Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Сустракаюць па адзенні

У кожным населеным пункце ёсць свае славутасці і свае знакамітасці. У нашай невялічкай вёсцы гэта Пётр Іванавіч Пачынчук (светлай памяці!) — сярэбраны прызёр ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў па спартыўнай хадзьбе.

Тады, на Алімпіядзе-80, яны разам з цяжкаатлетам Леанідам Тараненкам праславілі нашу Маларытчыну, родную Беларусь і нават увесь Савецкі Саюз. Што ўжо казаць пра вёску!

У ёй, такой далёкай ад Масквы, жылі бацькі знакамітага спартсмена — дзядзька Іван і цётка Мар'я, працавітыя, шчырыя людзі. Пётр Іванавіч, калі была такая магчымасць, ляцеў да іх нібыта на крылах, дапамагаў па гаспадарцы, бо ўмеў літаральна ўсё. Ды і спрыту было не пазычаць. Але ж пры гэтым ён ніколі не закідваў трэніроўкі: штодзённыя і шматкіламетровыя кросы былі для яго надзённай патрэбай, а ў родных мясцінах — яшчэ і асалодай.

...У той яго прыезд якраз паспелі чарніцы. Дзеці, жанчыны з самага ранку кіравалі ў бліжэйшы лес, а самыя руплівыя ды заўзятыя — шыбавалі нават далей, да бароў. Ягад там было — хоць засыпся! Ну яшчэ б — ніхто не таптаў, не збіраў. Дзве збіральніцы, можна сказаць, дарваліся: дайшлі да сваіх любімых мясцін, парадаваліся ўраджаю, сталі збіраць, як раптам... Што гэта? Нарастаючы тупат ног...

Разагнуліся, задралі галовы і як не памлелі: па ледзь прыкметнай сцяжынцы да іх (?!) бег мужчына (слова «маньяк» тады не «хадзіла») у адных трусах ды майцы.

Па тым часе і для вясковых кабет гэта было б нечаканым паўсюль... А ўжо ў лесе...

Таму што канкрэтна крычалі перапалоханыя цёткі, якія праз карчы «ламануліся» да балотца, ведама толькі Богу і... нашаму алімпійскаму прызёру. Менавіта ён, Пятро Іванавіч, у тую раніцу, у сваёй прывычнай спартыўнай форме выйшаў на ранішні забег...

Перапуджаных кабет ён потым пазнаходзіў, як мог супакоіў, пазбіраў па лесе іх параскіданыя рэчы, нават па жменьцы чарніц дадаў — для маральнай кампенсацыі.

Аднак форму адзення з той пары змяніў: свае праходкі ды забегі стаў рабіць выключна ў глухім трыко.

Генадзь Мішчук,

в. Вотчына, Маларыцкі раён


Добры злодзей

...Люблю, калі да мяне прыходзіць суседка. Мы з ёй абедзве пенсіянеркі, час вольны маем, так што любім пасядзець за кубачкам гарбаты, пагаварыць.

Родам Тамара з Віцебшчыны, раней часта ездзіла туды да бацькоў, а калі маці — пасля смерці бацькі — засталася адна, забрала яе да сябе. Расказвала, як тая спачатку не магла дачакацца цёплых дзён, каб вярнуцца дамоў, як непакоілася за сваё дабро і хату, што пакінула там, і як па прыездзе старанна правярала, ці не пашасталі якія злодзеі, ці не забралі што.

На жаль, не без таго: і залазілі, і забіралі. «Вось, каб я была дома, то не адважыліся б», — казала Максімаўна ў свае амаль 90. «Ага, пабаяліся б, — смяялася Тамара і пытала, — а помніш, як спужалася сама?»

Матуля, вядома ж, помніла.

Аднойчы вечарам, выключыўшы святло, яна глядзела тэлевізар і раптам пачула, як па двары нехта ходзіць.

Што было рабіць? Прысела ля сцяны — схавалася... Вельмі баялася, каб ёй не пастукалі ў дзверы, бо ведала, што адчыняць нельга, што чужыя там (сваіх у вёсцы мала было, ды і позна ўвечары на сяло ніхто не хадзіў)...

Назаўтра, калі развіднела, Максімаўна рушыла да хлеўчыка. Здалёку ўбачыла, што замок валяецца на зямлі, прабой вырваны «з мясам», а з чатырнаццаці курачак засталося толькі сем. «Ну, дзякуй і за гэта», — падумала гаспадыня, і ўсім потым хвалілася, які ж добры ёй трапіўся злодзей: пароўну падзяліў курэй — і сабе сем узяў, але ж і ёй пакінуў.

...З расказаў Тамары і вось гэты кароткі эпізод.

Паехала яна неяк на пахаванне дальняга сваяка. Чалавек ён быў, мякка кажучы, не зайздросны, не такі, каб па ім дужа гараваць: і выпіваў, і не шкадаваў нікога ніколі... Пасля смерці такога гаспадара ўдаве, як людзі казалі, мо лягчэй нават будзе.

Але ж гэта — потым. А тады сабраліся суседзі, прыехалі сваякі, паселі ў зале. Да іх, да труны выйшла гаспадыня, акінула вокам прысутных, апусцілася на крэсла каля нябожчыка і заплакала: які-ніякі, але ж быў чалавек, а вось зараз — не будзе...

Удава шкадавала і яго, і сябе, яна плакала, а потым стала галасіць. Галоўнае — словы знаходзіла...

Яны не маглі не крануць прысутных. Глядзіш — адна з жанчынак заплакала, за ёй — другая, захлюпала носам трэцяя. «А мой жа ты сако-о-олік», — зацягнула ўдава...

