Вы тут

БРСМ і Цэнтральны раён Мінска распрацавалі выбарчыя мабільныя дадаткі


Як зацікавіць моладзь прыйсці прагаласаваць? Вядома, даць усю інфармацыю ў рукі, а дакладней — у тэлефон. Напярэдадні выбараў з'явілася дзве праграмы, якія, як гавораць распрацоўшчыкі, дапамогуць разабрацца, дзе ваш участак. Пратэсціруем?


Першая, код да якой напісаў студэнт другога курса БДУІРа, называецца «Голосую!». Адкрыўшы яе, неабходна ўвесці сваю вуліцу і нумар дома. Далей — убачыце (адразу з фота), колькі кандыдатаў зарэгістравана на вашым участку. (Напрыклад, на маім — чатыры). На старонцы кожнага з кандыдатаў можна даведацца год нараджэння, месца працы і жыхарства, членам якой партыі з'яўляецца. На Яндэкс.Картах паказана месца, дзе размешчаны ўчастак для галасавання. Калі ёсць неабходнасць звярнуцца да больш дэталёвай інфармацыі пра выбары, праграма вас перанакіруе на сайт ЦВК, укладку «Выбары-2018». Акрамя таго, ёсць зваротная сувязь з распрацоўшчыкам.

З маім адрасам усё працуе добра, але вось на спробу ўвесці, напрыклад, вуліцу Петруся Броўкі, праграма не адгукаецца, не паведамляе пра памылку, а калі ўводзіш з кропкай (П. Броўкі), проста «вылятаеш». Вядома, праграмістам ёсць над чым тут папрацаваць. У цэлым жа штука карысная. Асабліва, калі дэпутаты не праяўляюць актыўнасці на месцах — дапамагае хоць бы пазнаёміцца з імі.

Каб палепшыць яе, можна было б дадаць, напрыклад, час работы ўчастка. У ідэале — яшчэ і тэзісы кандыдатаў, каб выбаршчык, зазірнуўшы ў тэлефон, мог адразу пачытаць і вырашыць, за каго ён галасуе.

Другая праграма — «Голосуй в Центральном». Ад раёна Мінска, які актыўна вядзе «твітар» і адказвае сваім падпісчыкам, можна было чакаць нешта сучаснае. І сапраўды праграма даволі простая, карысная, працуе анлайн. На этапе ўводу дамашняга адраса — калі ён няправільны ці праграма яго не распазнае — прапануе праверыць яшчэ раз ці звярнуцца да спіса, дзе ўказаны нумары і адрасы ўсіх участкаў для галасавання раёна і адпаведна тэрыторыі, да якіх яны адносяцца. Далей адразу паказвае карту з маршрутам. Калі неабходна, па спасылцы можна перайсці на Яндэкс.Карты і паглядзець, як праехаць.

Праграма добра вырашае сваю задачу: паказаць, дзе знаходзіцца ўчастак для галасавання. Але ўсё ж такі хацелася б ад яе большага — пашыраных функцый і інфармацыі, пра кандыдатаў (фота, месца працы і г. д.).

Абедзве праграмы на Google Play Market ужо маюць каментарыі і адзнакі. Першая — 3,9, другая — 4,2. Ёсць і добрыя, і негатыўныя. Напрыклад, па запісе: «Простая і зразумелая праграма. Аказваецца, мой участак пераехаў, а я і не ведала. Дзякуй распрацоўшчыкам!» — зразумела, што гэты накірунак можна развіваць, бо ён запатрабаваны. У ідэале хацелася б бачыць праграму, якая зможа даць адказ аб сваім участку не толькі мінчанам, але і ўсім беларусам. Пры гэтым было б карысна, каб, напрыклад, яна абнаўлялася да кожных выбараў: спампаваўшы аднойчы, карыстальнік заставаўся б заўсёды ў курсе.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Тэлефон у дапамогу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.