Вы тут

Творы Высоцкага для Беларусі


Яго песні — па-беларуску? Нічога дзіўнага: яны гучалі на гэтым тыдні дзякуючы паэту і барду Дзмітрыю Пятровічу. Напрыклад, «Песня пра зямлю» ці «Песня пра зоркі», «Брацкія магілы» ды іншыя творы гучалі ў перакладзе Пятровіча падчас канцэрта-імправізацыі «Не жадаю быць блазнам, паяцам». Насамрэч, згадаць Уладзіміра Высоцкага варта не толькі з нагоды памятнай даты. Сям’я паэта і артыста паходзіла з беларускіх земляў, і ён з задавальненнем і надзеяй наведваў нашую рэспубліку — не толькі з канцэртамі…


У фільме В. Турава «Я родам з дзяцінства» ўпершыню прагучалі песні Высоцкага ў кіно.

— Калі Высоцкага не стала, я вучыўся ў школе, — успамінае Дзмітрый Пятровіч. — Але я рос на яго песнях, навучыўся іграць на гітары і спяваў іх. Паколькі сам быў настаўнікам музыкі, разумею, што гэта цудоўная песенная паэзія. Нягледзячы на тое, што песні Высоцкага вядомыя, я ўпэўнены, што тым больш цікава іх паслухаць па-беларуску. У іх ёсць і высокі грамадзянскі пасыл, і лірыка, і гумар — усё тое, што актуальна ў любыя часы, пакуль жывуць людзі. Вядома, што сам аўтар увасабляе эпоху, якая паўплывала на фарміраванне цэлага пакалення ў тым ліку жыхароў Беларусі, таму варта адзначыць яго ўнёсак у культуру ХХ стагоддзя, распавядаць сучасным дзецям пра моцную асобу і таленавітага паэта і барда.

Але і сустрэчы з Уладзімірам Высоцкім дагэтуль даюць глебу ўспамінам, прымушаюць па эпізодах збіраць яго гісторыю ўзаемадачыненняў з рэспублікай, дзе за савецкім часам чалавека з апальнымі поглядамі прымалі, хацелі здымаць у кіно і слухалі яго песні. Нездарма пра яго знаходжанне ў Беларусі пішуцца ўспаміны, складаюцца «Беларускія старонкі», манаграфіі, даследаванні. Зварот невыпадковы: гэта была знакавая фігура, якая паўплывала на светапогляд многіх людзей.

…Чалавек са шнарамі на твары вяртаецца дадому. Дома ўсё спалена. Ёсць толькі гітара і люстэрка. Чалавек, які гарэў у танку, прайшоў усю вайну, глядзіць на сябе ў люстэрка не пазнаючы. Яго, Валодзю — героя і акцёра, — пазнаюць гледачы. Уладзімір Высоцкі з’явіўся ўпершыню ў беларускім фільме менавіта ў ролі франтавіка. Гэта была карціна Віктара Турава «Я родам з дзяцінства».

З гэтага моманту для многіх прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Высоцкага пачаўся адлік яго «беларускага часу». Гэты час расцягнуўся на пятнаццаць гадоў, на працягу якіх былі і «кароткія сустрэчы», і «небяспечныя гастролі», і свае «маленькія трагедыі». Палічаны і апісаны практычна ўсе эпізоды судотыку легендарнага артыста з Беларуссю.

Ягоныя песні ўжо гучалі па краіне. Пра яго ўжо казалі — хто з захапленнем, хто з асцярогай. І калі была магчымасць убачыць самога Высоцкага... Ад яе не адмовіўся і беларускі рэжысёр. Калі Высоцкі з’явіўся на «Беларусьфільм», у яго за плячыма былі праца ў кіно, але ў невялікіх ролях. Сёння прыхільнікі і даследчыкі пішуць, што Уладзімір Высоцкі быў вельмі зацікаўлены ў здымках у Турава і трапіў на пробы замест Мікалая Губенкі, які ў той момант быў заняты. Віктар Тураў лічыцца адным з тых людзей, якія адкрылі Высоцкага для кіно.

Ён прыехаў на пробы. Потым спяваў. Потым з’ехаў і чакаў. Яго зацвердзілі і заключылі дамову на напісанне трох песень для фільма. Спецыяльна для фільма «Я родам з дзяцінства» была напісана песня «Халады-халады». Песню «Брацкія магілы», якую аўтар называў сваёй першай ваеннай песняй, у карціне выканаў Марк Бернес. Фрагментарна гучаць яшчэ дзве.

