22 Чэрвень, пятніца

Вы тут

АПК патрэбен фонд падтрымкі і тэхнічнае абнаўленне


Штогод у зводках навін мы чытаем пра рэкордныя ўраджаі і дасягненні ў аграпрамысловым комплексе. Значна менш — аб стратных прадпрыемствах і аб праблемах у сельскай гаспадарцы, якія, нягледзячы на ўсе намаганні дзяржавы, нікуды не зніклі. На семінары-нарадзе «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны», які адбудзецца ў хуткім часе з удзелам кіраўніка дзяржавы, плануецца падвесці вынікі і закрануць самыя вострыя пытанні. У цэнтры ўвагі будуць як поспехі, якіх сёння нямала, так і праблемы, якія трэба вырашаць хутка і зараз жа. Аб некаторых з іх карэспандэнт «МС» пагаварыў з дырэктарам Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандрам Шпаком, навукоўцам, які фундаментальна даследуе аграрную сферу краіны.


— У чым, Аляксандр Пятровіч, на вашу думку, заключаюцца асноўныя складанасці работы сельскагаспадарчай галіны нашай краіны?

— У сельскай гаспадарцы сёння назіраецца шэраг праблем сістэмнага характару. Гаворка ідзе пра тое, што згаданая галіна залежыць ад дзяржаўных датацый і, нягледзячы на сваю вялікую значнасць, усё яшчэ працуе ў рэжыме нізкай рэнтабельнасці. Патэнцыял аграрнай сферы павінен быць раскрыты куды больш эфектыўна, чым гэта ёсць цяпер. Для гэтага ў нас створаны ўсе ўмовы. Нашым інстытутам прапануецца шэраг важных крокаў на шляху да аздараўлення сельскай гаспадаркі. Адной з найбольш дзейсных мер стала б істотная дзяржаўная падтрымка з улікам патэнцыйных магчымасцяў бюджэту, а таксама абавязацельстваў па зніжэнні гэтай падтрымкі пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Што датычыцца рэальнай дзяржаўнай падтрымкі суб'ектаў нашай аграрнай галіны, то яна на парадак саступае той, якую атрымлівае заходні фермер, і ў значнай ступені можа быць павялічана за кошт пазабюджэтных сродкаў, што з'яўляецца вельмі неабходным зараз. Гаворка ідзе аб стварэнні рэспубліканскага фонду падтрымкі сельскагаспадарчых таваравытворцаў, у фарміраванні якога, мы мяркуем, павінны ўдзельнічаць не толькі асноўныя партнёры аграрнай галіны, але і прадпрыемствы іншых галін эканомікі.

— Што менавіта будзе фінансаваць гэты фонд?

— Мы разлічваем, што ён дазволіць пераразмеркаваць фінансавыя патокі на карысць сельскай гаспадаркі — частку з іх неабходна накіраваць на пагашэнне назапашаных абавязкаў у максімальна кароткія тэрміны. Гэта ў спалучэнні з актыўным прымяненнем на практыцы палажэнняў Указа Прэзідэнта № 253 «Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый» будзе спрыяць пералому ў лепшы бок існуючай сітуацыі. Нягледзячы на тое, што па выніках 2016 года колькасць стратных сельскагаспадарчых арганізацый скарацілася, тэндэнцыя павелічэння даўгоў не пераадолена, хоць тэмпы іх нарошчвання знізіліся. Важна адзначыць, што аказанне падтрымкі нашай сельскай гаспадарцы са сродкаў згаданага фонду не будзе супярэчыць патрабаванням ЕАЭС і Сусветнай гандлёвай арганізацыі, паколькі яна можа ажыццяўляцца шляхам прамога фінансавання вытворцаў сельгаспрадукцыі з выкарыстаннем мер, якія па міжнародных правілах могуць прымяняцца без абмежаванняў, што немалаважна для такой фонда- і энергаёмістай галіны, як сельская гаспадарка. Акрамя таго, рэсурсы фонду можна выкарыстоўваць для таго, каб аднаўляць сельскагаспадарчую тэхніку, якая мае высокую ступень зносу.

— Кажучы аб тэхнічным парку, як вы лічыце, на якім узроўні забяспечана галіна?

— У апошнія гады назіраецца пагаршэнне сітуацыі з забяспечанасцю асноўнымі відамі сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Асабліва насцярожвае сітуацыя, якая склалася ў 2016 годзе, калі каэфіцыент выбыцця тэхнікі перавысіў каэфіцыент абнаўлення ад 2 да 4 разоў, а па буракаўборачных камбайнах — у 16 разоў.

«За апошнія 5 гадоў парк трактароў скараціўся на 9,1 %, грузавых аўтамабіляў і збожжаўборачных камбайнаў — больш чым на 17 %. Вядома, узамен старых машын сельскагаспадарчыя арганізацыі атрымліваюць новыя, энерганасычаныя. Аднак гэта не з'яўляецца паўнавартаснай кампенсацыяй».

Выхадам з такога становішча я бачу нарошчванне паставак тэхнікі праз лізінгавыя схемы і развіццё другаснага рынку сельскагаспадарчых машын. Мэтазгодна таксама правесці аптымізацыю вытворчых праграм сельскагаспадарчых арганізацый пад існуючы парк тэхнікі. У цэлым жа тэхнічны патэнцыял сельскай гаспадаркі патрабуе больш высокіх тэмпаў яго абнаўлення.

