Вы тут

У Кіраўскім раёне будуецца ферма новага пакалення


Адкрытае акцыянернае таварыства «Світанак» імя К. Арлоўскага — гаспадарка шматпрофільная. Вырошчваюцца яблыкі, агуркі, бульба, буракі, збожжавыя, кукуруза, нават рыбу разводзяць. Але акцэнт зроблены на жывёлагадоўлю. Ужо сёння тут надойваюць па 6,5 тысячы тон малака на карову, але гэта не мяжа. Новая ферма дасць магчымасць павысіць гэты паказчык як мінімум на тысячу. А заадно яшчэ больш загрузіць біягазавую ўстаноўку, якая тут працуе. Гэта будзе магутны комплекс з замкнутым цыклам. Да пачатку верасня ферму ўжо збіраюцца ўвесці ў эксплуатацыю. У нашага карэспандэнта была добрая магчымасць пагутарыць з кіраўніком гаспадаркі, а заадно паназіраць за ходам будаўніцтва.


Кі­раў­нік  гас­па­дар­кі Аляк­сандр Ба­гель.

Відавочная выгада

Задумка стварыць у вобласці ферму, на прыкладзе якой будуць дэманстравацца найлепшыя дасягненні ў сферы сельскай гаспадаркі, даўно лунала ў паветры. «Світанак» падышоў для гэтага з усіх бакоў. І ў першаю чаргу дзякуючы біягазавай устаноўцы, якая тут функцыянуе. Але зараз яе магутнасці выкарыстоўваюцца на 75 %. Новая ферма будзе пастаўляць на ўстаноўку каля 30 % арганічных угнаенняў, якія па тэхналогіі адпавядаюць усім існуючым патрабаванням. З кароўнікамі ўстаноўка будзе злучацца спецыяльнымі калектарамі.

— Выгада відавочная, — запэўнівае дырэктар гаспадаркі Аляксандр Багель. — Ферма разлічана на 768 галоў дойнага статка, але з улікам цялят там будзе знаходзіцца больш чым 1000 галоў. Увесь гной ад статка пойдзе на перапрацоўку, а ўзамен ферма атрымае цяпло, якое ўтвараецца ад работы рухавікоў устаноўкі. Нам не прыйдзецца будаваць для абагрэву даільнага аддзялення спецыяльную кацельную.

Больш цывільнымі стануць і ўмовы працы для абслуговага персаналу. Самы галоўны плюс кіраўнік бачыць у тым, што атрымаецца, нарэшце, пазбавіцца ад нязручнай даільнай ямы, у якую даяркам прыходзілася спускацца, каб падаіць карову. Пра гэта на новай ферме можна будзе канчаткова забыць.

—Такой даільнай залы ў Магілёўскай вобласці адназначна нідзе пакуль няма, — кажа Аляксандр Іванавіч. — У ёй абсалютна ўсё будзе аўтаматызавана. Абсталяванне самае перадавое, еўрапейскай фірмы «ДэЛаваль».

Першая чарга МТФ уводзіцца ўжо ў лютым, у канцы сакавіка — пачатку красавіка — другая, цалкам комплекс будзе здадзены ў ліпені—жніўні. Але камплектацыя жывёламі пачынаецца ўжо з лютага.

Аб'ект будуецца з дапамогай дзяржавы, яго кошт больш за 10,5 мільёна рублёў. Акрамя двух кароўнікаў, узводзіцца даільна-малочны блок, радзільнае аддзяленне, блок дапаможных памяшканняў, адкрыты і крыты прафілакторыі для маленькіх цялят, станцыя перапампоўвання сцёкаў, дапаможныя памяшканні.

Вопыт пераймалі за мяжой

— Што датычыцца фермы, то мы збіраемся выкарыстаць тут самыя сучасныя тэхналогіі, якія бачылі і ў Беларусі — на перадавых комплексах, і за мяжой, — расказвае Аляксандр Багель. — Я разам з нашымі спецыялістамі і будаўнікамі некалькі разоў выязджаў у Польшчу, Калінінградскую вобласць, Рыгу, глядзелі прынцып дзеяння, асноўныя элементы, якія на падобных фермах выкарыстоўваюцца. Гэта зусім іншы ўзровень! Тут табе і цёплая падлога, і новыя падыходы ў даенні, і зусім іншыя ўмовы ўтрымання жывёл.

«Калі мы хочам павысіць вытворчасць малака, нам трэба гэта ўкараняць паўсюдна. Наша ферма стане пляцоўкай, дзе будуць адпрацоўвацца найноўшыя тэхналогіі. Каб усе бачылі, у якім кірунку трэба рухацца. У Горках на базе вучэбнай гаспадаркі таксама ёсць перадавая ферма. Але ў нас будзе частка новых момантаў, якіх там няма».

Кадравае пытанне ў гаспадарцы прапрацавалі загадзя: падрыхтаваны спецыялісты, якія ўжо цалкам гатовы прыступіць да работы ў новых умовах. У асноўным гэта свае работнікі, якія ў сельскай гаспадарцы не першы год і вопыту ім не займаць. Дадаткова ствараюцца і новыя працоўныя месцы. Стаўка робіцца на маладых спецыялістаў, але найбольш перспектыўных. Праца на новай ферме прэстыжная, трэба, каб і кадры былі на ўзроўні. Умовы для іх тут таксама ствараюцца — па суседстве з новай фермай поўным ходам ідзе будаўніцтва трох новых жылых дамоў.

