Вы тут

Тварэц свайго настрою


Мой сын-студэнт купіў куртку: дарагую, кароткую, не надта цёплую. Гэта ў яго зімовая называецца. Скарыстаўся маёй трохтыднёвай адсутнасцю. Калі, вярнуўшыся дадому, стала, мякка кажучы, ушчуваць за неабачлівасць, ён адказаў: «Зімы ж усё роўна не будзе». І цяпер мне ледзь не штодня нагадвае пра тую размову.


А зіма ў нас, у Брэсце, і праўда, была хіба толькі тры дні. Увесь астатні час — дажджы, цемра і слата. Студзеньскія туманы сталі амаль звыклай з'явай. Вось і сёння ранкам у аўтобусе жанчыны, што ехалі на працу, наракалі на адсутнасць настрою. Маўляў, што гэта за жыццё? Плацяць мала, пенсійны ўзрост паднялі, нават сонца тыднямі, а то і месяцамі не ўбачыш, адкуль чэрпаць пазітыў? І падумалася тады, што людзі немаладога веку, з якімі даводзілася сустракацца апошнім часам, як правіла, бывалі ў добрым настроі, выглядалі аптымістамі. У іх бы павучыцца.

Марыя Іванаўна сустрэла сваё васьмідзесяцігоддзе ў бальнічнай палаце. І з гэтай нагоды ніколькі не засмуцілася. Наадварот, яна адна сярод шасці суседак па палаце, якіх прывезлі «па хуткай», праходзіла планавае лячэнне.

І хоць таварышкі былі куды маладзейшыя, але з хворымі спінамі і непаслухмянымі нагамі не маглі ўзлезці на крэсла, каб адчыніць фортку і праветрыць пакой. Яна ж, на зайздрасць ім, гэта рабіла лёгка. Ахвотна дапамагала іншым у нейкіх дробязях, заўсёды жартавала. Гледзячы вось так, збоку, можна было падумаць, што жанчына пражыла шчаслівае бестурботнае жыццё. Але гэта далёка не так. Проста яна ў любой, нават самай цяжкай, сітуацыі не апускала рукі і разлічвала толькі на сябе. Недзе ў 35-гадовым узросце засталася адна з двума сынамі. Не, муж не памёр, ён сышоў да другой.

Так і круцілася сама. Пасля змены на заводзе паспявала ўпраўляцца дома. Хлопцы выраслі, ажаніліся, дачакалася ўнукаў, выйшла на пенсію. Тут новае выпрабаванне — цяжка захварэў старэйшы. Пасля аперацыі ў Мінску доўга выходжвалі яго разам з нявесткай. Цяпер вось адчувае сябе значна лепш, нават у бальніцы яе праведваў. Ці ж не радасць для маці?

Дзеці выраслі добрымі людзьмі, гэтым яна шчаслівая. І калі іхні блудны бацька вярнуўся праз шмат гадоў ад сваёй маладой з адным чамаданам, яна, Марыя, на парог не пусціла. А старэйшы сын купіў дом у прыгараднай вёсцы, аформіў як сваю дачу і пасяліў там бацьку. Пенсіянер успомніў сваё вясковае мінулае, развёў падсобную гаспадарку. А яна рэгулярна ездзіць туды, даглядае амаль 30 сотак агарода. «Усё ж для сваіх дзяцей, — разважае, — бо з таго ўчастка іх сем'і забяспечаны бульбай, агароднінай, садавіной». Ну а дзед для ўнукаў гадуе кабанчыка, на канікулах частуе казіным малаком. Не раз і не два прасіў яе былы муж сысціся і жыць адной сям'ёй. Але Марыя Іванаўна застаецца непахіснай: «Калі ты мяне з дзецьмі пакінуў, і я адна справілася, дык і цяпер ты мне не патрэбны. І кропка».

Летам яна шчыруе на агародзе, зімой стараецца падправіць здароўе. Сустракаецца з сяброўкамі, любіць глядзець серыялы пра міліцыю. Выпісвалася Марыя Іванаўна ў пятніцу. Сказала, што ў суботу зранку нагатуе ўсяго, вечарам прыйдуць дзеці з сем'ямі, пакліча суседак-сябровак, разам адзначаць яе 80-годдзе. З самага ранку ў чаканні бальнічнай выпіскі яна была ў прыўзнятым настроі, па тэлефоне абмяркоўвала з нявесткай меню для свайго святочнага абеду і выглядала шчаслівай.

...Яшчэ адзін 80-гадовы чалавек мяне па-добраму здзівіў прыкладна год таму. Калі папярэдняя гераіня жыве ў шматкватэрным доме ў адным горадзе з дзецьмі ды ўнукамі, то Міхаіл Юстынавіч застаўся адзіным насельнікам сваёй паміраючай вёскі. Пайшла ў лепшы свет жонка, з жывых істот побач — кот і сабака. Да бліжняга населенага пункта кіламетраў пяць. Для іншага, мусіць, гэтага хапіла б, каб упасці ў дэпрэсію. А ён, былы перадавы трактарыст, ардэнаносец, штодня перазвоньваецца з таварышам па працы ранейшых гадоў, таксама ўдаўцом. «Ён крыху маладзейшы, дык я з яго пасмейваюся, — расказвае вясёлы пенсіянер, — пытаю, ці не ажаніўся, а тады папярэджваю: «Калі хочаш памерці раней часу, то ажаніся з маладою». Вось так пасмяёмся, павесялім адзін аднаго, дык і настрой узнімаецца». Заўважце, для настрою адзінокі чалавек не купляе ў аўтакраме, якая дзеля яго аднаго прыходзіць, пляшку. Купляе пячэнне, фрукты. А яшчэ чакае вясну, каб выйсці ў поле, пачуць знаёмы гул трактароў, пагаварыць з цяперашнімі механізатарамі, парадавацца за тое, што жыццё працягваецца.

У рэшце рэшт, у вялікай ступені кожны сам тварэц свайго настрою, ва ўсялякім разе, здольны паклапаціцца пра тое, каб настрой ніхто не сапсаваў.

Доказам таму можа быць пісьмо, пра якое мне расказала рэдактар Ляхавіцкай раённай газеты. Ліст быў складзены ў форме заявы. Заяўніца прасіла ні ў якім разе не публікаваць віншаванні, калі тыя паступяць з нагоды яе, заяўніцы, юбілею, і растлумачыла прычыну: «...бо калі хоць адно слова ў тэксце мне не падабаецца, гэта прыводзіць мяне да сапсаванага настрою». Нарэшце прайшла назначаная дата, ніхто не заказаў віншаванне капрызнай спадарыні. І ў рэдактара таксама ўзняўся настрой. А што, скажыце, было б рабіць, калі б знайшліся ахвотныя і тую віншаванку аплацілі?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».