23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Выйдзем на тавараабарот з Грузіяй у 200 млн долараў?


Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сустрэўся з першым віцэ-прэм'ер-міністрам — міністрам эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі Дзмітрыем Кумсішвілі. Яны абмеркавалі вынікі сумеснай працы, а таксама перспектыўныя кірункі далейшага супрацоўніцтва. Гэта сустрэча мае высокую важнасць у сувязі з падрыхтоўкай візіту Прэзідэнта Беларусі ў Грузію, які запланаваны на найбліжэйшы час. Таксама ў сталіцы адбылося пасяджэнне міжурадавай беларуска-грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, падчас якога дэталёва абмеркавалі магчымасці для нарошчвання тавараабароту.


Паводле слоў Андрэя Кабякова, Грузія для нашай краіны з'яўляецца адным з найважнейшых партнёраў на Каўказе. Прэм'ер-міністр акцэнтаваў увагу на вялікай колькасці сфер, у якіх сёння ўзаемадзейнічаюць дзве дзяржавы. Гэта і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і нафтахімія, і фармацэўтыка, гуманітарнае супрацоўніцтва. «Мы паказалі нядрэнную дынаміку ўзаемнага тавараабароту: сёлета будзе больш за 100 млн долараў. Кіраўнікі дзяржаў паставілі задачу ў 200 млн долараў, таму мы ў сярэдзіне шляху», — дадаў Андрэй Кабякоў.

Ён выказаў надзею, што грузінскія партнёры ўжо змаглі ацаніць «швейцарскія цягнікі па беларускіх цэнах», маючы на ўвазе пастаўкі ў Грузію тэхнікі «Штадлер». «Грузавая, сельскагаспадарчая тэхніка, нафтахімічная прадукцыя — гэта тое, што мы можам прапанаваць, і тое, што, мяркуем, можа быць запатрабавана на вашым рынку. Мы лічым, што сумесная рэалізацыя буйных праектаў — гэта магчымасць для далейшага росту нашых адносін», — сказаў Андрэй Кабякоў. Таксама ён дадаў, што беларускі бок гатовы падключыцца да рэалізацыі планаў Грузіі па сур'ёзнай мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Створана сумесная беларуска-грузінская вытворчасць ліфтавага абсталявання, якая ўжо выйграла тэндэр у Казрэці. «Але мы мяркуем, што гэта толькі пачатак. Мы з вамі гаварылі пра тое, што кропка бясстратнасці ліфтавай гаспадаркі — каля 250 адзінак у год», — нагадаў Андрэй Кабякоў. Паводле слоў прэм'ер-міністра, таксама вядзецца работа па рэалізацыі разліву беларускай і грузінскай алкагольнай прадукцыі на прадпрыемствах Грузіі і Беларусі. Добрыя перспектывы мае і супрацоўніцтва ў аграрнай сферы. Андрэй Кабякоў адзначыў зацікаўленасць грузінскага боку ў набыцці беларускай выратавальнай тэхнікі. «Наша сумесная работа ў Баржомскай цясніне летась, з аднаго боку, сама па сабе была няпростая, з другога боку, паказала магчымасці беларускай тэхнікі. Мы гатовыя з прапановай добрага фінансавага механізму на досыць канкурэнтных умовах прадаставіць адпаведную тэхніку і навучыць яе выкарыстоўваць», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Падчас пасяджэння міжурадавай беларуска-грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы адзначыў, што за апошнія некалькі гадоў беларуска-грузінскія адносіны набылі ўстойлівы характар і дынамічна развіваюцца. «Вынік 2017-га дазваляе гаварыць пра тое, што гэты год мы скончым з рэзультатам у 126—127 млн долараў. Яшчэ год добра папрацаваць — і трэба выходзіць на пастаўленыя задачы ў 200 млн долараў. Агульныя падыходы ўжо знойдзеныя», — падкрэсліў віцэ-прэм'ер. Міхаіл Русы таксама падтрымаў прапанову стварыць рабочыя падгрупы па розных кірунках для павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння.

У сваю чаргу першы віцэ-прэм'ер-міністр — міністр эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі Дзмітрый Кумсішвілі адзначыў неабходнасць далейшага актыўнага ўзаемадзеяння для павышэння тавараабароту паміж Беларуссю і Грузіяй. «Маючы адбыцца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Грузію вельмі важны для нас. Некалькі гадоў таму, калі ваш Прэзідэнт прыязджаў у нашу краіну, быў дадзены істотны імпульс развіццю супрацоўніцтва. Хацелася б, каб да новага візіту было закладзена як мага больш сумесных ініцыятыў для далейшага развіцця нашых двухбаковых адносін», — рэзюмаваў ён.

Па выніках пасяджэння Міхаіл Русы адзначыў, што дзве дзяржавы будуць актыўна развіваць супрацоўніцтва ў сферы гандлю, АПК і турызму. «З мэтай развіцця турызму па абодвух напрамках неабходна разгледзець пытанне арганізацыі новых авіямаршрутаў», — сказаў віцэ-прэм'ер. Разам з тым ён звярнуў увагу на пытанні лагістыкі, у сувязі з чым міністэрствам транспарту дзвюх дзяржаў даручана вывучыць тыя маршруты, па якіх дастаўляюцца тавары, а таксама новыя напрамкі для таго, каб працаваць на Грузію і з пляцоўкі гэтай краіны прасоўваць тавары сумеснай вытворчасці. «Акрамя таго, для папулярызацыі нашых тавараў мы абралі такі кірунак, як стварэнне беларускіх гандлёвых сетак у Тбілісі і іншых гарадах. Мы прынялі рашэнне, каб аналагічныя сеткі ў найбліжэйшы час былі створаны ў Беларусі. Беларусы таксама павінны мець доступ да грузінскіх тавараў», — дадаў віцэ-прэм'ер.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.