Вы тут

Што і ў якім узросце абследаваць, каб пазбегнуць раку


Як вядома, чым раней удаецца выявіць анкалагічнае захворванне, тым больш шанцаў у хворага цалкам вылечыцца.


Паводле інфармацыі намесніка дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргея Краснага, калі рак выяўляецца на першай ці другой стадыі, 80 % хворых цалкам папраўляюцца. А вось на трэцяй стадыі так званы пяцігадовы парог выжывання пераадольвае ўсяго палова пацыентаў. З 4-й стадыяй, як вядома, пакуль можна весці размову толькі пра падаўжэнне жыцця і медыкаментознае аблягчэнне пакут хворага.

Каб своечасова выявіць самыя распаўсюджаныя злаякасныя новаўтварэнні, у Беларусі з 2007 года пачалі даследаваць, а з 2016 года шырока ўкаранілі скрынінгавыя праграмы. Яны дазваляюць выявіць рак некалькіх лакалізацый: малочнай залозы, прастаты, тоўстай кішкі і шыйкі маткі. Прычым зрабіць гэта на самых ранніх стадыях, калі пацыент не адчувае ніякіх сімптомаў. Для гэтага абследуюцца ўсе здаровыя людзі пэўных узроставых катэгорый. І ўжо летась такая праграма дала свае вынікі: рак выяўлены ў 1,5 тысячы чалавек. У большасці — на першай-другой стадыі, што дазваляе даваць аптымістычныя прагнозы для такіх хворых. Сёння, напрыклад, каля 40 % мужчын ахоплены скрынінгам раку прастаты.

— Кожны мужчына ва ўзросце 50—65 гадоў раз на два гады павінен здаваць аналіз крыві на ПСА (прастатспецыфічны антыген), — расказвае Сяргей Красны. — З часам плануем распаўсюдзіць такое абследаванне на больш маладых мужчын — з 45 гадоў.

Праграма скрынінгу раку малочнай залозы ахоплівае пакуль 20 % жанчын. Гэта рэнтген-мамаграфія малочных залоз, і яе трэба праходзіць ва ўзросце ад 50 да 70 гадоў. Абследаванне дазваляе выявіць рак на нулявой і першай стадыях і з'яўляецца найбольш інфарматыўным у адрозненне ад астатніх метадаў.

Скрынінг каларэктальнага раку найбольш складаны і пакуль сустракае супраціўленне ў насельніцтва.

— Праграмай, якая прадугледжвае аналіз калу на вызначэнне схаванай крыві, пакуль ахоплена 2,5 % людзей. Такі аналіз трэба рабіць раз на два гады ва ўзросце ад 50 да 70 гадоў. Пры наяўнасці схаванай крыві пацыенту прызначаюць каланаскапію пад агульным наркозам, што дае магчымасць адначасова выдаліць паліпы, калі тыя ёсць, эндаскапічным метадам, — кажа Сяргей Красны. — Гэта дазволіць папярэдзіць 70—80 % раку тоўстай кішкі. Нягледзячы на тое, што пацыенты не вельмі вітаюць такое абследаванне, раю ўсім: калі ўрач прапануе яго зрабіць, ні ў якім разе не адмаўляйцеся.

Скрынінг раку шыйкі маткі вядзецца ў нашай краіне з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, але зараз мяняюцца тэхналогіі яго выяўлення — адбываецца пераход на вадкасную цыталогію. Абсталяванне ўжо з'явілася ва ўсіх абласных цэнтрах. Для жанчын (а яго рэкамендуюць праходзіць ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў) такі пераход будзе незаўважны — гэта, як і раней, мазок. А вось для спецыялістаў патрэбна дадатковае навучанне, якое яны і прайшлі.

На найбліжэйшы час у нашай краіне запланаваныя даследаванні па стварэнні праграм скрынінгу раку лёгкага і страўніка. Яны зоймуць некалькі гадоў. Скрынінг раку лёгкага скіраваны на мужчын, пачынаючы з 50-гадовага ўзросту, якія маюць 15-гадовы стаж курэння.

— Рак лёгкага вельмі агрэсіўны, — кажа Сяргей Красны. — Пухліна імкліва прагрэсуе ўжо на першай стадыі. Яе дакладна можна выявіць з дапамогай нізкадазіраванай камп'ютарнай тамаграфіі. Але гэта дарагое абсталяванне. Што датычыцца раку страўніка, то тут пацыенты павінны здаваць аналіз крыві на выяўленне бактэрыі хелікабактар пілары. Пасля па паказаннях прызначаецца гастраскапія з біяпсіяй. Такі метад паказаў сваю эфектыўнасць у Японіі, а вось у ЗША не прыжыўся. Таму будзем весці даследаванні ў нас і вызначаць эфектыўнасць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.