Вы тут

Прымяненне попелу на агародзе


Попел — сапраўдная знаходка для прыхільнікаў арганічнага земляробства. Ён змяшчае магній, кальцый, калій, натрый і іншыя пажыўныя рэчывы, неабходныя раслінам. Гэты шэры парашок здольны рабіць сапраўдныя цуды ў садзе і агародзе, і, што самае галоўнае, ён натуральны.


1. Попел як угнаенне

Адзін з самых папулярных спосабаў выкарыстоўваць гэта «чорнае золата» ў прысядзібнай гаспадарцы — ужываць яго як угнаенне для саду, кветніка і агарода.

Так, попел не можа замяніць азотныя ўгнаенні. У яго складзе каля трох дзясяткаў элементаў, неабходных для раслін, але азоту сярод іх няма. З іншага боку, падкормка раслін попелам стварае ідэальныя ўмовы для бактэрый, якія насычаюць глебу гэтым важным для росту раслін элементам. Акрамя таго, у попеле досыць калію, кальцыю, фосфару і магнію, затое адсутнічае шкодны хлор.

Дакладны склад попелу залежыць ад віду, узросту расліны, з якой ён быў атрыманы. Найбольшую колькасць карысных элементаў змяшчае попел лісцевых дрэў, асабліва бярозы. Больш за ўсё фосфару можна знайсці ў попеле саломы, калію — у попеле сцёблаў сланечніка, кальцыю — у попеле хвойных дрэў.

Для паляпшэння якасці глебы на ўчастку можна ўносіць попел у «кампаніі» з торфам, перапрэлым гноем, кампостам, але ні ў якім разе не са свежым гноем або птушыным памётам. Справа ў тым, што азот, які змяшчаецца ў іх, ператвараецца ў аміяк, які можа спаліць усё жывое ў вашым агародзе. Да таго ж фосфар, які змяшчаецца ў неперапрэлым гноі, маладаступны для раслін.

Водны раствор попелу

Зручна выкарыстоўваць попел для вадкай падкормкі раслін у пачатку і разгар дачнага сезона — вясной і летам. На 10 л вады бяруць 2 шклянкі парашку. Гэтым растворам можна паліваць градкі, клумбы, кусты і газон.

Водная выцяжка попелу

Яна больш працаёмкая ў прыгатаванні, чым раствор, але затое і больш эфектыўная.

Каб атрымаць водную выцяжку, 1 шклянку попелу заліваюць 3 л кіпеню, кладуць накрыўку і пакідаюць на суткі. Перад ужываннем выцяжку разводзяць вадой у прапорцыі 1:3.

Сухая падкормка з попелу

Попел часта насыпаюць у пасадачныя ямы як сухое ўгнаенне. Норма ўнясення можа адрознівацца ў залежнасці ад культуры, але ў сярэднім у адну лунку ідзе невялікая жменя парашку (3/4 шклянкі на 1 кв. м глебы).


2. Выдатная альтэрнатыва вапне

Як і вапна, попел «гасіць» залішнюю кіслотнасць глебы, нейтралізуючы яе рH. Для гэтых мэт ідэальна падыходзіць попел, атрыманы пасля спальвання торфу. Натуральна, ніякай карысці попел не прынясе культурам, якія любяць закісленую глебу (хвойныя, гартэнзіі, рададэндроны, буякі і г. д.).

Попел звычайна ўносяць з разліку 3 шклянкі на 1 кв. м. Каб парашок не здзьмула першым жа парывам ветру і не змыла дажджом, глебу добранька рыхляць граблямі. Такім чынам попел змяшаецца з верхнім пластом глебы. У перыяд дажджоў уносіць попел у лёгкую пясчаную глебу практычна не мае сэнсу — ён лёгка вымываецца.


3. Попел супраць шкоднікаў і хвароб

Настоі попелу эфектыўныя ў барацьбе з грыбковымі захворваннямі (кіла, чорная ножка, мучністая раса, шэрая гнілата), а таксама супраць нашэсця розных шкоднікаў.

Попел і тытунёвы пылок ад шкоднікаў

Попел можна змешваць з тытунёвым пылком у роўных долях і апыляць такой сумессю ўсходы капусты, а таксама цыбулю і бульбу. На 1 кв. м ідзе 1 шклянка сумесі.

Гэты спосаб эфектыўны пры барацьбе з каларадскім жуком, капуснай і цыбульнай мухай, бялянкай, землянымі блошкамі.

Растворы попелу ад грыбка

Таксама можна выкарыстоўваць попел для апырсквання раслін, пашкоджаных гніллю і кілой. Для гэтага робяць мыльна-попельны раствор: 3 кг прасеянага попелу заліваюць 10 л гарачай вады, настойваюць пад накрыўкай двое сутак. Пасля настой працэджваюць. У 500 мл гарачай вады раствараюць 40 г гаспадарчага мыла, уліваюць усё гэта ў настой попелу. Атрыманым растворам можна апырскваць расліны некалькі разоў за сезон з інтэрвалам у 1,5-2 тыдні на працягу сезона.

Таксама можна перайначыць гэты рэцэпт, дадаўшы замест настою попелу водную выцяжку попелу (500 мл) і 10 л адвару травы (піжмы, бацвіння таматаў, крываўніка).


4. Стымулятар росту раслін

Калі вы не хочаце замочваць пасадачны матэрыял у «хіміі», выкарыстоўвайце попельны настой.

У 1 л вады разводзяць 20 г попелу і пакідаюць настойвацца пад накрыўкай на суткі. Пасля настой працэджваюць і выкарыстоўваюць па прызначэнні. У гэтым стымулятары росту можна замочваць насенне таматаў, агуркоў, баклажанаў. Гэты настой таксама можна выкарыстоўваць для апрацоўкі клубняў і цыбулін.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.