Вы тут

Таямніцу ўсынаўлення можа адкрыць толькі сам усыноўлены


Мой бацька — прыёмны сын у сваіх бацькоў (маіх бабулі і дзядулі). Ці маю я права даведацца, хто яго біялагічныя бацькі, гэта значыць мае кроўныя бабуля і дзядуля? Ці не супярэчыць гэта таямніцы ўсынаўлення? Калі такое права замацавана заканадаўствам і куды мне звяртацца?

Дар'я К., г. Мінск


На пытанне адказвае Алена СЕМЯНЮК, кансультант упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Атрымаць звесткі пра ўсынаўленне вашага бацькі можа толькі асабіста ён. Ніякім іншым асобам такая інфармацыя, згодна з заканадаўствам, не даецца.

Пасля ўсынаўлення паміж усынавіцелем (усынавіцелямі) і яго (іх) сваякамі з аднаго боку і ўсыноўленым дзіцем з другога ўзнікаюць такія ж правы і абавязкі, як і паміж бацькамі і дзецьмі, а таксама іх сваякамі па паходжанні. Усыноўленае дзіця фактычна і юрыдычна становіцца членам сям'і ўсынавіцеляў, лічыць іх сваімі кроўнымі сваякамі. Менавіта з гэтай прычыны таямніца ўсынаўлення ахоўваецца законам.

Пытанні таямніцы ўсынаўлення рэгламентуюцца ў артыкуле 136 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і (далей — Кодэкс). Згодна з ім, суд, які вынес рашэнне аб усынаўленні дзіцяці, службовыя асобы, якія здзейснілі рэгістрацыю ўсынаўлення, а таксама асобы, тым ці іншым чынам праінфармаваныя пра ўсынаўленне, абавязаны захоўваць таямніцу ўсынаўлення дзіцяці.

Паведамляць якую-небудзь інфармацыю, выдаваць копіі рашэнняў суда, дакументы і (ці) даведкі, дзе змяшчаюцца звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану, па якіх можна зразумець, што ўсынавіцелі не з'яўляюцца кроўнымі бацькамі ўсыноўленага, забараняецца. Дазвол на такія дзеянні можна атрымаць са згоды ўсынавіцеляў, а ў выпадку іх смерці — са згоды органаў апекі і папячыцельства.

Усынаўленне як юрыдычны акт параджае прававыя наступствы, пра што сведчыць артыкул 134 Кодэкса. Усыноўленыя дзеці і іх патомства ў дачыненні да ўсынавіцеляў і іх сваякоў прыраўноўваюцца ў асабістых немаёмасных і маёмасных правах і абавязках да сваякоў па паходжанні. Разам з тым малыя, якіх усынавілі, губляюць асабістыя немаёмасныя і маёмасныя правы і вызваляюцца ад абавязкаў у дачыненні да сваіх бацькоў (сваіх сваякоў).

Усыноўленае дзіця па дасягненні свайго паўналецця (18 гадоў) або ў выпадку набыцця дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме мае права атрымаць звесткі пра сваё ўсынаўленне. Для гэтага яму трэба звярнуцца ў суд, які вынес рашэнне аб усынаўленні. Пра сваё ўсынаўленне чалавек можа даведацца таксама, звярнуўшыся па месцы знаходжання запісу акта аб усынаўленні ці ў орган апекі і папячыцельства па месцы жыхарства ўсынавіцеляў.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых устаноў мы будзем шукаць на іх адказы.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...