Вы тут

Што адбываецца на дыскатэцы «для тых, каму за ...»


Як спявае Верка Сярдзючка ў вядомай песні, якая стала негалосным гімнам усіх моцных і незалежных, «нават калі вам крыху за 30, ёсць надзея выйсці замуж за прынца...» Надзея, можа быць, і ёсць, а вось месцаў, дзе таго самага прынца можна сустрэць, не так шмат. А адказ напрошваецца сам сабой: лягчэй за ўсё знаёмствы завязваюцца менавіта ў танцы. Але ў нас чамусьці да гэтага часу не выкрыты стэрэатып, што дазволіць сабе «пайсці ў скокі» не па строга вывераных датах можа толькі моладзь. Лічбы ў пашпарце перайшлі на чацвёрты дзясятак? Прыйдзецца цярпліва чакаць юбілеяў ці чужых вяселляў. Мы вырашылі паглядзець на тых, хто з такім меркаваннем катэгарычна не згодны, і адправіліся на так званы вечар адпачынку.


Жанчыны — «у баявой гатоўнасці», мужчыны — у світарах

Субота, на гадзінніку каля васьмі вечара — людзей, гатовых акупаваць танцпол, практычна няма. Першымі з'яўляюцца або самыя адказныя, або самыя нецярплівыя: прыходзяць і пачынаюць займаць свабодныя столікі ці канапы. Адразу кідаецца ў вочы, наколькі ў мужчын і жанчын адрозніваецца ўяўленне пра тое, які дрэс-код найбольш дарэчны на такім мерапрыемстве. Жанчыны ўспрымаюць дыскатэку як свята: прыгожая сукенка — часцей за ўсё якая падкрэслівае формы і абавязкова мае бліскучыя ўстаўкі, — яркі макіяж і прычоска, на якую патрацілі не менш як паўгадзіны, многія бяруць з сабой туфлі на высокіх абцасах. У мужчын усё значна прасцей: світар як універсальнае «абмундзіраванне», як той казаў, і ў баль, і ў свет... Адрозніваецца не толькі знешняе аблічча, але і тое, у якой кампаніі часцей за ўсё прыходзяць прадстаўнікі рознага полу. Жанчыны вельмі рэдка з'яўляюцца на дыскатэцы без падтрымкі, звычайна гэта кампанія «дзяўчат» — так яны самі называюць сябе, — весела хіхікаючы і падбадзёрваючы адна адну. Мужчыны ж, як сапраўдныя паляўнічыя, лічаць за лепшае адпраўляцца на вечар у адзіноце. Напэўна, каб не паставіць пад сумнеў мужчынскае сяброўства, сышоўшыся ў паядынку за ўвагу прыгожай дамы.

Праз гадзіну залу не пазнаць. Больш за сотню мужчын і жанчын, пакінуўшы на ўваходзе бытавыя праблемы, складанасці ва ўзаемаадносінах з дарослымі дзецьмі, думкі аб коштах на камуналку і прадукты, бесклапотна танчаць пад сучасныя хіты. Іх энергічнасці можна пазайздросціць: ніякіх там «двух прытопаў, трох прыхлопаў», некаторыя па не рызыкнуць паўтарыць і многія дваццацігадовыя. Так, напрыклад, адзін танцор, нібы ў рэкламе аб даўгавечнасці батарэек, не перастаючы скача хвілін 10 запар. Вакол яго міжвольна ўтвараецца кола, з якога ён па чарзе запрашае сабе ў пару то адну, то другую жанчыну.

Частка танцораў, якіх адразу заўважаеш у запоўненай зале, рухаюцца як адчуваюць, шчыра аддаючыся гэтаму занятку. У іншых жа разняволенасць і арыгінальнасць рухаў напрамую залежыць ад частаты падыходаў да бара. Дарэчы, меню ў ім даволі аскетычнае: у адрозненне ад клубаў, якія фарсяць адзін перад адным барменамі, што прайшлі навучанне на модных замежных курсах, тут такія навыкі не патрабуюцца. Кактэйляў усяго тры, прычым усе яны складаюцца з двух інгрэдыентаў — затое не будзе нечаканых эфектаў. І ўсё ж самай вялікай папулярнасцю карыстаюцца два напоі: шампанскае — для весялосці, і гарэлка, да якой падаюць долькі лімона, — для таго самага разняволення. Але тых, хто праводзіць вечар каля бара, тут практычна няма. Хіба што некаторыя мужчыны выкарыстоўваюць гэта месца як зручную пазіцыю для знаёмства.

«Сакрэтнае» танцавальнае меню

Пакуль мы вывучаем абстаноўку, паспяваем між іншым атрымаць некалькі прапаноў патанчыць, пасядзець разам за столікам і нават пайсці праветрыцца на вуліцы. Адмовы мужчыны ўспрымаюць спакойна, не навязваюцца, мабыць, ведаючы, што на кожны гаршчок знойдзецца сваё вечка. Тым больш што яны якраз у краме керамікі...

Некаторыя адкрыта пытаюцца, як мы тут апынуліся? І сапраўды, да 25 гадоў даволі складана згубіцца ў натоўпе, дзе сярэдні ўзрост 40+. Якраз у гэтай адасобленасці ад моладзі і хаваецца асноўнае хараство такіх вечарынак: ніхто не пасмяецца ні з музыкі, ні з манеры танцаў, ні з самога жадання гэта рабіць.

