іх прасоўвання на рынак. Яшчэ адзін прыклад стымулявання маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва — досвед работы стартап-цэнтра ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце «Ад ідэі да ўкаранення».

— І гэта толькі пачатак маштабнай работы па развіцці інавацыйнай інфраструктуры, у якую трэба будзе ўключыцца ўсім універсітэтам, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Акрамя таго, для рэалізацыі мадэлі «Універсітэт 3.0» установам вышэйшай адукацыі неабходна стварыць навукова-адукацыйную платформу, якая дазваляе вывучаць і асвойваць новыя і перспектыўныя тэхналогіі апрацоўкі і перадачы даных, выконваць навуковыя даследаванні і распрацоўкі па базавых інфармацыйных тэхналогіях, распрацоўваць і ствараць высокапрадукцыйныя праграмна-апаратныя комплексы і інфармацыйныя сістэмы ў мэтах развіцця інфармацыйнага грамадства і лічбавай трансфармацыі эканомікі.

Вусцілкі «Кінезіа» — распрацоўка Цэнтра адаптыўнай кінезітэрапіі (рэзідэнта тэхнапарка БНТУ).

Мы павінны разумець, што поспех рэалізацыі мадэлі «Універсітэт 3.0» дазволіць стварыць у найбліжэйшай будучыні высокаінтэлектуальнае матываванае асяроддзе для трансфармацыі ВНУ ў мадэль «Універсітэт 4.0». Гэта самая перспектыўная мадэль для развіцця перадавых універсітэтаў, якая абавязкова павінна ўключаць акрамя адукацыі, навукі і інавацый яшчэ і стварэнне крэатыўнага асяроддзя. Інжынеры, якіх будуць тут рыхтаваць, змогуць вырашаць найскладанейшыя задачы, якія па розных прычынах не па сілах ні карпарацыйнай, ні акадэмічнай навуцы.

Перспектывы для навуковай кар'еры

— Для дасягнення пастаўленай мэты Мінадукацыі надае асаблівую ўвагу падтрымцы навуковай кар'еры маладых людзей, — запэўніў міністр. — Сёння аспірантура адкрыта ў 26 установах вышэйшай адукацыі па 233 спецыяльнасцях, дактарантура — у 15 ВНУ па 180 спецыяльнасцях.

Усяго ў 2017 годзе ў аспірантуры навучалася 2747 чалавек, у дактарантуры — 142 чалавекі. Летась у параўнанні з 2016 годам выпуск з аспірантуры з папярэдняй экспертызай дысертацыі павялічыўся да 20 % (у 2015 г. было 16 %, у 2016 г. — 18,4 %), а з абаронай дысертацыі ў тэрмін навучання — да 6,6 % (у 2015 г. — 2,9 %, 2016 г. — 5,2 %).

На думку міністра адукацыі, станоўчыя вынікі дасягнуты дзякуючы створанай у краіне сістэме стымулявання і прыцягнення ў навуку таленавітай моладзі. Так, у 2017 годзе стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымалі 94 маладыя навукоўцы, у тым ліку 25 — з устаноў адукацыі і арганізацый сістэмы Міністэрства адукацыі. Таксама па выніках конкурсу дактарантам, аспірантам і студэнтам на выкананне навукова-даследчых работ Міністэрства адукацыі выдала 100 грантаў на агульную суму 350 000,0 рубля.

Тэхнолаг дызайнерскай вышыўкі Faіny.by Ганна Кныш каля адной з найбуйнейшых вышывальных машын.

Ад ідэі — да бізнесу

У тэхнапарку БНТУ «Палітэхнік» навуку пераўтвараюць у бізнес ужо 25 гадоў — гэта найстарэйшы ў краіне ўніверсітэцкі тэхнапарк. Пляцоўка была створаная адмыслова для таго, каб ідэі і тэхналогіі, народжаныя на кафедрах і ў лабараторыях, вырасталі да вытворчасці, камерцыялізацыі і маштабіравання. За гэты час у парк удалося прыцягнуць 20 рэзідэнтаў і распачаць рэалізацыю 50 унікальных праектаў. Быў створаны цэлы шэраг прадпрыемстваў і вядомых брэндаў — ад «Полімедтэха», чые медыцынскія вырабы выкарыстоўваюць у паўсядзённай практыцы нашы кардыяхірургі і артапеды-траўматолагі, да дызайн-цэнтра машыннай вышыўкі Fаіnу.bу. Летась структуру тэхнапарка папоўніў міжнародны інавацыйны цэнтр.

— Сёння наш тэхнапарк суправаджае поўны навукова-інавацыйны цыкл ва ўніверсітэце: ад фундаментальных і прыкладных даследаванняў да заснавання новых інавацыйных прадпрыемстваў і высокатэхналагічных вытворчасцяў, — кажа намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу навукова-тэхналагічнага парка «Палітэхнік» Віталь ГМЫРАК. — Толькі за апошнія гады нашым тэхнапаркам былі створаны шэсць інавацыйных прадпрыемстваў, а гэта новыя высокакваліфікаваныя рабочыя месцы, тэхналагічны экспарт. Пры гэтым абсалютна відавочная важнасць такой структуры для вучэбнага працэсу ва ўніверсітэце, калі ёсць магчымасць сумеснага выкарыстання навукова-вытворчага абсталявання, памяшканняў рознага функцыянальнага прызначэння. У адрозненне ад класічнага тэхнапарка, як выключна камерцыйнай структуры тэхнапарк БНТУ актыўна ўдзельнічае ў выхаванні інжынерных кадраў як будучай бізнес-эліты.