У гэты момант да гаспадыні падышла адна з жанчын, што ладзілі памінальны стол.

— ...А ты ж вось ляжы-ы-ыш, — не зважала на яе гаспадыня, хоць тая ўжо нахілілася да вуха, спытала, дзе яйкі для салатаў?

— ...А яйкі на паліцы стая-я-яць, — не змяніўшы танальнасці, завяршыла сваю фразу гаротніца.

Хата скаланулася ад смеху.

Вось так спалучаецца ў жыцці добрае і дрэннае, камічнае і трагічнае.

Леакадзія Кавальчук,

г. Жодзіна

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Пацверджанне апошняй выснове — аказалася... у тым жа канверце: спадар Леанід Кавальчук паведамляў, што гэтыя суседчыны гісторыі для «Звязды», для любімай рубрыкі запісала ягоная жонка. Яна ўжо і канверт купіла, каб адправіць ліст, але... На вялікі жаль, не паспела...

Гісторыі даслаў удавец, Леанід Нічыпаравіч, адданы падпісчык «Звязды». «Буду ўдзячны, калі надрукуеце», — папрасіў ён.

Друкуем, як бачыце. Смуткуем разам і...

Яшчэ раз нагадаем, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» друкуюцца не проста так, а ў рамках конкурсу — на найлепшую. Летась пераможцамі ў ім сталі Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Кацярына Будзіловіч са Скідзеля, а таксама жыхары сталіцы Валянціна Паліканіна, Любоў Чыгрынава і Іван Гаральчук. Па просьбе чытачоў (а потым рэдакцыі) кожны з іх расказаў пра сябе. У некага атрымалася карацей, у некага...

Таму зараз толькі два «партрэты».

«Па-першае, мой віват усім, хто чытаў і чытае па-беларуску, у тым ліку — маю «Звязду», — піша спадар Іван Гаральчук. — Па-другое, шчыры дзякуй тым, каму спадабаліся мае гісторыі. Усе яны, вядома ж, былі, бо жыву ўжо досыць даўно (нарадзіўся ў часы Мікіты Хрушчова). У школу пайшоў на год раней, бо ўмеў чытаць (навучыўся ад сястры) і не хацеў адставаць ад старэйшых сяброў.

Пасля школы атрымаў спецыяльнасць экскаватаршчыка, адслужыў у войску, адвучыўся ў легендарным інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Займаў інжынерныя пасады ў сістэме Дзяржсельгастэхнікі, завода штучных крышталёў, аўтамабільнай камплектацыі. Заўсёды любіў і люблю друкаванае слова. Калі няма чытва (што рэдка бывае), — «ломка»: не ведаю, куды сябе дзець...

А да ўдзелу ў конкурсе на найлепшую гісторыю мяне падштурхнула жонка, — прызнаецца спадар Іван. — У рубрыцы «Алё, народ на провадзе!» яна першай расказала пра казла, які аднойчы «праводзіў» яе на электрычку з нашага дачнага пасёлка. А далей — пайшло-паехала: на мой погляд, дык кожнаму ёсць што расказаць...».

...«Я павінна была нарадзіцца ў мястэчку Маляцічы Крычаўскага раёна, — піша пра сябе спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска, — але яго немцы спалілі. Наша сям'я з сямі чалавек апынулася ў бежанцах у вёсцы Лапаціна, што на Мсціслаўшчыне. Там за два тыдні да майго нараджэння памёр тата. Мама моцна хварэла. У сястры Жэні быў свой маленькі сынок, а муж яе загінуў на фронце. Так што я ў гэтым горы была непатрэбнай, але ж чамусьці жыла і ў дзетдом мяне аддаваць не збіраліся, нават пасля смерці мамы...

Усе турботы пра сям'ю ўзваліла на сябе дваццацігадовая сястра Жэня. Вясной мы вярнуліся ў свае Маляцічы, выкапалі зямлянку і толькі праз два гады згарусцілі нейкую хацінку.

Сястра была ўмелай гаспадыняй, трымала нас у дысцыпліне, прывучала да працы. Гаспадарку трымалі вялікую, бо дапамагалі яшчэ адной сястры: яны з мужам, маючы траіх дзяцей, будавалі жытло ў Крычаве.

...Пасля дзесяцігодкі вучыцца не было за кім. Я паехала ва Уладзімірскую вобласць, скончыла вучылішча і працавала б прадзільшчыцай, але сталі балець ногі.

Вырашыла вярнуцца дамоў. Тут скончыла тэхнікум, выйшла замуж і такім чынам апынулася ў вёсцы Забалацце Вілейскага раёна. Муж працаваў эканамістам, я — бібліятэкарам... Завочна скончыла педінстытут і на працу ў школу хадзіла як на свята.

...Выгадавалі з мужам траіх дзяцей, увесь час трымалі гаспадарку. Словам, жылі і працавалі як людзі, як трэба (ва ўсякім разе было) на вёсцы.

Змалку не любіла, каб мяне шкадавалі, спадзявалася толькі на сябе. З мужам усё жыццё стараліся дапамагаць іншым, жылі па сродках, без даўгоў і крэдытаў.

Па натуры — я аптыміст, — у давяршэнне «аўтапартрэта» прызнаецца Любоў Міхайлаўна. — Люблю родную мову, «Звязду», трапны жарт, кнігі, добрую музыку, радуюся кожнаму дню. А чаго не люблю, дык гэта сварак і зайздрасці».

Вось такія яны — падпісчыкі «Звязды» і аўтары найлепшых гісторый.

Пра іншых пераможцаў конкурсу, а таксама пра новы склад журы — у наступных выпусках рубрыкі.

Чытайце нас па пятніцах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».