23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Як рэгіянальныя СМІ могуць прывабіць замежнага турыста


Напрыканцы 2017-га тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у асобных раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, у адпаведнасці з указам Прэзідэнта, працягнулі да 10 дзён, а таксама павялічылі колькасць пунктаў пропуску для бязвізавага ўезду. Якім эканамічным эфектам гэта адгукнецца? Што для прываблівання замежных турыстаў могуць зрабіць рэгіянальныя друкаваныя выданні, інтэрнэт-парталы, радыё і тэлебачанне? Пра гэта ішла гутарка падчас круглага стала «Патэнцыял СМІ Брэстчыны ў прасоўванні турыстычнага бізнесу».


Нагадаем, акрамя магчымасці скарыстаць дзеючы з першай паловы мінулага года дазвол на пяцідзённы бязвізавы ўезд у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт, турысты маглі трапляць без дадатковых дакументаў таксама на Аўгустоўскі канал (на тэрмін да 5 сутак) і ў Белавежскую пушчу (на тэрмін да 3 сутак). Новым указам акрамя павелічэння тэрміну бязвізавага знаходжання таксама пашыраны і тэрыторыі для часовага знаходжання замежных турыстаў. Напрыклад, наведвальнікам Аўгустоўскага канала дазволяць пабываць у Гродне і Гродзенскім раёне, а з Белавежскай пушчы з'ездзіць у Брэст, а таксама Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Пружанскі і Свіслацкі раёны.

Па словах Вадзіма Ляўковіча, першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, экспарт турыстычных паслуг па вобласці за мінулы год склаў 12,1 мільёна долараў. «Па папярэдніх планах, з увядзеннем бязвізавага рэжыму гэту лічбу плануецца павялічыць да 13 мільёнаў долараў», — адзначыў ён. На думку Вадзіма Ляўковіча, бязвіз — гэта безумоўны эканамічны патэнцыял, але падмацоўваць яго трэба развіццём аграэкатурызму, інфраструктуры, стварэннем новых працоўных месцаў, такім чынам робячы акцэнт і на іміджавы складнік.

Брэсцкія СМІ таксама ўжо даўно рыхтуюцца да падзеі, якая мусіць ажывіць турыстычную сферу краіны, — ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. «У Брэсце ўжо распрацоўваецца «карта госця», а таксама спецыяльны турыстычны сайт», — расказвае галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты «Заря» Аляксандр Лагвіновіч. Па яго словах, работу па інфармаванні замежнікаў аб магчымасцях Беларусі ў плане вандровак, а тым больш бязвізавага ўезду, варта актывізаваць ужо зараз. На думку галоўнага рэдактара, трэба развіваць не толькі замежны, але і ўнутраны турызм. Акурат у гэтым рэгіянальныя СМІ могуць адыграць адну з галоўных роляў, расказваючы пра славутасці роднай зямлі.

Некаторыя газеты не чакаюць змен да лепшага з боку дзяржавы, а здзяйсняюць іх самі. Цэлы турыстычны рух разгарнуўся на базе «Навін Камянеччыны». Як расказаў галоўны рэдактар газеты Віктар Дулевіч, на базе выдання выйшаў тэлефонны даведнік турыстычных аб'ектаў Камянца, працуюць цэнтр аператыўнай паліграфіі, фотаклуб, праводзіўся семінар па посткросінгу, што стала нагодай для стварэння новых паштовак з прыгожымі мясцінамі горада, распрацаваны турыстычны сайт і перакладзены на некалькі замежных моў. А для таго, каб зрабіць Каменец больш адаптаваным для замежных турыстаў, плануецца праводзіць курсы англійскай мовы для супрацоўнікаў сферы абслугоўвання.

Досведам у тым, як можна выкарыстаць магчымасці бязвізу, падзяліўся і Павел Сухарукаў, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда». Напрыклад, можна выдаваць рэкламны каталог, турыстычны каляндар, распрацаваць адпаведны сайт. Увогуле ўвядзенне такіх нормаў, як павелічэнне тэрміну бязвізавага знаходжання замежнікаў, можа стаць магчымасцю для фінансавага росту выдання. Але прапановы Паўла Сухарукава датычыліся не толькі СМІ, але і развіцця турызму ў прынцыпе. На яго думку, варта больш актыўна ўкладацца ў развіццё інфраструктуры і арыентавацца на такую мэтавую аўдыторыю, як турысты «з заплечнікамі», якія шукаюць магчымасць танна і каларытна адпачыць.

«Напрыклад, за час дзеяння бязвізавага 5-дзённага ўезду на Аўгустоўскі канал у Гродне сталі актыўна з'яўляцца хостэлы — танны, даступны для кожнага варыянт бюджэтнага начлегу. Але іх пакуль не так шмат і тым больш няма ў малых гарадах. Гэта датычыцца не толькі гасцініц. Увогуле варта працаваць па ўсіх кірунках развіцця інфраструктуры, рабіць яе якаснай і даступнай не толькі высокаму сегменту турыстаў, але і сярэдняму і ніжняму, — дзеліцца галоўны рэдактар. — Галоўнае, памятаць, што турыстычная сфера патрабуе не перманентнай, а штодзённай руплівай працы і новых жыццяздольных ідэй».

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Вароты адкрыты. А што за імі?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.