У ка­роў­ні­ку № 1 ідзе кам­плек­та­цыя аб­ста­ля­ван­ня.

Працуем у тры змены

Работа на будаўнічай пляцоўцы кіпіць, будаўнікі з Магілёва і Кіраўска не прыпыняюць яе нават ноччу. Усё павінна быць здадзена ў тэрмін. Вялікія ангары, траншэі, горы пяску — да завяршэння будаўніцтва яшчэ некалькі месяцаў, але ўжо можна ўявіць сабе, якой будзе новая ферма. Знаёміцца з аб'ектам дапамагаюць намеснікі дырэктара Аляксандр Сухадольскі і Наталля Шапавалава. Насупраць ангара, дзе будзе кароўнік № 1, агароджаныя пляцоўкі. «Гэта сіласныя ямы для закладкі корму для кароў, — тлумачыць Аляксандр Мікалаевіч. — Побач размесціцца кормапрыгатавальная. Цагляны будынак з боку кароўніка — радзільнае аддзяленне. У перспектыве пабудуем цялятнік — для маладняку да 90 дзён».

Намеснік дырэктара ўводзіць у курс, як будуць функцыянаваць дапаможныя памяшканні, адкуль і куды павінны перамяшчацца каровы, як праводзіцца поўны цыкл узнаўлення статка. Яшчэ адзін цагляны будынак — гэта той самы малочны блок, дзе паставяць сучаснае еўрапейскае абсталяванне. З яго дапамогай ёсць магчымасць яшчэ вышэй падняць якасць малака і яго аб'ёмы. Наогул, тут прадумана ўсё да дробязяў. Робіцца так, каб сэканоміць сродкі і паскорыць працэс.

— Пляцоўка для новай фермы выбрана з такім разлікам, каб была сувязь не толькі з біягазавай устаноўкай, але і з астатнімі аб'ектамі гаспадаркі, — кажа Аляксандр Сухадольскі. — Адсюль бліжэй і да фермаў далучанага да «Світанка» некалькі гадоў таму калгаса імя Кірава. За кошт іх цялят і кароў таксама будзем камплектаваць тутэйшы статак. З другога боку — тэхналагічная дарога яшчэ да адной фермы. Адным словам, новы аб'ект сюды напрошваўся з самага пачатку. Яшчэ калі працавалі над біягазавай устаноўкай, нямецкі праекціроўшчык казаў, што нам тут абавязкова трэба будаваць ферму. Прасцей будзе «біягаз» папаўняць, энергію забіраць, цяпло размяркоўваць.

І нават душ

Кароўнік № 1 зараз камплектуецца ўсім неабходным. Выглядае ён сапраўды па-сучаснаму. Аляксандр Сухадольскі звяртае ўвагу на прыступку перад кармушкамі. Яна зроблена для таго, каб карова пярэднімі нагамі стаяла на ўзвышшы. Па словах спецыяліста, карысць двайная. Па-першае, гной застанецца ўнізе і яго прасцей будзе прыбраць. Па-другое, карове не прыйдзецца перамяшчацца ўсім корпусам, калі па зале будзе рухацца прыстасаванне для прыбірання гною.

— Каб падняць вытворчасць малака, жывёлу трэба менш турбаваць, — тлумачыць намеснік дырэктара. — На фермах гноевыдаленне звычайна ажыццяўляецца трактарам, што вельмі нервуе кароў. Лічыцца, што пры гэтым губляецца малако. У нас замест трактара будзе выкарыстоўвацца дэльтаскрэпер — невысокая планка, якая рухаецца з хуткасцю 4 метры ў хвіліну. Каровы пры гэтым менш палохаюцца.

Стойла вельмі прасторнае, за кошт арачнай формы тут канцэнтруецца больш паветра і цыркулюе яно лепш — для жывёлы гэта таксама вельмі важна. З «ноу-хау» — вялікі светлавы «ліхтар» — акно ўздоўж столі. Зноў жа вельмі правільны падыход. Каровы любяць больш святла — гэта раз, а заадно эканоміцца электрычнасць — гэта два. Хутка ўздоўж кармавога стала з'явіцца сістэма арашэння, каб у спякоту асвяжаць кароў паветрана-водным шляхам. Сістэма, дарэчы, ужо закуплена, засталося зманціраваць.

У даільнай зале каровы таксама будуць адчуваць сябе больш камфортна. Накіроўваць іх на «працоўнае» месца, а потым назад у кароўнік будзе аўтаматычны падгоншчык жывёлы вытворчасці кампаніі «ДэЛаваль». Вельмі карыснае прыстасаванне, якое не траўмуе псіхіку каровы.

— Для жывёлы ствараюцца спрыяльныя ўмовы: нічога яе не пужае, яна не хварэе, вольна дыхае. У выніку надоі растуць, гаспадарка, а з ёй і дзяржава багацеюць. Гэта тое, да чаго мы ўсе імкнёмся, — кажуць у аграгаспадарцы «Світанак».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Яўгенія ПІШЧАЛІНА

Загаловак у газеце: З камфортам для каровы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.