Вы тут

Хто адказвае за канцэрты ў глыбінцы?


Адны выпускнікі ўніверсітэтаў успрымаюць размеркаванне ў раён як трагедыю. Іншыя — як шанц заявіць пра сябе. 26-гадовы Уладзімір БАБІЧАЎ — з апошніх. Ужо тры гады хлопец узначальвае раённы Цэнтр народнай творчасці, культуры і вольнага часу ў Дуброўне. Пад крылом маладога дырэктара — дом рамёстваў, гарадскі ДК і сельскія клубы.


На сцэне Уладзімір з сямі гадоў. Спяваў, іграў у спектаклях, танцаваў. Скончыў музычную школу па класе баяна і фартэпіяна. Займаў прызавыя месцы на розных конкурсах і фестывалях самадзейнасці. Таму ў шостым класе вырашыў, што будучая прафесія павінна быць звязана з творчасцю.

Бацькі хлопца працуюць у сельскай гаспадарцы. Тата механізатар, мама — загадчыца малочнатаварнай фермы. Марылі, каб сын стаў інжынерам. Уладзімір нават паспрабаваў паступіць на праграміста, але не хапіла аднаго бала. «Відаць, лёс», — падумаў хлопец і пайшоў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, куды з лёгкасцю здаў экзамены.

Сам Уладзімір з вёскі Сваташыцы Дубровенскага раёна. Калі паступаў у ВНУ, браў мэтавае накіраванне, таму на адпрацоўку вярнуўся ў райцэнтр. І з энтузіязмам узяўся за справу. Спачатку быў метадыстам у адной з устаноў культуры, а праз год узначаліў раённы Цэнтр народнай творчасці, культуры і вольнага часу.

— Для мяне важная дысцыпліна. Той, хто яе парушае, не зможа тут доўга затрымацца, — дзеліцца Уладзімір. — Некаторыя супрацоўнікі ў два разы старэйшыя за мяне, але я змог стаць для іх аўтарытэтам. Так, я амбіцыйны, але не лічу, што гэта дрэнна.

Малады дырэктар каардынуе ўстановы культуры ў раёне: дапамагае ім арганізоўваць канцэрты, спартландыі, дыскатэкі, прадумвае бізнес-план. Вырашае праблемы з апаратурай — у парадку жывой чаргі набывае ў сельскія клубы калонкі, мікшарныя пульты, мікрафоны. Штогод Уладзімір арганізуе міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы», куды з'язджаюцца калектывы самадзейнасці з Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Славакіі. Каб завабіць жыхароў на мерапрыемствы, актыўна анансуе іх у сацыяльных сетках і вядзе ютуб-канал «Дубровеншчына культурная».

— Ідэі для канцэртаў і свят прыдумваю сам, — кажа хлопец. — Ніколі не карыстаюся інтэрнэтам, калі пішу сцэнарый. Нядаўна, напрыклад, мы праводзілі конкурс «Суперцешча». Удзельніцам трэба было скласці оду зяцю, прыгатаваць яго любімую страву.

На гэты год планаў у дырэктара шмат. З новых задум — правесці свята варэння, свята бабульчынай хусткі. Шмат мерапрыемстваў рыхтуе да 625-годдзя Дуброўна, якое мясцовыя жыхары будуць святкаваць улетку.

І хоць у хлопца шмат адміністрацыйных абавязкаў, прызнаецца, што не можа жыць без самадзейнасці. Уладзімір вядзе ледзь не ўсе канцэрты і фестывалі ў раёне, спявае, іграе ў тэатральных пастаноўках. Цікаўлюся, якая роля яму больш блізкая.

— Мне падабаецца іграць прыгажуноў. У апошнім спектаклі «Марозка» я быў Іванам. Сябе люблю, пакрасавацца таксама люблю, — усміхаецца. — Я іграю станоўчых персанажаў: у мяне такі тыпаж. А вось самая нелюбімая роля, скажу пад сакрэтам, — Дзеда Мароза. Хоць яна ў мяне добра атрымліваецца (у 2012 годзе, калі вучыўся ва ўніверсітэце, на адным з конкурсаў стаў найлепшым навагоднім чараўніком Мінска), псіхалагічна гэта складана. Бо не ўсе дзіцячыя жаданні — напрыклад, зрабіць так, каб былі жывыя бацькі, — магчыма выканаць.

Паколькі выступаць даводзіцца часта, сцэнічны гардэроб ва Уладзіміра — велізарны: шэсць касцюмаў, дваццаць кашуль, шэсць пар чаравікаў, па дзесяць гальштукаў і бабачак... «Артыст заўсёды павінен выглядаць добра», — тлумачыць хлопец.

Разам з творчымі калектывамі Уладзімір ездзіць на гастролі не толькі ў суседнія раёны, але і за мяжу. Напрыклад, у Дагдзе (латвійскім горадзе — пабраціме Дуброўна) бывае кожны год.

Пытаюся ў маладога дырэктара, як ён адпачывае, калі канцэрты і спектаклі — гэта яго работа. «Праводжу выхадныя з сябрамі, — расказвае хлопец. — Калі цёпла, выязджаем на прыроду. Люблю бываць у бацькоў у вёсцы. За вячэрай можам спяваць разам. Але ад работы я таксама атрымліваю асалоду».

Уладзімір — зайздросны жаніх. Кожны дзень яго сватаюць. Дубровенец з усмешкай прызнаецца: такая ўвага яго збалавала. Але на сёння хлопец выбірае кар'еру. Хоча займаць высокі пост і добра зарабляць, каб будучая сям'я была забяспечана. «Задум вельмі шмат. Не хаваю, магчыма, у будучыні пераеду ў сталіцу ці абласны цэнтр. Але пакуль я ў Дуброўне, хачу зрабіць для гэтага горада максімум магчымага».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Мінск—Дуброўна—Мінск

Загаловак у газеце: На работу, як на свята

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.