Вы тут

Які клімат прыдатны для інвестара?


У апошнія гады інвестыцыі ў беларускую эканоміку, як замежныя, так і ўнутраныя, крыху запаволіліся. Як падысці да гэтай праблемы парламентарыям? Зразумела ж, адаптаваць пэўныя законы да патрэб дня. Так, Пастаянная камісія па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прапанавала ўнесці змены ў Закон «Аб інвестыцыях». Законапраект быў падрыхтаваны і ўнесены дэпутатамі Аляксеем Сокалам і Уладзіславам Шчэпавым.


На думку старшыні Камісіі Уладзіслава ШЧЭПАВА, праблема прыцягнення інвестыцый для Беларусі вельмі актуальная. «У сваім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 21 красавіка 2017 года кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на сённяшні дзень наша жыццёвая неабходнасць — гэта нарошчванне экспарту і прыцягненне інвестыцый. Замежныя інвестыцыі — рэальны прыток недаўгавога знешняга фінансавання, які мог бы быць накіраваны на стварэнне новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў для зніжэння напружанасці на рынку працы, скарачэння беспрацоўя і павелічэння занятых у эканоміцы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама ў сваім выступленні, што для прыцягнення інвестыцый неабходна мяняць стаўленне да інвестараў», — нагадаў дэпутат.

Адным з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка з'яўляецца прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

На 2017 год было запланавана 1,4 млрд долараў. Па стане на студзень—верасень прыцягнута каля 900 млн долараў. «І такія запланаваныя і фактычны аб'ёмы інвестыцый для эканомікі Рэспублікі Беларусь недастатковыя», — упэўнены парламентарый. Пры гэтым у структуры крыніц інвестыцый больш за 90 % займаюць уласныя крыніцы фінансавання, а таксама крэдытныя рэсурсы, а не прамыя (у тым ліку замежныя) інвестыцыі. Па аб'ёме назапашаных прамых замежных інвестыцый на душу насельніцтва за 20 гадоў Беларусь больш чым у пяць разоў адстае ад Еўрапейскага саюза і больш чым у два разы — ад Казахстана.

Фактарамі, якія ўплываюць на аб'ёмы інвестыцый, з'яўляюцца іх прыбытковасць і рызыкоўнасць, агульны інвестыцыйны клімат. На паляпшэнне апошняга і накіраваны прапанаваны законапраект «Аб інвестыцыях».

«Законапраектам прапануецца дапоўніць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях» артыкулам 12. Ён вызначае ўмовы кампенсацыі кошту маёмасці, якая з'яўляецца інвестыцыямі або якая ўтвараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, на аснове аналагічных нормаў, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь. Дзейны закон замацоўвае, што маёмасць, якая з'яўляецца інвестыцыямі або ўтвараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, не можа быць бязвыплатна нацыяналізавана або рэквізавана. Аднак у ім не раскрываюцца крытэрыі і ўмовы такой кампенсацыі», — тлумачыць старшыня камісіі.

Разам з тым большасць міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый, заключаных з іншымі дзяржавамі, змяшчаюць нормы, якія прадугледжваюць выплату інвестару адэкватнай і эфектыўнай кампенсацыі ў выпадку нацыяналізацыі, экспрапрыяцыі або прымянення іншых мер, дзеянне якіх непасрэдна ці ўскосна эквівалентна нацыяналізацыі або экспрапрыяцыі, а таксама вызначаюць крытэрыі такой кампенсацыі.

Таму было прапанавана ўвесці ўніверсальную норму для любых інвестараў, незалежна ад краіны паходжання інвестыцый і наяўнасці двух- або шматбаковых дагавораў. Акрамя таго, у цэлым шэрагу міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый прадугледжваецца магчымасць узаемнай адмовы дзяржаў, якія іх заключылі, ад імунітэту ў дачыненні да спрэчак з прыватнымі асобамі іншай дзяржавы.

Аналіз заканадаўства Рэспублікі Беларусь сведчыць аб тым, што пытанні, звязаныя з формамі адмовы дзяржавы ад імунітэту, урэгуляваны толькі часткова. У той жа час наяўнасць у нацыянальным інвестыцыйным заканадаўстве палажэнняў аб магчымасці адмовы дзяржавы ад юрысдыкцыйнага імунітэту заклікана павысіць інвестыцыйную прывабнасць краіны.

У сувязі з гэтым праектам прапануецца ўключыць у закон аб інвестыцыях норму аб магчымасці замацавання ў дагаворах з інвестарамі адмовы дзяржавы ад юрысдыкцыйнага імунітэту ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Але гаворка ідзе не пра безумоўную аўтаматычную адмову ад імунітэту. У кожным канкрэтным выпадку пры заключэнні канкрэтнага дагавора інвестар можа прапанаваць унесці ў дагавор такую норму, а дзяржава ў асобе адпаведных органаў можа, але не абавязана пагадзіцца з такой прапановай інвестара.

Але Уладзіслаў Шчэпаў лічыць, што гэтых мер недастаткова. Неабходна і надалей уносіць прапановы па паляпшэнні інвестыцыйнага заканадаўства.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Клімат, прыдатны для інвестара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».