Дарэчы, пра плэйліст. Прымушае натоўп рухацца ў адным рытме дыджэй Юрый, якога можна назваць сапраўдным старажылам. Ён працаваў на гэтай дыскатэцы яшчэ ў першыя гады пасля адкрыцця, а было гэта, між іншым, у пачатку 2000-х. Потым былі пературбацыі і ў лёсе вечароў — некаторы час яны не праводзіліся, — і ў жыцці самога Юрыя, але зараз усё вярнулася на кругі свае. Дыджэй прызнаецца, што калі зноў прыйшоў сюды на працу, заўважыў на танцполе не адзін знаёмы твар. Людзі наведваюць танцы дзесяцігоддзямі, бо лічаць іх найлепшым спосабам, каб адпачыць, шмат хто ўжо добра знаёмыя адзін з адным — такая кампанія сяброў на 150 чалавек.

Папулярнасці дыскатэцы надае разнастайнасць музыкальных стыляў. Па словах Юрыя, у яго ёсць свой сакрэт танцавальнага меню. На «закуску» ідзе дыска 80-х, якое змяняецца «першым», прыгатаваным з хітоў 90-х — «Алегравы і кубкі кофію», такую назву гэтая музычная частка атрымала ад дыджэя. Асноўная страва — сучасныя песні з «гарнірам» з рэміксаў на быццам бы нестарэючыя хіты тых жа гуртоў «Рукі ўгору» і «Ласкавы май». На дэсерт — сучасная апрацоўка старой добрай савецкай класікі.

— Песні можна заказваць, галоўнае, каб яны прайшлі мой «краш-тэст», — усміхаецца Юрый. — Напрыклад, шансон я наўрад ці адобрыў бы, песні, дзе ёсць ненарматыўная лексіка, таксама не падыдуць. Хоць тыя ж «Лабутэны» ідуць на ўра, балазе там няшмат нецэнзурных выразаў і я іх зацёр. Нядаўна быў выпадак, што да мяне падышла адна асоба і сказала, што я стаўлю песню, якая абражае ўсіх жанчын. Сам бы я ніколі не здагадаўся, што за кампазіцыю яна мае на ўвазе. Аказалася, гаворка пра сучасны хіт «Давай зоймемся каханнем» Макса Барскіх. Прыслухаўся да меркавання народа, больш яе не ўключаю.

Тым часам канчаецца павольная кампазіцыя, якую ўсмешлівы дыджэй уключыў на час нашай размовы, а значыць, яму пара вяртацца да пульта. «Я люблю цябе да слёз» Сярова змяняецца больш энергічным прызнаннем у каханні ад Стаса Міхайлава, а потым і ўвогуле песняй Despacіto, якая гэтым летам узарвала танцполы па ўсім свеце.

«Для мяне гэта адзіная фізнагрузка за тыдзень»

Злёгку стаміўшыся ад энергіі, што бушуе паблізу, выходзім падыхаць на лесвіцу.

— Дзяўчаткі, чаго не танцуеце? — смеючыся, пытаецца жанчына ў ярка-чырвонай сукенцы з памадай у тон. Яе жаданне пагутарыць падтрымлівае сяброўка ў правакацыйным міні. На самай справе, у некаторыя моманты складваецца ўражанне, што многія прыходзяць сюды менавіта за нефармальнымі зносінамі, прычым пол і ўзрост суразмоўніка значэння не маюць.

— У мяне вельмі сур'ёзная праца, я на ёй жудасна стамляюся. Таму ў выхадныя дні не хачу рабіць абсалютна нічога «афіцыйнага». На шчасце, мае калегі падобныя мерапрыемствы не наведваюць, таму тут я магу быць самай сабой — не цёткай у наглуха зашпіленай блузцы, а запальнай дзяўчынай у скураных легінсах ці міні-спадніцы, — расказвае Вольга.

А вось на пытанне пра знаёмствы жанчыны дружна аднекваюцца: «Ды якія мужчыны! Такія танцы ні да чога не абавязваюць — плавалі, ведаем. Кантактуеш з кім-небудзь увесь вечар, вы танцуеце, весяліцеся, здаецца — вось яно! А прыходзіш праз тыдзень, ён апускае вочы ў падлогу і робіць выгляд, што бачыць цябе першы раз у жыцці. Глядзіш праз хвіліну — ужо з іншай. І так кожны раз. Так што трэба проста расслабіцца: спяваць і танцаваць ад душы».

— Для мяне гэта наогул адзіная фізнагрузка за тыдзень. Даводзіцца старацца, — весела дадае яе сяброўка, таксама Вольга.

А можа, гэта і правільна, і кожны павінен знайсці сваю аддушыну: месца ці занятак, які дазволіць прыйсці да сябе сапраўднага, не «прыкладнага», як звычайна, але такога жывога. Здаецца, менавіта таму ахова на ўваходзе папярэджвае: толькі ніякіх фота, дайце нарэшце людзям расслабіцца...

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Запальныя танцы і пад Despacіto, і пад «Ласкавы май»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.