Вы тут

І мастак, і паэт, і музычны эстэт


Што можа быць больш дасканалым, чым мелодыя з вершам? Калі яны разам і ідуць поруч да канца, поспех гарантаваны. Нечуваная гармонія мелодыі і верша падуладна Рыгору Сітніцу. Тоны, паўтоны ткуць непаўторнае музычна-лірычнае дзіва пад акампанемент... завірухі. У аўтарскай літаратурнай вечарыне Рыгора Сітніцы «Канцэрт для скрыпкі і завірухі» ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі сышліся майстэрства паэта і імпэт музыкі. З першых акордаў ансамбля салістаў «Класік-Авангард», які суправаджаў дзею, стала зразумела: музыка — незаменная спадарожніца паэзіі Сітніцы. Нядзіўна, гэтага патрабуе палкая душа паэта, што пацвярджае яго новая кніга вершаў «Ток» («Чатыры чвэрці», 2018), дыханне якой вызначала настрой завірухі.


Гэты снег, панове, / нібыта магічнае нейкае шоу, / Што душу вяртае ў пачатак, / туды, дзе святло найперш. / І, напэўна, снег гэты / дзеля таго й прыйшоў, / Каб наўмысна патрапіць у верш.

Ён «цярушыцца проста ў душу» разам з адмысловымі музычнымі пералівамі. Стоены рух мелодыі, ласкавыя крокі пасажаў — невымоўным нат-
хненнем агортваў аркестр «Класік-Авангард». Чаргаванне мелодый аркестра і вершаў Рыгора Сітніцы — як дамова аб сакральным. Скрыпічныя хвалі прабіваліся праз завіруху. І мелодыя быццам ператваралася ў разважлівы расповед. Завіруха ў Сітніцы ўспрыімлівая, густоўная, сшытая з мелодый Станіслава Манюшкі, Дзмітрыя Смольскага, Гражыны Бацэвіч, Альфрэда Шнітке...

Маэстра Уладзімір Байдаў быццам варажыў неверагодна таемнымі музычнымі кампазіцыямі, задаючы хуткасць завірусе. Снежны спеў закалыхваў, накрываючы пледам асалоды. І раптам усю сутнасць Сітніцы вызначыла яркае магічнае крэшчэнда, якое змог перадаць аркестр. У ім — і пошукі, і заспакаенне, і парывы, і забыццё, і ўзлёт, і замілаванне.

Узляцець за песняй скрыпкі і ўяўвіць: вось гэты творчы змагар ідзе заснежаным вечарам і пазірае ў нябёсы з падзякай за новы верш... Сітніца побач з аркестрам — як слухач гэтай дзіўнай гісторыі пра сябе. Пранізлівая музыка быццам выпісвала партрэт творцы, угадваючы схільнасці і думкі.

...І ў родных нябёсах душой патануць і вачыма; / І, роўняю стаўшы мурашцы, рамонку, траве, / Падумаць не страшна, што некалі ўсё ж пазаве / Усіх нас дадому нябесная наша Айчына.

І пакацілася завіруха ноткамі блюза (разнажанравыя прапановы былі ў той вечар), як вандроўка па сэнсах паэта.

Кропля-секундамі час / капае — у забыццё... / Гэтак, напэўна, праз нас / Наша ўцякае жыццё.

Завіруха душы Сітніцы... Ці не яна начаравала яго адмысловы альбом «Простыя рэчы» («Звязда», 2017)? Фотаздымкі, 140 рэпрадукцый мастацкіх твораў, каля 50 вершаў прэзентуюць творчы жыццяпіс мастацкага волата Сітніцы. «Мастак — паэт. Колеры гучаць. Колеры ўсхвалявана спавядаюцца. Колеры рыфмуюцца. Лініі гавораць. Лініі жывуць. Лініі бліскавічаць імгненне», — выказаўся пра Сітніцу Рыгор Барадулін. Россып думак-абярэгаў захаваны ва ўступным слове Рыгора Барадуліна «Паэт-Мастак», што змешчана ў альбоме. Стары, але надзейны ліхтар не шкадаваў святла. Якім шчасцем было быць у яго святле Рыгору Сітніцы. Два Рыгоры — два вялікія караблі, якія не маглі не сустрэцца. «У вершах Рыгора Сітніцы — раскутасць і ашчаднасць, аратайнасць і панавітасць, апантанасць і раздумнасць, прыпар шчодрадайнасці й прысмак смутку, баляванне гуку і раскоша майстэрства», — гаварыў Рыгор Барадулін.

Пра што вы, поле, сцяжына, камень? / Пра што імгненна? Пра што — вякамі?/ Адбітак, водгулле, рэха, след... / Калісь аднойчы я стану вамі, / Тады спасцігну ваш альфабэт.

Неабдымная натура Сітніцы прагне музычнага палёту. Дапамагчы дакрануцца крыламі сэрцаў, што чакаюць паэтычнага наталення. Абудзіць найглыбейшыя струны-мроі душы. Энергічнае танга, начараванае «Класік-Авангардам», — як нельга лепш: і такой мусіць быць душа Сітніцы. Аркестр у сінтэзе з вершамі вызначылі танец для завірухі.

Жоўтае лісце на змоклым асфальце / Пераступаем, шукаючы выйсця... / Гэта было, прыгадай, у Вівальдзі... Гэта ў душы маёй перапляліся / Сцежкі вільготныя, жоўтае лісце...

«Кола грукатала, зорка чаравала» — як моцны вецер уварваўся ў завірухавую дзею гурт «Палац». Кантрастам для аркестра. Што ўсё ж больш пасуе творчасці Р. Сітніцы: разважлівасць «Класік-Авангарда» ці моц і шалёнасць/раскаванасць «Палаца»? «Засядлаю коня варанога», — падпяваў Алегу Хаменку Рыгор Сітніца. А потым яшчэ: «Добры вечар, красная дзяўчына. А дзе ж твая шчасная доля?»

Першаснежнае дзіва сыходзіць з нябёс... / А я вышняю цішаю верш гэты вышыю, / Першаснежжам журбу сваю зацерушу / І стэрыльна-нябеснаю белаю цішаю / Забінтую падрапаную душу.

Ступаеш па крохкай замеці, правальваючыся ў снег паэзіі. Хочацца зноў і зноў азірнуцца: сляды на снезе — пячаткі замілавання. Вачыма — уверх, думкамі — углыб і зноў — у рой музычных сняжынак. Хай сыпле снег паэзіі няспынна! Хай дзьме завіруха на біс Астарам П'яцолам, Генрыхам Вагнерам, Джонам Уільямсам, Каралем Шыманоўскім, Стэфанам Грапэлі, Яўгенам Глебавым.

Падпявай, завея, паэту ў варыяцыях на Песні песняў Саламона: Як пячатку, мяне пакладзі ты на сэрцы сваім, / Як пярсцёнак, мяне на вякі на руку надзень.

Пульс завірухі гарачы: колькі сэрцаў тым вечарам наталіла гэтая моц музыкі і верша. Стоенасць думак, узлёт. Музыка — як карункі для вершаў Сітніцы. У абдымках музыкі расчыніць душу насцеж, «зашыцца ў тваю слязу».

На тваіх палахлівых грудзях / астываюць мае пацалункі... / Як лазе вінаграднай цяпло раздаюць палесцінскія промні... / Я ўжо больш, Суламіта, / нічога не ўмею і толькі люблю, / І пяшчота звярынай журбой раздзірае нутро мне.

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?