Студэнты БНТУ маюць рэальную магчымасць наўпрост кантактаваць з інавацыйнымі тэхналогіямі, вытворчасцю і непасрэдна з рынкам. Так, кожны год на базе «Палітэхніка» больш як сто студэнтаў розных спецыяльнасцяў праходзяць вытворчую практыку, якая затым кладзецца ў аснову курсавых і дыпломных работ. Многія з іх становяцца супрацоўнікамі тэхнапарка, а некаторыя нават засноўваюць свае прадпрыемствы. Праекты «ТурбаСфера» і Fаіnу.bу — прыклады таго, як ідэі будучага бізнесу нараджаліся яшчэ падчас студэнцтва.

Тэхнапаркі дапамаюць развіваць таксама і матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта, паколькі прыцягваюць інвестыцыі пад будаўніцтва і рэканструкцыю будынкаў і збудаванняў, а таксама пад набыццё сучаснага навукова-тэхналагічнага абсталявання, якое ў далейшым можа выкарыстоўвацца і ў навукова-адукацыйным працэсе ўніверсітэта.

Візітная картка дызайнерскай вышыўкі Faіny.by — рэчы з беларускімі матывамі.

Навука — спорту

Сапраўдны тэхналагічны допінг для беларускіх спартсменаў ствараецца сёння сіламі кафедры спартыўнай інжынерыі і Цэнтра адаптыўнай кінезітэрапіі (рэзідэнта тэхнапарка БНТУ). Адна з іх распрацовак — вусцілкі «Кінезіа». Карэкцыя парушэнняў біямеханікі апорна-рухальнага апарату спартсменаў ажыццяўляецца з дапамогай выкарыстання індывідуальных адаптаваных кінезітэрапеўтычных вусцілак, якія вырабляюцца на ўласнай высокатэхналагічнай лініі. Ключавым адрозненнем айчыннай тэхналогіі стаў запуск праграмы аб'ектыўнай ацэнкі прасторавай кінематыкі тазавага рэгіёна, якая дазваляе вызначаць асіметрыю ніжніх канечнасцяў спартсменаў пры ўзаемадзеянні з апорай. Сэнсарныя датчыкі, якія ўкладваюцца ў кінезітэрапеўтычную вусцілку, дазваляюць адсочваць, як размяркоўваецца ціск па стапе чалавека, ці ёсць паляпшэнні.

Па заказе Міністэрства спорту і турызму кафедра спартыўнай інжынерыі супрацоўнічае з нацыянальнымі камандамі па веславанні на байдарках і каноэ, цяжкай мужчынскай атлетыцы. Так, напрыклад, снарады для апошняй аснашчаюцца спецыяльнымі датчыкамі інтэлектуальных рухаў (мікраэлектроніка замацоўваецца ў кліпсе). Апошнія дазваляюць спартсменам з дапамогай адмысловай камп'ютарнай праграмы шліфаваць кожны свой рух, паколькі падчас штуршка літаральна кожны кілаграм мае значэнне. Такія ж датчыкі, якія вызначаюць у тым ліку і хуткасныя характарыстыкі, устанаўліваюцца і на вясло.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Ігар Карпенка падкрэсліў, што ВНУ не могуць заставацца проста ўстановамі адукацыі, ім усім трэба здзейсніць рывок да новай мадэлі, прычым вельмі імклівы: «Калі мы жадаем заставацца суверэннай краінай, то пры адсутнасці прыродных рэсурсаў, за кошт якіх можна яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў выжываць, нам трэба намацаць пункты, якія дазволяць эфектыўна развівацца і ісці наперад, а мы можам разлічваць толькі на свой інтэлект», — дадаў міністр адукацыі.

Гістарычная даведка

Першым у свеце лічаць тэхнапарк, створаны на пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя ў Каліфорніі пры Стэнфардскім універсітэце. Але фактычна пачынаўся ён яшчэ раней. Прафесар Фрэдэрык Тэрман, шматгадовы прарэктар Стэнфарда, быў адным з тых, хто спрабаваў утрымаць у рэгіёне выпускнікоў мясцовых універсітэтаў, якія ў пошуках працы з'язджалі ва ўсходнія штаты. Так і ўзнікла ідэя будаўніцтва на вялікай тэрыторыі ўніверсітэта новых памяшканняў, якія на льготных умовах здаваліся б у арэнду гатовым адкрыць уласны бізнес маладым інжынерам. У выніку тут сфарміраваўся цэлы высокатэхналагічны рэгіён, які атрымаў пазней назву «Крэмніевая даліна» з лёгкай рукі амерыканскага журналіста Дона Хофлера. Стэнфардскі індустрыяльны парк, які спалучыў акадэмічную навуку з прамысловасцю дзеля атрымання высокатэхналагічных ведаў, стаў калыскай, з якой выйшлі самыя лепшыя розумы ў гэтай сферы.

А ў Еўропе першыя тэхнапаркі ўзніклі ў пачатку 70-х гадоў у Вялікабрытаніі, Бельгіі і Францыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: «Універсітэт 3.0»: рывок да новай мадэлі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.