Вы тут

Ці карыстаюцца попытам футры ў анамальна цёплую зіму?


Калі хто памятае, навукоўцы прадказвалі, што гэтая зіма стане самай халоднай за апошнія сто гадоў. Пакуль прагноз не спраўдзіўся. Снежань і студзень ставілі тэмпературныя рэкорды — са знакам плюс. Для прадаўцоў футраў гэта, хутчэй, мінус. Як надвор'е паўплывала на попыт на іх тавар і хто з беларусаў можа дазволіць сабе норкавыя паліто — у нашым рэпартажы.


«Нават з урада былі пакупнікі»

На рынку — тавары з Расіі, Грэцыі і Кітая.

У будны дзень на рынку «Ждановічы» бязлюдна. Пакупнікоў не відаць — магчыма, таму прадаўцы не надта гаваркія.

— Ай, не бяруць ні футры, ні дублёнкі, — адмахваецца ад мяне жанчына і хаваецца сярод вешалак і манекенаў.

Разглядаю асартымент. Цэннікаў нідзе не відаць. Цікаўлюся ў прадаўшчыцы, па чым футры. «Самыя танныя — з мутону, каштуюць 400—500 долараў», — адказвае яна і, ацэньваючы, акідвае мяне позіркам. У пухавіку і з заплечнікам, я, відаць, не надта падобная да той, хто можа дазволіць сабе аддаць такую суму за вопратку.

Футры на рынку — толькі імпартныя. У адным з павільёнаў, напрыклад, вісіць тавар з Грэцыі і Кітая. «Гэтыя краіны адзяваюць увесь свет. Расія таксама шмат пастаўляе, але там якасць так сабе, сярэдні варыянт», — дзеліцца прадаўшчыца, адрываючыся ад чытання газеты.

Сярод пакупнікоў хапае моладзі.

Жанчына гандлюе футрамі ўжо 15 гадоў. Кажа, попыт не змяняецца: гэтай зімой прадала тавару не менш, чым мінулай. «Тым больш цяпер футры вельмі даступныя, — запэўнівае. — Норкавыя каля 800—1000 долараў каштуюць. Якая мадэль больш папулярная? Складана сказаць. Разумееце, тут важная не мода, а індывідуальнасць!»

Па назіраннях прадаўшчыцы, сярод пакупнікоў больш моладзі. «Напэўна, бацькі ім дапамагаюць з грашыма», — разважае. Сама яна, дарэчы, футры таксама носіць. Раней іх было два, цяпер адно засталося. «Гэта добрае ўкладанне. Калі рэч якасная і вы яе правільна даглядаеце, яна да 20 гадоў вам праслужыць».

У павільёне насупраць прапануюць больш разнастайныя футры. З труса і янота — па 700 долараў, з лісы — 1500.

— Усе футры — з Грэцыі, — расказваюць. — Чаму беларускіх няма? У іх кошт завышаны, таму не прадаём.

Тут таксама адзначаюць, што моладзь — часты кліент. «Некаторыя прыходзяць з прэтэнзіяй, круцяць носам: маўляў, асартымент не падабаецца, дорага. А самі потым, не разбіраючыся, кітайскае футра купляюць, на якім спераду ворс у адзін бок ляжыць, а ззаду — у другі».

Вопратку на «Ждановічах» выбіраюць і чыноўнікі. «З урада ў нас пакупнікі былі. Не буду казаць хто», — інтрыгуе прадаўшчыца.

На пытанне, як ідзе гандаль, калі на дварэ няма моцных маразоў, яна толькі ўздыхае: «Не ў надвор'і справа: нават, калі б лютая зіма была, усё роўна б пакупнікоў больш не стала. У кашальках у людзей пуста. Самым фінансава паспяховым для нас быў 2014 год. Пакуль да таго ўзроўню не вярнуліся».

Асартымент ад айчыннага вытворцы.

«Расіяне прыходзяць цэлымі групамі»

Футры айчыннай вытворчасці можна знайсці ў ГУМе. Іх у краму пастаўляюць чатыры прадпрыемствы: Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза, Віцебскі футравы камбінат і два прыватнікі. Асартымент набіраюць яшчэ ў жніўні, каб паспець атрымаць шырокую лінейку мадэляў. Ёсць норка, каракуль, бабёр, тхор, ліса, янот.

— Тавару закупілі не менш, чым у папярэднім годзе, а па агульным кошце нават больш, — кажа вядучы таваразнаўца ўнівермага Святлана Ерамецька.

Самыя папулярныя футры ў пакупнікоў — норкавыя. Яны ж і самыя дарагія: кароткае каштуе 2000 беларускіх рублёў, даўгое з капюшонам — амаль 5800. Ёсць нават варыянт за 9300 — з норкі, фарбаванай у некалькі колераў. Для параўнання: кароткія футры айчыннага пашыву з лісы ці янота каштуюць 1700 рублёў. Попытам карыстаюцца таксама вырабы з карычневага каракулю. Дзяўчаты часам бяруць футры са стрыжанага бабра — яны падобныя да норкавых. Цэннік на іх — у сярэднім ад дзвюх да трох тысяч рублёў.

На манекене спераду — тое самае футра за 9300 рублёў.

Па словах таваразнаўцы, моладзь і аўталэдзі аддаюць перавагу кароткім мадэлям, больш сталыя спадарыні любяць класічную даўжыню ніжэй за калена.

— У дні зніжак ёсць попыт на футры, а ў астатні час іх рэдка бяруць. На выхадныя, бывае, закупляюцца прыезджыя — з Расіі, краін Балтыі. Заходзяць цэлымі групамі! Аўтобусы, якія возяць расіян у нашы санаторыі, спецыяльна каля ўнівермага спыняюцца.

Па футры любяць забегчы банкаўскія работнікі, якія працуюць насупраць універмага. Але ў цэлым, дзеліцца Святлана Ерамецька, пакупнікі вельмі розныя: гледзячы на некаторых, нават і не падумаеш, што чалавек прыйшоў па гэтую рэч. Часта футра выбіраюць у якасці падарунка для дачок і жонак. Не столькі для сагравання (колькі тых маразоў?), колькі для статусу.

Футры выходзяць з моды?

Летась модны дом Guccі заявіў, што з 2018 года адмовіцца ад натуральнага футра ў сваіх калекцыях. «Адной з галоўных нашых мэт з'яўляецца сацыяльная адказнасць, і мы будзем працягваць рабіць усё, каб палепшыць сітуацыю з навакольным асяроддзем і жывёламі. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць маркам больш не выкарыстоўваць футра, паколькі існуюць не менш якасныя аналагі гэтага матэрыялу. У футры проста няма неабходнасці», — адзначыў генеральны дырэктар Guccі Марка Бізары.

Гэта не першы модны дом, які рашыўся на такі крок. Падобныя заявы гучалі ад дызайнераў Mіchael Kors, Armanі, Calvіn Kleіn, Ralph Lauren, Hugo Boss.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Паліто па цане аўто

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».