Вы тут

Грашова-крэдытная палітыка сёлета будзе накіравана на стабільнасць


Грашова-крэдытная палітыка сёлета будзе накіравана на забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці. Пра гэта ішла размова на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка, падчас якога разглядаліся вынікі выканання асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі за 2017 год і задачы банкаўскай сістэмы па іх рэалізацыі ў 2018 годзе, паведамляе прэс-служба Нацбанка.


ЗВР — не менш за 6 млрд долараў

«Грашова-крэдытная палітыка ў гэтым годзе захавае сваю пераемнасць. Дасягненне цэнавай стабільнасці будзе садзейнічаць устойліваму і збалансаванаму развіццю эканомікі». У Нацбанку адзначылі, што гадавая інфляцыя ў снежні 2017 года склала 4,6 %, што істотна ніжэй чаканага ўзроўню. Назіраецца паступовае аднаўленне дзелавой і крэдытнай актыўнасці, чаму спрыяла істотнае зніжэнне ўзроўню працэнтных ставак. Акрамя таго, летась забяспечаны значны рост золатавалютных рэзерваў, у тым ліку за кошт своечасовага рэфінансавання ўрадам сваіх валютных абавязацельстваў. Сфарміраваны запас дазволіць своечасова пагашаць валютныя абавязацельствы сёлета, пры гэтым да канца года золатавалютныя рэзервы павінны скласці не менш за 6 млрд долараў.

Асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі ў 2018 годзе з'яўляецца абмежаванне інфляцыі ў памеры не больш за 6 %. Вызначанае лімітавае значэнне росту спажывецкіх цэн некалькі вышэйшае за фактычны ўзровень мінулага года, што тлумачыцца захаваннем адносна высокіх інфляцыйных чаканняў у эканоміцы і аднаўленчай дынамікай унутранага попыту. Разам з тым устаноўлены на гэты год параметр па інфляцыі ўзгадняецца з сярэднетэрміновай мэтай па яе зніжэнні да 5 % па выніках 2020 года.

Імгненныя плацяжы — з наступнага года

«Нацыянальным банкам будзе праводзіцца работа па стварэнні сэрвісу па імгненных плацяжах. Згаданы сэрвіс дазволіць удзельнікам плацежнага рынку ажыццяўляць плацяжы кругласутачна без выхадных і святочных дзён у рэжыме, максімальна набліжаным да рэальнага часу. Яго запуск плануецца ў 2019 годзе», — адзначылі ў прэс-службе.

У Нацбанку падкрэслілі, што для забеспячэння надзейнага функцыянавання плацежнай сістэмы ў гэтым годзе плануецца далейшае ўдасканаленне і падтрыманне ў актуальным стане нарматыўнай прававой базы, пашырэнне электроннага дакументаабароту паміж банкаўскай сістэмай і дзяржорганамі, развіццё праграмна-тэхнічнай інфраструктуры, а таксама зніжэнне рызык у плацежнай сістэме.

Працягнецца развіццё міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі шляхам пашырэння пераліку яе ўдзельнікаў, укаранення яе правядзення з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інтэрнэту, выкарыстання банкамі біяметрычных даных кліентаў. Для ўрэгулявання адносін пры ажыццяўленні плацяжоў па паслугах нябанкаўскіх устаноў, дзейнасць якіх у цяперашні час не рэгулюецца банкаўскім заканадаўствам, распрацавана канцэпцыя Закона «Аб плацежных паслугах у Рэспубліцы Беларусь».

Інвестыцыйны банкінг і рынак банкаўскіх аблігацый

Сёлета будзе развівацца фінансавы рынак шляхам удасканалення яго інструментаў і павышэння іх ліквіднасці, развіцця інфраструктуры. У прыярытэце — развіццё інвестыцыйнага банкінгу, рынку банкаўскіх аблігацый, укараненне механізмаў рэструктурызацыі, актывізацыя выкарыстання фінансавых інструментаў тэрміновых здзелак, стварэнне ўмоў для дзейнасці банкаў у сферы калектыўных інвестыцый.

Працягнецца ўдасканаленне парадку выдачы банкаўскіх крэдытаў, у тым ліку з дапамогай выкарыстання банкамі паказчыкаў пазыковай нагрузкі. Будзе праводзіцца работа па развіцці сегмента некрэдытных фінансавых арганізацый. Прынятыя летась нарматыўныя прававыя акты дазволілі комплексна ўрэгуляваць праваадносіны ў сферы лізінгу жылых памяшканняў, павысіць фінансавую ўстойлівасць спажывецкіх кааператываў, знізіць рызыкі парушэння правоў спажыўцоў фінансавых паслуг.

Лізінг інтэлектуальнай уласнасці

Таксама сёлета плануецца стварэнне прававой базы для лізінгу аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці і партнёрскага лізінгу, развіцця новых відаў мікрафінансавання з выкарыстанем фінансавых тэхналогій, функцыянавання самарэгулявальных арганізацый на базе профільных асацыяцый. Працягнецца фарміраванне комплекснай нарматыўнай прававой базы па стварэнні цэласнай сістэмы абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг.

Адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі

У найбліжэйшай перспектыве, паведамілі ў Нацбанку, плануецца адмяніць неабходнасць атрымання фізічнымі асобамі дазволаў на адкрыццё рахункаў за мяжой, рэалізаваць пераход ад дазвольнага парадку правядзення асобных валютных аперацый руху капіталу да рэгістрацыйнага, цалкам адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі», — гаворыцца ў падрыхтаваным дакуменце.

Адначасова Нацыянальным банкам сумесна з урадам будзе працягнута работа па выключэнні выкарыстання замежнай валюты ў разліках на тэрыторыі Беларусі, а таксама пры фарміраванні цэн, ставак пошлін і іншых плацяжоў. У цяперашні час падрыхтаваны і праходзяць узгадненне адпаведныя прапановы па ўнясенні змяненняў у шэраг указаў Прэзідэнта, а таксама ў Грамадзянскі і Банкаўскі кодэксы.

Завяршэнне ключавых этапаў дэдаларызацыі мяркуецца да канца 2018 года. У Нацбанку падкрэслілі, што важнасць ажыццяўлення мер па ўдасканаленні валютнага заканадаўства абумоўлена перш за ўсё неабходнасцю зняцця існуючых бар'ераў і залішніх адміністрацыйных працэдур пры вядзенні бізнесу, захавання стабільнасці нацыянальнай валюты. У цэлым Нацбанк будзе рэалізоўваць узважаную манетарную палітыку, накіраваную на дасягненне сярэднетэрміновай мэты па інфляцыі і падтрыманне збалансаваных стымулаў эканамічнага росту.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Інфляцыя па годзе — не больш за 6 %

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.