— Наколькі сёння можна рэалізаваць сваю ініцыятыву ў вёсцы? Якія вы бачыце перспектывы?

— Сёння вёска — літаральна вялікае поле для дзейнасці. Акрамя сельскагаспадарчай вытворчасці, ёсць шмат іншых кірункаў для развіцця бізнесу: захоўванне, перапрацоўка і збыт сельскагаспадарчай прадукцыі, сельскі турызм, вясковы гандаль, народныя промыслы і рамёствы, бытавое і сацыяльна-культурнае абслугоўванне сельскага насельніцтва, аказанне кансультацыйных паслуг па ажыццяўленні сельскагаспадарчай дзейнасці, нарыхтоўка і перапрацоўка дзікарослых пладоў і ягад, лекавых раслін, нарыхтоўка і апрацоўка драўніны, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, будаўніцтва, транспарціроўка грузаў, пасажырскія перавозкі... І гэта яшчэ не ўвесь спектр! Адным жыццё ў вёсцы здаецца раем, іншым — не па душы. Я думаю, што галоўная матывацыя, якая пераканала б маладых людзей заставацца і працаваць у вёсцы, — гэта сямейныя традыцыі, любоў да ўласнай зямлі, роднай прыроды. Бо калі чалавеку не мілае ўсё, што вакол, ніякія матэрыяльныя спакусы яму гэтага не кампенсуюць. У адпаведнасці з нормамі Дэкрэта № 7 арганізаваць малы і сярэдні бізнес на вёсцы стала значна прасцей. Прыбытковым можа быць выязны гандаль. А калі вы ўмела ведзяце дапаможную гаспадарку, якая дае значна больш малака, тварагу, агародніны, садавіны, яек, чым вы можаце самі выкарыстоўваць, то можна атрымліваць добрыя даходы ад продажу лішкаў на рынку або нарыхтоўчым арганізацыям. Зразумела, што не кожны псіхалагічна здольны займацца індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю (як сцвярджаюць сацыёлагі, толькі каля 5 % насельніцтва). Можна проста добра працаваць у буйным калектыўным бізнесе, быць уладальнікам пэўнай долі капіталу ў карпаратыўных структурах, удзельнічаць у кіраванні і размеркаванні прыбытку арганізацый. Гэты кірунак дзейнасці ў аграрнай галіне з'яўляецца адным з вызначальных з пункту гледжання дадатковай матывацыі ўдзелу сельскіх працаўнікоў. Менавіта гэта павінна знайсці адлюстраванне ў рашэннях на будучым семінары-нарадзе з удзелам кіраўніка дзяржавы.

— Калі казаць пра семінар-нараду, прысвечаную развіццю вёскі, — якія вашы чаканні і, быць можа, прагнозы вынікаў?

— Заяўленая тэматыка семінара-нарады «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны» актуальная. На ёй, мяркую, гаворка будзе весціся пра дасягненні сельскагаспадарчай галіны. Нягледзячы на складанасці, яны значныя і бясспрэчныя. Дасягнутыя вынікі прызнаюцца таксама сусветнай супольнасцю.

Наша дзяржава па ключавых экспартных пазіцыях уваходзіць у топ-20 краін — экспарцёраў харчавання і па пяці асноўных відах сельскагаспадарчай прадукцыі — у першую дзясятку.

На нарадзе будуць падведзены вынікі работы аграрнай галіны за мінулы год, які ў асноўным быў паспяховы. Атрымалі нядрэнны ўраджай сельскагаспадарчых культур, павялічылася прадукцыйнасць жывёлы. Выраслі аб'ёмы сельскагаспадарчай вытворчасці, як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. На семінары-нарадзе акцэнт будзе зроблены таксама на неабходнасці павышэння эфектыўнасці аграрнай галіны. Таму вельмі пажадана, каб гэты форум стаў пераломным у развіцці айчыннай аграрнай галіны з пункту гледжання павышэння яе эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці. Гаворка тут ідзе не толькі пра значнасць паўсядзённай высокапрадукцыйнай працы вяскоўцаў. Не менш важна таксама — на аснове аб'ектыўнай і непрадузятай ацэнкі сітуацыі — намеціць фінансавыя і эканамічныя мерапрыемствы, рэалізацыя якіх палепшыць сельскую гаспадарку. Лічу, што прыярытэтнымі і эфектыўнымі зараз з'яўляюцца кіраўнічыя рашэнні эканамічнага характару. Яны, перш за ўсё, павінны быць накіраваны на паскоранае фінансавае аздараўленне сельскагаспадарчых арганізацый і павышэнне матывацыі працы занятых у сельскагаспадарчай вытворчасці работнікаў, кіраўніцкага персаналу.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Астравец: як будуецца горад энергетыкаў

Астравец: як будуецца горад энергетыкаў

Пуск першага энергаблока Беларускай АЭС плануецца на канец 2019 года.

Грамадства

Што могуць рэгіёны?

Што могуць рэгіёны?

Савет Рэспублікі працягвае выязныя пасяджэнні ў абласцях. Парламентарыі наведалі Гродзеншчыну.

Грамадства

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»

Медыяпраект «Мая малая Радзіма, або Чаму я стаў педагогам?» запусцілі ў БДПУ.