У фільме Турава Высоцкі іграе невялікую ролю, падчас яго знаходжання на экране — ад дзесяці да пятнаццаці хвілін. Пасля выхаду гэтай карціны ў фільмах Турава ён ужо больш не з’явіцца. Яго песні яшчэ будуць гучаць у некалькіх фільмах прызнанага класіка беларускага кіно, з якім у легендарнага артыста склаліся цёплыя сяброўскія адносіны.

Як акцёр ён зняўся яшчэ ў адным беларускім фільме — «Саша-Сашанька» Віталя Чацверыкова. Высоцкі здымаўся, пісаў песні, спяваў. Але ў фільме ён застаўся толькі ў трох эпізодах. Рэжысёр яго максімальна «замаскіраваў»: перафарбаваў, агучыў голасам іншага акцёра. З чатырох прапанаваных песень у фільме прагучалі дзве, у адной — «Песні-казцы пра стары дом на Новым Арбаце» — гучыць яго голас. Праўда, прозвішча ў цітрах не значыцца...

Пра гэтае прозвішча ўсё роўна даведваліся. Даведваліся і тыя, хто рэальна кіраваў культурай у краіне. Некаторыя канцэрты Высоцкага ў Мінску не адбыліся — часам гэта тлумачылася яго нездароўем. Спробы артыста паўтарыць, рэабілітавацца перад публікай, цярпелі крах. І не важна, што «нізы хацелі», галоўнае — што «вярхі маглі». Прасцей за ўсё аказалася проста не пусціць артыста да гледача, прыбіраючы яго песні нават з фільмаў. Так, напрыклад, адбылося з песняй «Паўгадзіны да атакі», якую прыбралі з фільма Ігара Дабралюбава «Іван Макаравіч». Фільм у свой час стаў лаўрэатам кінафестывалю ў Венецыі.

Для фільма патрэбна была песня, якую б праспяваў герой, хлопчык, якога звалі Іван Макаравіч, у той момант, калі ён на паўстанку просіць малако. Высоцкі напісаў песню. У належны тэрмін даслаў касету з запісам. Але ў Маскве песню канфіскавалі — у канчатковым выніку ўсё вырашалася ў Дзяржкіно. Знік эпізод з фільма, а разам з ім песня, яна больш нідзе не гучала…

«Я хачу паказаць ёй тваю Беларусь!»... Высоцкі прыязджаў у госці да Турава разам з Марынай Уладзі. Яны імчаліся на здымкі фільма «Сыны ідуць у бой» паводле Адамовіча, якія праходзілі пад Навагрудкам напрыканцы 60-х гадоў. Найпрыгажэйшыя месцы на возеры Свіцязь, лодка на Нёмане, вечар у лесе з песнямі ля вогнішча, планы працаваць разам.

Славутая пара захаплялася возерам і гуляла па Замкавай гары ў Навагрудку. У гарадскім кінатэатры «Зорка» адбылося неафіцыйнае выступленне Высоцкага, пра што памяталі некаторыя жыхары Навагрудка, таму ў гэтым беларускім горадзе вельмі беражліва захоўваюць памяць пра артыста.

Марына Уладзі таксама згадвае тую паездку ў Беларусь у сваёй кнізе «Уладзімір, або Перарваны палёт»:

«...Мы ідзём спаць на вышкі. Духмянае сена — замест пасцелі. За перагародкай рохкае свіння і пратэстуюць патурбаваныя куры. Усю ноч ты ўслых складаеш вершы. Строфы нараджаюцца адна за адной. Узнікаюць выявы... Як і ў самым пачатку, у школе, калі ў цябе яшчэ не было гітары, ты адбіваеш рытм рукой. У гэтую доўгую ноч нарадзіліся тэмы большасці тваіх песень ваеннага цыкла...»

Ён тады прыехаў без загатаваных песень. Далі прачытаць сцэнарый, і ён адразу пачаў пісаць. У фільме прагучала некалькі песень артыста: «Песня пра зямлю», «Ён не вярнуўся з бою», «Сыны ідуць у бой».

…У жніўні 1977-га каля цэнтральнага ўваходу кінастудыі «Беларусьфільм» спыніўся рэдкі аўтамабіль. «Мэрсэдэс» шэра-сталёвага колеру прыцягнуў увагу. Вестка, што на студыю прыехалі Высоцкі і Марына Уладзі, разнеслася хутка. Віктар Тураў тады працаваў над фільмам пра дэсантнікаў «Кропка адліку». У ім Марына Уладзі выконвае песні свайго мужа: фільм выйшаў на экран ужо пасля смерці артыста.

Разам з успамінамі пра яго ў тым ліку Турава, Дабралюбава ды іншых асоб у гісторыі застанецца факт: Уладзімір Высоцкі напісаў больш за дваццаць песень да беларускіх фільмаў, многія з іх перажылі свой час і могуць гучаць цяпер.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.