Вы тут

Купалаўскі тэатр паставіў «Рэвізора» на трасянцы


Гогалеўскі «Рэвізор», перакладзены на трасянку, — эта чысты васторг. Купалаўскі тэатр і, у прыватнасці, Мікалай Пінігін у мінулыя выхадныя прадставілі адаптаваную, хоць у цэлым адпаведную арыгіналу, бо дагэтуль актуальную, п'есу Мікалая Гогаля, якая на сцэне тэатра загучала на натуральнай сумесі рускай і беларускай моў. Апроч таго, што моўная «фішка» аказалася вельмі дарэчнай, вынаходлівай і смешнай — дзякуючы ёй гогалеўская камедыя атрымала яшчэ адзін гумарыстычны падмурак, — «Рэвізор» у Купалаўскім узбагаціўся іскрамётнымі рэжысёрскімі знаходкамі, выканаўся цудоўнымі акцёрскімі партыямі і ўзбуйнеў праз знакі сучаснасці. Тут табе і сумкі-шатландкі, і леапардавыя сукенкі, і «месяцовая паходка» Майкла Джэксана, а галоўнае — надзвычайная паралель з рэальнасцю. Карацей, спектакль чудзесны.


Яшчэ да прэм'еры будучая пастаноўка атрымала выдатную рэкламу, хоць як такога наўмыснага ўсюдыіснага піяру, здаецца, не арганізоўвалася. Але ў прасторы толькі і размоў было, што пра новы спектакль у Купалаўскім, які рыхтуецца быць на трасянцы. І, трэба сказаць, гэта спрацавала. І не расчаравала, бо ўсе тры гадзіны спектакля ты смяешся, а калі не смяешся — зачароўваешся тымі дзеяннямі і гукамі.

Усё атрымалася ў найлепшых традыцыях найлепшага тэатра, што ў найлепшыя часы жыва і хутка рэагаваў на сучаснасць і перакладаў яе на мастацкія формы. На падмостках гучалі актуальныя жарты, бачыліся відавочныя адсылкі, ствараліся іранічныя сюжэты, а для публікі ў гэтым хавалася галоўная спакуса, бо ў тэатр яна прыходзіла, як на форум для абмеркавання. «Рэвізор» Мікалая Гогаля, на жаль, усё яшчэ застаецца ўзорам актуальнай камедыі, але «Рэвізор» Мікалая Пінігіна атрымаўся яшчэ больш прыцягальным: пры ўсёй безумоўнай дастатковасці чыстага тэксту п'есы пастаноўка ў Купалаўскім праз свае адаптацыі стала жывой і менавіта сучаснай, а не вечнай.

Як памятаем, у п'есе Гогаля Гараднічы збірае сваіх калег — чыноўнікаў, кожны з якіх мае свае «грашкі», — і паведамляе, што, згодна з канфідэнцыяльнай інфармацыяй, да іх накіроўваецца рэвізор. За рэвізора яны прымаюць сталічнага госця ў мясцовым гатэлі Хлестакова, які на гэты момант прасадзіў усе грошы, пачаў жыць у крэдыт і адчуў галодную нястачу. На шчасце для Хлестакова, чыноўнікі горада, наскрозь карупцыянеры, адзін за адным сталі прыносіць яму хабар, што малады чалавек спачатку прымае як даванне ў пазыку. Фантазіі чыноўнікаў падагрэла і п'янае трызненне Хлестакова, які перад дамамі — жонкай і дачкой Гараднічага — стаў хваліцца сваімі сувязямі і багатымі вечарынамі, якія насамрэч выдумаў. У выніку галоўны герой сабраў са ўсіх грошы, напісаў ліст сябру ў сталіцы, паабяцаў дачцэ Гараднічага ажаніцца і з'ехаў. Мары Гараднічага аб жыцці ў сталіцы і пакланенні яго высокаму чыну перапыніла чытка ліста Хлестакова і з'яўленне сапраўднага рэвізора.

У Купалаўскім ужо сам пачатак — нетыповы. Гараднічы, каб паведаміць калегам хвалюючую навіну, запрашае іх у лазню, дзе і пачынаецца дзеянне. Цягам усяго спектакля, дарэчы, пастаноўка абыходзіцца мінімальнымі, амаль аскетычнымі, дэкарацыямі, у якіх заўсёды дарэчна выдзяляюцца пэўныя элементы. Выкшталцоныя жырандолі, на адной з якіх Хлестакоў уздымаецца, гэта значыць «узвышаецца», над іншымі. Альбо ванна ў класічным стылі, патрэбная для ўвогуле цудоўна абыгранай сцэны з хабарамі: «рэвізор» прымае ванну, а кожны новы госць прыходзіць і падлівае яму ваду — улагоджвае. Аранжавыя будаўнічыя каскі спатрэбіліся для выдатнай паралелі з «аглядамі» дасягненняў: мясцовыя чыноўнікі стройнымі радамі з планам у руках паказваюць Хлестакову свае аб'екты. Сваю ролю сыгралі і леапардавыя сукенкі, у якіх эфектна з'яўляюцца жонка і дачка Гараднічага, паказваючы вульгарную безгустоўшчыну.

Трасянка, дарэчы, у спектаклі застаецца ўласцівасцю ў першую чаргу чыноўнікаў і ў нейкай ступені, напэўна, правінцыялаў. Толькі адзін персанаж — канешне ж, Хлестакоў са сталіцы — застаецца «ў трэндзе» і размаўляе на прыгожай літаратурнай беларускай мове. У гэтым імпэце — прымусіць персанажаў спектакля размаўляць на трасянцы — можна ўбачыць іронію, але яна не выгладае першамэтай. Руска-беларускі сплаў тут выкарыстоўваецца з нейкай паблажлівасцю, калі не любоўю. Прыкладна як у выбухной кнізе «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, якую Купалаўскі тэатр ужо плануе выкарыстаць у будучым рэпертуары.

Шмат элементаў — у антуражы, у абыгрыванні, часам у інтанацыі (жонка Гараднічага мяняе манеру гаварыць, калі думае, што праз замужжа дачкі з'едзе ў сталіцу) — своеасабліва перадаюць ужо закладзеныя ў п'есу сэнсы альбо ствараюць дадатковыя, якіх у Гогаля не было. І гэта смешна, дарэчна, вынаходліва. Чыноўнікі, якія размаітымі спосабамі ўлагоджваюць Хлестакова, п'янага яго нясуць быццам у труне, выдаючы жаданае за рэальнае. А галоўным дадатковым сэнсам стала канцоўка — крыху працягнуты гогалеўскі сюжэт, які паказаў, што стала з Гараднічым і чыноўнікамі, калі ім абвясцілі аб прыездзе рэальнага рэвізора. Анёлкі вымелі іх нежывыя целы, што ўласна мне падаецца ўдалай гіпербалай і вельмі тонка іранічным і зразумелым фіналам. Хоць і не такім смешным, як у арыгінале.

Мікалай Пінігін свайго «Рэвізора» цудоўна вытрымаў у іскрамётным камедыйным кірунку ажно да другой паловы другога акта, калі гледачу прыходзіцца разняволіцца і аддацца прамовам. Глядзець новую пастаноўку Купалаўскага тэатра можна ўжо толькі дзеля задавальнення, праўда, вы выйдзеце з тэатра і зразумееце, што спектакль... працягваецца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Хлестакоў прымае ванну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?