25 Май, пятніца

Вы тут

Свой жыццёвы код


Ці калі прозвішча сугучнае са словам «школа».

Размову з Наталляй Шокалай, настаўніцай рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы ў горадзе Высокае Камянецкага раёна, смела можна разбіраць на цытаты — толькі паспявай запісваць! Я вельмі старалася занатаваць усю тую педагагічную і жыццёвую мудрасць, якою літаральна фантаніруе гэты педагог. Ці атрымалася? Меркаваць вам...


Няма ў свеце, напэўна, ніводнай дзяўчынкі, якая ў школьныя гады не марыла б аб прафесіі настаўніка. Каб аднойчы ўвайсці ў клас з указкай і журналам, усміхнуцца сваім вучням і прамовіць запаветнае: «Добры дзень, дзеці!» Для Наталлі Мікалаеўны гэта мара здзейснілася напоўніцу.

Пасля Высокаўскай сярэдняй школы яна паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, прычым, абраная спецыяльнасць была даволі спецыфічная... Прынамсі, пра гэта і не толькі лепш раскажа яна сама. «Я не магла зрабіць выбар паміж беларускай і рускай мовамі, якія любіла аднолькава, за што шчыра дзякую сваім цудоўным настаўнікам: Валянціне Мікалаеўне Фядковіч і Маіне Сяргееўне Доўгань. Пасля іх урокаў паступаць было лягчэй, а вобраз гэтых педагогаў стаў прыкладам на ўсё жыццё. Аднак, выбіраць было ўсё ж неабходна, і я... пайшла на кампраміс. Мая спецыяльнасць, якой сёння ўжо няма ў ВНУ, — «Беларуская і руская мова. Літаратура народаў свету». Такое цікавае спалучэнне».

Пасля ўніверсітэта па размеркаванні Наталля Шокала з задавальненнем вярнулася ў родную школу, дзе працуе вось ужо 20 гадоў — такі своеасаблівы юбілей. Прычым больш за дзесяць з іх яна выкладала беларускую мову, а потым перайшла да рускай.

Праца настаўніка грэе душу маёй гераіні. І імпануе, у першую чаргу, тым, што кожны яе дзень у школе цікавы і непаўторны. «Стараюся ўплятаць у мелодыю ўрока ноткі гумару. Заўсёды дазваляю вучням выказваць уласнае меркаванне, а ў адказ дзялюся сваім. Атрымліваецца дыялог».

Падчас урока Наталля Мікалаеўна часта карыстаецца сучаснымі тэхналогіямі, якія дапамагаюць зрабіць матэрыял цікавым і даходлівым. А вось мабільныя тэлефоны на гэтыя 45 хвілін для вучняў — пад забаронай. Цалкам станоўча настаўніца ставіцца да электронных кніг: калі вучню так больш зручна, калі ласка. Сама ж больш ахвотна возьме ў рукі традыцыйную кнігу.

Сярод вучняў настаўніцы — шмат пераможцаў алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. «Далучыць іх да ўдзелу не так і складана, угаворваць, на шчасце, не трэба. Многія імкнуцца самі, — распавядае мая гераіня. — А я, арыентуючыся на вопыт, адразу прыкмячаю: вось гэты хлопчык — паэт-пачатковец, гэты — артыстычны чытальнік, тая дзяўчынка валодае выдатнымі здольнасцямі да вывучэння мовы. Увогуле таленавітыя ўсе дзеці...»

Цікаўлюся, што Наталля Мікалаеўна робіць, калі нехта з выхаванцаў ну ніяк не жадае вучыцца, а яна тлумачыць, што нікога ніколі не прымушае, разумеючы, што лянівы, на першы погляд, школьнік можа быць проста фізікам па складзе розуму. Аднак неабходную базу па сваіх прадметах мая гераіня безумоўна дасць усім.

Калі ж дзённік школьніка стракаціць дрэннымі адзнакамі, то вінаватыя ў гэтым, на думку Наталлі Шокалы, і ён сам, і настаўнік, і бацькі. Калі гаварыць пра татаў і мам, то часам дзіцяці не хапае ад іх не тое што канкрэтнай дапамогі па фізіцы ці гісторыі, а падтрымкі маральнай. Увогуле ж, вучні сённяшнія не горшыя за колішніх, нават больш матываваныя. «Галоўнае, калі расказваю нешта на ўроку, бачу, што вочы іх не пустыя...»

У Высокаўскай СШ класы досыць вялікія па колькасці вучняў. І Наталлі Мікалаеўне, як яна прызнаецца, прасцей працаваць менавіта з такімі. «Калі ж справа датычыцца паглыбленага вывучэння прадмета, то лепш выкладаць групе з васьмі чалавек. Тады кожнага бачу».

Не магу абмінуць і змены, якія былі ўнесены ў школьную праграму не так даўно, у тым ліку па рускай мове і літаратуры. Наталля Шокала выступае супраць таго, што з яе выключаны твор Шэкспіра «Рамэа і Джульета». «На маю думку, ён менавіта для 14-гадовых, нават нягледзячы на няпростую мову аўтара. Маім дзецям, прынамсі, п'еса заўсёды падабалася. А вось санеты, якімі яе замянілі, больш падыходзяць 30-гадовым».

У Наталлі і яе мужа сёння падрастаюць двое дзетак: дачка Кацярынка вучыцца ў 5-м класе, сын Раман — у 2-м. Абое займаюцца ў музычнай школе па класах фартэпіяна і акардэона адпаведна. Сумяшчаць няпроста, але дазволу кінуць «музыкалку» дзеці не просяць, бо ў сям'і Шокалаў прынята так: пачаў справу — завяршы.

Калі пытаюся пра хобі, Наталля Мікалаеўна называе падарожжы. Дарога яе супакойвае... Куды ехаць, на чым, — без розніцы. Увогуле найлепшая вандроўка — спантанная. Мінулым летам, на канікулах, жанчына ездзіла з мужам, дзецьмі і сям'ёй брата на Нёман. З усмешкай успамінае, як а пятай гадзіне раніцы слухалі з Кацяй спевы першых птушак, выбраўшыся з палаткі. Зачараванне! Шокалы шмат дзе былі ў Беларусі, а самымі прыгожымі мясцінамі лічаць Палессе. Таксама мая гераіня вельмі любіць Полацк, называе яго СВАІМ горадам. «Адчуваю яго», — тлумачыць яна.

Акрамя таго, Наталля Мікалаеўна ахвотна вяжа дыванкі (мінулым летам паставіла абсалютны рэкорд — 12 за тры месяцы), вышывае крыжыкам карціны і ручнікі. Стварае звычайна нешта практычнае, не толькі для прыгажосці... «Прыемна, калі нехта носіць мае шкарпэткі, ходзіць па маіх дыванках. Сачу, у каго што прадзіравілася, і абнаўляю, раблю падарунак».

А яшчэ каля свайго дома Наталля Шокала высаджвае дрэвы. Яны растуць, цягнуцца галінкамі ў неба, як і вучні настаўніцы, чыё прозвішча, думаецца, невыпадкова такое сугучнае са словам «школа»...

Настасся НАРЭЙКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.

Грамадства

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Летась на вытворчасці адбылося амаль 1400 няшчасных выпадкаў. Многа гэта ці мала? 

Палітыка

Прэзідэнт узяў удзел у форуме экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог»

Прэзідэнт узяў удзел у форуме экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог»

Сёлета ён атрымаў назву «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».