Вы тут

Сістэму аплаты працы бюджэтнікаў перагледзяць


А прадпрыемствы з запазычанасцю па заробках возьмуць на кантроль.

«Задача на 2018 год — пераламаць сітуацыю на рынку працы, выйсці на рост занятых у эканоміцы.
Уся нарматыўна-прававая база, у тым ліку пакет па лібералізацыі эканомікі, дазволіць нам дабіцца большай актыўнасці насельніцтва. Разам з заяўным прынцыпам будзе працаваць выяўны — мы самі ідзем да людзей», — адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ падчас выніковай калегіі ведамства. У цэнтры ўвагі аказаліся пытанні занятасці, заробкаў у бюджэтнай сферы і частых «бальнічных».


Спрагназаваць патрэбу ў кадрах

Меры, якія прымаліся летась службамі занятасці, далі станоўчы эфект. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 лютага 2018-га склаў 0,5 працэнта. Ні ў адным раёне ён не перавысіў аднаго працэнта, хоць год таму быў вышэйшы ў 110 рэгіёнах. Наймальнікамі заяўлена 54 тысячы свабодных месцаў — у паўтара раза больш, чым на пачатак мінулага года.

Акцэнты ў рабоце на бягучы год вызначыў Дэкрэт № 1. Гэта індывідуальны падыход у вырашэнні праблемы працаўладкавання, стварэнне новых прадпрыемстваў, захаванне калектываў. Па кожным рэгіёне будзе зацверджаны план далейшых мер, падмацаваны фінансавымі рэсурсамі з мясцовага бюджэту. Нягледзячы на тое, што заданні даведзены на квартал, міністэрства будзе кожны месяц праводзіць дэталёвы маніторынг па шырокім спісе паказчыкаў. Вынікі першага квартала разгледзяць у канцы красавіка на калегіі ведамства.

Новым кірункам дзейнасці стане прагназаванне патрэбы эканомікі ў кадрах. На падставе гэтай інфармацыі Міністэрства адукацыі будзе фарміраваць кантрольныя лічбы прыёму ў навучальныя ўстановы.

Вырашэнне пытанняў рынку працы — задача не толькі службаў занятасці.

— Неабходна кансалідацыя ўсіх структурных падраздзяленняў мясцовых выканаўчых органаў улады, асабліва з камітэтамі эканомікі — у зоне іх адказнасці знаходзіцца развіццё малога бізнесу, дзе ствараецца больш за 50 працэнтаў працоўных месцаў, — лічыць Ірына Касцевіч.

Што будзе з заробкамі бюджэтнікаў?

З 1 студзеня 2019 года будзе перагледжана сістэма аплаты працы ў бюджэтным сектары. Прапануецца замяніць 27-разрадную тарыфную сетку на 17-разрадную, а тарыфную стаўку — на базавую, памер якой будзе прыроўнены да бюджэту пражытачнага мінімуму. У планах таксама адмяніць шматлікія цэнтралізавана ўстаноўленыя выплаты, пашырыць правы кіраўнікоў дзяржорганаў і бюджэтных арганізацый па тарыфікацыі пасад з улікам галіновых асаблівасцяў, размежаваць паўнамоцтвы дзяржорганаў і бюджэтных арганізацый у галіне аплаты працы.

У лютым трэба будзе ўзгадніць адпаведныя ўказы кіраўніка краіны і пастановы ўрада з усімі галіновымі ведамствамі і прафсаюзамі і да 1 сакавіка ўнесці ва ўрад.

Па словах Ірыны Касцевіч, забеспячэнне балансіроўкі з прадукцыйнасцю і павышэнне заробкаў бюджэтнікаў — адны з найважнейшых кірункаў работы ведамства. «Летась таксама быў прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, якія дазволілі павысіць заработныя платы ў бюджэтным сектары, — рэальны тэмп росту склаў 104 працэнты. Мы некалькі разоў павялічвалі тарыфную стаўку першага разраду, закранулі нізкааплатныя катэгорыі — тых, хто аказвае сацыяльныя паслугі, працуе ў галіне культуры і іншых. У выніку суадносіны намінальнага заробку ў бюджэтнай сферы (у студзені—снежні ён раўняўся 619 рублям. — Аўт.) і ў цэлым па краіне склалі 76 працэнтаў. Задача 2018 года — павысіць да 80 працэнтаў».

Збалансаваць даходы і расходы

Заклапочанасць міністэрства выклікае рост выдаткаў на выплату дапамогі па часовай непрацаздольнасці.

— Асабліва ён заўважны ў Мінскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Мяркую, сумесна з органамі аховы здароўя неабходна правесці сур'ёзны аналіз прычын павелічэння паказчыка часовай непрацаздольнасці і прадумаць адпаведныя меры, — пракаментавала Ірына Касцевіч.

Яна паведаміла таксама, што летась сума паступленняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склала 12,4 мільярда рублёў, тэмп росту — 109 працэнтаў. Для забеспячэння своечасовага фінансавання ўсіх выдаткаў прыцягваліся сродкі рэспубліканскага бюджэту ў памеры амаль 519 мільёнаў. Для збалансаванасці даходаў і расходаў ФСАН актыўна працаваў з даўжнікамі. У выніку запазычанасць у бюджэт фонду па плацяжах знізілася на 21 мільён.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?