01 снежня, аўторак

Вы тут

У Мінску адкрылася першая экспазіцыя Гільдыі керамістаў


Старажытнае мастацтва керамікі на працягу тысячагоддзяў ішло з чалавецтвам плячо ў плячо. У адрозненне ад іншых відаў творчасці яно не забывалася на практычнасць дзеля знешняй эфектнасці, а ў сваім развіцці арганічна спалучала дэкаратыўны і ўтылітарны пачаткі. Пачэснае месца кераміка займае і ў беларускай культуры, як традыцыйнай, так і сучаснай. Менавіта таму ўтварэнне грамадскага аб'яднання «Беларуская гільдыя керамістаў» у канцы лістапада стала значнай падзеяй у нашай культурнай прасторы. Новая суполка амаль адразу зладзіла першую выстаўку, і цяпер з творчасцю беларускіх керамістаў можна пазнаёміцца на адмысловай экспазіцыі «Між рукамі і полымем» у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».


Таццяна Уруціна. «Камунікацыі».

Старшыня Беларускай гільдыі керамістаў Святлана Цап расказала, што ідэя стварыць саюз з'явілася яшчэ ў 2014 годзе падчас фестывалю «Кераміка Крэва». Наступным штуршком для ўз'яднання стаў удзел у праграме Еўрасаюза «Мост», якая дапамагла знайсці блізкіх па духу людзей у розных кутках Еўропы. Вызначальным аказалася падарожжа групы майстроў у Італію: пасля яго тэма ўтварэння гільдыі была ўзнятая ізноў, давялося прааналізаваць свае рэсурсы і магчымасці. Керамісты імкнуліся да юрыдычнай абароненасці, мелі патрэбу ў грантах і прэміях, якія цяжка атрымаць самастойна: творцам патрэбны вольны час на ўдасканальванне свайго майстэрства. «Быў момант, калі мы ледзь не аб'ядналіся з Беларускай гільдыяй майстроў і рамеснікаў, але адчулі, што здолеем арганізаваць асобны саюз», — падзялілася Святлана Цап.

У першую чаргу аб'яднанне з'явілася дзеля таго, каб дапамагчы беларускаму керамічнаму мастацтву і керамістам у пошуках далейшых шляхоў развіцця. Адсюль вынікаюць розныя напрамкі дзейнасці: гэта і стварэнне новых навучальных устаноў для падрыхтоўкі керамістаў, і арганізацыя спецыялізаваных выставак і фестываляў, і ўсялякая падтрымка сяброў саюза. Сярод мэт гільдыі асобным пунктам пазначана стварэнне беларускага «Музея керамікі», якога ў Мінску дагэтуль няма.

— Ступень успрымання нашага мастацтва залежыць ад таго, наколькі актыўна людзі звяртаюцца да яго ў паўсядзённым жыцці. Трэба падымаць агульны ўзровень спажыўца, таму асноўная місія гільдыі — рабіць так, каб людзі ўлюбіліся ў кераміку, выкарыстоўвалі ўтылітарныя прадметы высокай якасці, — сцвярджае Святлана Цап. — Хацелася б зрабіць беларускую кераміку брэндам, які мае павагу і пакупніка за межамі краіны.

«Геаметрыя формы. Бычок» Сяргея Моўчана.

Пасля першай сумеснай выстаўкі можна сказаць, што творчае аб'яднанне спраўдзілася. Экспазіцыя «Між рукамі і полымем» прадэманстравала гледачам набыткі беларускіх керамістаў, разнастайнасць і шматграннасць іх мастацтва. Арганізацыя вельмі дэмакратычная: у сценах галерэі «Універсітэт культуры» знайшлося месца як для работ прызнаных майстроў, выкладчыкаў, членаў Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, так і для арт-аб'ектаў, створаных рукамі таленавітых маладых аўтараў.

Члены Гільдыі керамістаў пастараліся зацікавіць наведвальнікаў экспазіцыі, зрабіць сваё мастацтва зразумелым для спажыўца, таму ў межах выстаўкі ладзяцца творчыя сустрэчы і майстар-класы па ганчарстве, лепцы з гліны, роспісе керамічных вырабаў.

Убачыць дасягненні айчыннай керамікі на ўласныя вочы можна да 8 лютага.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Вікторыі АСКЕРА

Загаловак у газеце: Згуртаваныя полымем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што мяняецца з 1 снежня

Што мяняецца з 1 снежня

Вырасце памер пенсiй: па ўзросце, за выслугу гадоў, па iнвалiднасцi, з прычыны страты кармiцеля. 

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Пра гэтыя i iншыя прапановы ў законапраект аб валанцёрскай дзейнасцi разважалi эксперты падчас круглага стала.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава.