Вы тут

Працягласць жыцця ў Беларусі складае зараз 74,3 года


Працягласць жыцця ў Беларусі складае зараз 74,3 года. З такім паказчыкам наша краіна годна выглядае на фоне як еўрапейскіх краін, так і краін СНД.


Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Валерый МАЛАШКА, падводзячы вынікі работы галіны на выніковым пасяджэнні калегіі міністэрства. Ён адзначыў, што летась асноўныя мэтавыя паказчыкі выкананы, індыкатары дзяржаўных праграм і сацыяльныя стандарты дасягнуты.

— Мы здолелі захаваць на мінімальным узроўні дзіцячую смяротнасць і смяротнасць дзяцей да 5 гадоў, — адзначыў Валерый Малашка. — І гэта вельмі важны паказчык — як дзейнасці сістэмы аховы здароўя ў цэлым, так і эфектыўнасці асобных сацыяльных праграм, якія працуюць у нашай дзяржаве. Адной з праблем з'яўляецца значнае падзенне нараджальнасці. Апошнія дзесяць гадоў, дзякуючы сацыяльнай падтрымцы, удавалася захоўваць яе на неблагім узроўні, нягледзячы на скарачэнне колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Цяпер іх колькасць упала да гістарычнага з 1991 года мінімуму, што істотна паўплывала на нараджальнасць. У 2017 годзе дзяцей на свет з'явілася на 15 тысяч менш. У наступным годзе будзем вырашаць шэраг задач у гэтым кірунку, у тым ліку актывізуем перадабортнае кансультаванне і працу па планаванні сям'і, а таксама будзем прымаць шэраг рашэнняў па экстракарпаральным апладненні. У прыватнасці, будзем разглядаць, як зрабіць такія тэхналогіі для сем'яў больш фінансава даступнымі.

Сярод задач на гэты год Валерый Малашка вылучыў рэфармаванне пярвічнага звяна сістэмы аховы здароўя. Роля ўрача-тэрапеўта будзе паступова пашырацца.

— Мы ставім задачу да 2020 года трансфармаваць тэрапеўта ва ўрача агульнай практыкі, — расказаў міністр. — Ён будзе цэнтральнай фігурай сістэмы аховы здароўя. У яго з'явяцца і дадатковыя паўнамоцтвы, істотна зменіцца і нагрузка. Урач будзе працаваць у камандзе. Будзе ўведзена такая штатная адзінка, як памочнік урача. Такім чынам, урач, памочнік і медыцынская сястра змогуць забяспечваць працу першаснага звяна. Зменіцца аснашчэнне кабінета ўрача, яго дапоўніць дадатковы набор медыцынскага абсталявання, што дапаможа персаналу быць кампетэнтным у некаторых вузкіх медыцынскіх спецыяльнасцях.

Ужо ў 2018-м характэрнай асаблівасцю першаснай медыцынскай дапамогі стане спалучэнне лячэбнай і прафілактычнай працы — дыспансерызацыі і скрынінгавых праграм па анкалагічных хваробах. У адной з паліклінік быў праведзены хранаметраж, які пацвердзіў прычыны страты часу пацыентам. Найперш гэта адсутнасць аптымальнага маршруту для правядзення ўсяго комплексу неабходных медыцынскіх мерапрыемстваў. Акрамя таго, што ў бягучым годзе ва ўстановах папрацуюць над стварэннем такіх маршрутаў, таксама разгледзяць пытанне аб арганізацыі на прадпрыемствах адзінага дня дыспансерызацыі. Плануецца стварыць цэласную сістэму правядзення скрынінгу ў рэгіёнах. Кіраўнікі ўсіх узроўняў сумесна з РНПЦ анкалогіі пачнуць арганізацыю скрынінгавых цэнтраў на базе міжраённых дыспансераў і буйных устаноў.

Асаблівая ўвага ў 2018-м будзе ўдзяляцца даступнасці дыягнастычных паслуг для сельскага насельніцтва. Платныя паслугі для такой катэгорыі грамадзян павінны стаць выключэннем. Не плануецца ўводзіць дадатковую плату за медыцынскую дапамогу і тым, хто не працуе.

— У Беларусі павінен быць забяспечаны роўны доступ усіх грамадзян да атрымання медыцынскай дапамогі, — падкрэсліў Валерый Малашка, адказваючы на пытанне пра магчымае поўнае пакрыццё выдаткаў працаздольнымі грамадзянамі, якія не працуюць. — Гэта і задача сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, і даручэнне Прэзідэнта. Таму гутаркі пра пакрыццё выдаткаў ніколі не вялося.

Шэраг задач на бягучы год ставіць перад сабой Міністэрства аховы здароўя ў напрамку развіцця нацыянальнай фармацэўтычнай прамысловасці — у прыватнасці, забеспячэння поўнага кантролю за сістэмай абароту лекавых сродкаў. Заданні ліквідавання пасярэднікаў, зніжэння кошту лекавых прэпаратаў пастаўлены ў тым ліку і перад недзяржаўнымі ўстановамі, якіх сёння дастаткова на айчынным фармацэўтычным рынку.

— На працягу першага паўгоддзя мы павінны выпрацаваць тыя механізмы, якія знізяць фінансавую нагрузку на спажыўца, — падкрэсліў міністр. — У другой палове мінулага года мы выдзелілі групу з 200 лекавых прэпаратаў, цэны на якія былі вышэйшыя ў параўнанні з суседнімі краінамі. І на 117 прэпаратаў цэны ўжо зніжаныя: нам удалося дасягнуць дамоўленасці з пастаўшчыкамі. Сёння яны ёсць у аптэчнай сетцы, і спажыўцы адчулі, што гэтыя лекі сталі таннейшыя.

Міністр падкрэсліў, што абсалютна выключыць пасрэдніцтва не ўдасца, бо гэта можа прывесці да лекавага голаду ў аптэках. Спажывец у праве выбіраць з прадстаўленай лінейкі прэпараты як айчыннай, так і замежнай вытворчасці.

Валерый Малашка падкрэсліў, што летась экспарт медыцынскіх паслуг склаў 43 мільёны долараў. Нядрэнна папрацавалі на экспарт і медыцынскія адукацыйныя ўстановы, якія дадалі ў бюджэт яшчэ каля 20 мільёнаў долараў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Трансфармаваць тэрапеўта

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.