Вы тут

Прэзідэнт абмеркаваў дзейнасць Камітэта судовых экспертыз і КДБ


Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў дзве рабочыя сустрэчы з прадстаўнікамі праваахоўных структур. На іх была абмеркавана дзейнасць Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і Камітэта дзяржаўнай бяспекі.


Празрыстасць у расследаваннях

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа, адзначыў, што ў апошні час цікавіўся расследаваннем розных крымінальных спраў. «Што граху таіць, у нас яшчэ грамадства такое, што страшных крымінальных спраў дастаткова. Я маю на ўвазе звязаных перш за ўсё з забойствамі людзей, згвалтаваннямі, здзекамі з людзей, ды і іншымі цяжкімі крымінальнымі справамі. І нашы судмедэксперты — гэта цэнтральныя людзі пры расследаванні такіх крымінальных спраў. У вас на ўзбраенні самая сучасная тэхніка», — заўважыў Прэзідэнт.

Беларускі лідар падзякаваў за тое, што ў свой час была аператыўна расследавана справа па выбуху ў метро. Пры гэтым ён нагадаў, што эксперты павінны быць сумленнымі. «Не дай бог нам памыліцца пры высвятленні абставін. А яшчэ горш — сфальсіфікаваць экспертызу. Гэта катастрофа. Мы зараз удзелім гэтаму асаблівую ўвагу, кантралюючы работу вашага ведамства».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, як сам меў непасрэднае дачыненне да раскрыцця забойства, якое адбылося некалькі гадоў таму. Да Прэзідэнта звярнуўся бацька забітай дачкі з Магілёўскай вобласці. «Я папрасіў яго даслаць усе матэрыялы, якія ў яго на руках, — тлумачыць кіраўнік дзяржавы. — Ён мне даслаў. Я сеў і сам за суткі вывучыў. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ, чаго б ні каштавала, расследаваць гэту крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расіі, прывезлі ў Мінск, распачалі зноў крымінальную справу, пачалі расследаваць. Прытым я кантраляваў увесь гэты працэс. І аказалася, што ён забойца, а яго фактычна апраўдалі». Прэзідэнт адзначыў, што цяпер знойдуць тых, хто вёў следства, хто выносіў апраўдальны прысуд, бок абвінавачання і спагоняць з іх.

Штогод Дзяржаўным камітэтам выконваецца больш за 340 тысяч судовых экспертыз і даследаванняў. Дарэчы, у разы павысілася эфектыўнасць базы ДНК — у выніку летась гэта паспрыяла раскрыццю 2,2 тысячы злачынстваў. Акрамя таго, на сустрэчы з Прэзідэнтам абмеркавалі прапанову зрабіць 22 красавіка прафесійным святам — Днём судовага эксперта. Менавіта ў гэты дзень пяць гадоў таму Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні ведамства.

«Народ цярпець карупцыю не будзе»

На гэта Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на сустрэчы са старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыем Вакульчыкам. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за плённую працу ў гэтым кірунку. «Карупцыя — гэта страшная ржа, супраць якой трэба змагацца. Вельмі шкада, што некаторыя ведамствы, якія гэтым займаюцца, не выйшлі на ваш узровень. Але гэта ўжо маё пытанне. Я ўжо дацягну іх да ўзроўню эфектыўнай барацьбы, як у вас гэта функцыянуе, — падкрэсліў беларускі лідар і дадаў: — Вы працуеце і з пракуратурай, МУС, Следчым камітэтам, але ўсё-такі ў вас гэтая праца ідзе больш сумленна, з вамі не дамовішся. З вамі ні адзін злачынец — я так мяркую — не дамовіцца».

Беларускі лідар закрануў і тэму назвы ведамства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія крытыкуюць тое, што захавалася старая назва КДБ. Але саромецца няма чаго: «Мы былі часткай сістэмы, і тым не менш бязладдзя ў нас у Беларусі заўсёды было менш». На думку Прэзідэнта, Камітэт дзяржаўнай бяспекі — гэта зараз самая дакладная назва. Да таго ж вельмі важная лінія дзейнасці ведамства — разведка і контрразведка. «Гэта самыя важныя напрамкі дзейнасці Камітэта дзяржбяспекі. Вельмі востра стаіць сёння пытанне барацьбы з тэрарызмам — найважнейшы напрамак процідзеяння». Да таго ж дзяржаўная бяспека для Беларусі — эканамічная бяспека. Асноўны дзеяч у гэтай галіне — Камітэт дзяржкантролю, але КДБ таксама ўдзяляе ўвагу гэтаму кірунку.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Дзеля законнасці і бяспекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Верагоднасць угадванняна ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадванняна ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.

Грамадства

Стаўка на веды. У што верылі хлопцы і дзяўчаты 1920—30-х гадоў?

Стаўка на веды. У што верылі хлопцы і дзяўчаты 1920—30-х гадоў?

Якую ролю адыграла моладзь у эканамічным і культурным жыцці краіны.

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.