Вы тут

Адбылася прэзентацыя збору твораў Сяргея Давідовіча


Творчасць пісьменніка, кінасцэнарыста, мастака Сяргея Давідовіча разнастайная. З-пад яго пяра выйшлі вершы, паэмы, апавяданні, аповесці, казкі, замалёўкі, гумарэскі. Нядзіўна, што творцы ёсць шмат што сказаць, бо яго біяграфія вельмі насычаная: ён працаваў у праваахоўных органах, быў дэпутатам, распісваў Петра-Паўлаўскі сабор у вёсцы Жукаўка. Акрамя таго, Сяргей Давідовіч яшчэ і скульптар!..


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя васьмітомнага збору твораў Сяргея Давідовіча, а таксама адкрыццё часовай мастацкай экспазіцыі пад назвай «З усмешкай па жыцці».

Нарадзіўся Сяргей Давідовіч 20 ліпеня — ваенным летам 1942 года. Як заўважыла першы наместнік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, лёс узнагародзіў яго і талентам паэта, і талентам мастака, нібы кампенсуючы цяжкае маленства. Карціны Давідовіча поўныя жыццялюбства: яны ўвасабляюць тое, чаго нам так не хапае ў жыцці, — гумар. Героі, з якіх іранізуе мастак, — вяскоўцы. Менавіта іранізуе: замілоўваючыся цеплынёй іх узаемаадносінаў, іх жаданнем калі-нікалі «ўзляцець» над зямлёю, што ўвесь час патрабуе працоўных рук, — хаця б на арэлях… Альбо спробамі згадаць маладосць, навыперадкі скачучы цераз перашкоды ці катаючыся на каньках па змёрзлым возеры… Такі гумар не прыніжае, а, наадварот, абуджае ў душы лепшыя пачуцці.

Не менш цікава чытаць гумарэскі Сяргея Давідовіча (яны складаюць адзін з раздзелаў 1-га тома выдання). Мы бачым тых жа вяскоўцаў з іх чалавечымі слабасцямі. Вось адзін з іх ажаніўся з маладой дзеўкай, спакусіўшыся яе вабнотамі, а тая нават бульбы як след зварыць не можа, — ледзь не памёр з голаду небарака («Недавараная бульба»). Клапатлівая жонка іншага героя, бабулька вельмі шаноўнага ўзросту, набыла ў горадзе для сужэнца галёшы. Несці іх было нязручна, яна зайшла ў аптэку і папрасіла якую-небудзь скрынку, што і атрымала ад спагадлівай аптэкаркі. Праўда, пачувалася вельмі няёмка ад празмернай увагі мінакоў, якія цікавіліся, колькі ж гадоў яе дзеду і здзіўляліся, што ўжо дзявяты дзясятак. Бо, прачытаўшы надпіс на пакунку, думалі, што там… зусім не галёшы, а іншыя гумовыя вырабы («Галёшы»)…

Нямала ў аўтара і сур’ёзных вершаў, яны як злепкі з натуры: у іх і боль, і надзея, і смутак… Але галоўнае — вера ў людзей, у чалавека, любоў да яго і народная мудрасць. Як зазначыў старшыня Мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, «у паэмах Сяргея Давідовіча створана панарама сапраўднага народнага жыцця. Ніхто так не паказаў яе пасля Якуба Коласа ў «Новай зямлі» і Ніла Гілевіча ў рамане «Родныя дзеці», як Давідовіч у сваіх паэмах». Кожны раз перад новым годам на тэлеэкранах дэманструецца фільм, зняты па сцэнарыі С. Давідовіча «Свежына з салютам» — не менш папулярны, чым славутая «Іронія лёсу».

Як жывапісец, спадар Сяргей гарманічна спалучае і гратэск, і рэалізм. Родная Лагойшчына, маці і бацька, Янка Купала — адна адну змянялі карціны на мультымедыйным экране падчас прэзентацыі.

Адметна, што маляваць Сяргей Давідовіч пачаў у 50 гадоў. Крыніца яго натхнення — прырода, ваколіцы роднай Карпілаўкі, сустрэчы з землякамі — усё на радзіме дае яму творчыя падказкі, тэмы, сюжэты для літаратурных твораў і карцін.

Падчас імпрэзы ад сяброў, калег, землякоў прагучала шмат добрых пажаданняў нястомнаму творцу, галоўным з якіх было не спыняцца на дасягнутым: ствараць, пераўвасабляць, пераўтвараць, адлюстроўваць хараство жыцця і людзей...

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Фота Таццяны БЛАХІНОЙ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Нязвыклая форма — заўсёды штуршок для пошуку.

Культура

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Дзе замежнікі вывучаюць савецкую архітэктуру.

Культура

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына

Ёсць тут зала друкаванай прэсы. Аднак асаблівую цікавасць, безумоўна, выклікае ў экспазіцыі друкарскі варштат.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра бунт малога, выпадак на ферме і цікавае выступленне на вяселлі.