Вы тут

Чаму нам трэба павышаць узровень прававой культуры ў сферы ІT


Праваахоўнікі канстатуюць рост кіберзлачыннасці ў краіне. Колькасць злачынстваў у інфармацыйнай прасторы Беларусі за год павялічылася на 25,4 %. Прычым часцей зламыснікі «лавілі» сваіх ахвяр у інтэрнэце не дзякуючы высокаму прафесіяналізму, а праз бестурботнасць грамадзян. Хоць мы практычна без страт перажылі нашэсце вірусаў Реtуа і WаnnаСrу летась, прадстаўнікі дзяржорганаў усё яшчэ занепакоеныя ўзроўнем прававой культуры беларусаў у сферы ІT.


Інтэрнэт-бестурботнасць

Як адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі МУС Уладзімір Зайцаў, колькасць выяўленых злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій летась у параўнанні з 2016 годам вырасла з 2471 да 3099. «Амаль тры чвэрці злачынстваў у кіберпрасторы звязаны з крадзяжамі шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі. Акрамя таго, на 20 % павялічылася колькасць выяўленых злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі», — дадаў Уладзімір Зайцаў. Калі разглядаць статыстыку дэталёва, то на 16 злачынстваў павялічылася колькасць фактаў неправамернага завалодання камп'ютарнай інфармацыяй (да 29). Стала больш выпадкаў мадыфікацыі даных — з 13 у 2016 годзе, да 25 у 2017 годзе. Узрос і несанкцыянаваны доступ да камп'ютарных даных — з 258 да 462 злачынстваў. За мінулы год усталявалі 1052 датычных да інфармацыйнага бандытызму зламыснікаў. Суму страт ад іх незаконных дзеянняў у віртуальнай прасторы ацанілі ў 3,2 млн рублёў.

Як адзначыў следчы па асабліва важных справах галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Аляксандр Махнач, у беларусаў сёння нізкі ўзровень прававой культуры ў галіне інфармацыйных тэхналогій. «Часам даводзіцца ўпрошваць чалавека прыйсці на допыт і прызнаць сябе пацярпелым», — растлумачыў Аляксандр Махнач.

Паразітычны майнінг

Аляксандр Махнач таксама расказаў, што ў сувязі з ажыятажам вакол біткойна камп'ютары беларусаў сталі часцей падвяргацца кібератакам, калі з дапамогай укаранення шкоднага кода на дэвайс у далейшым яго без вашага ведама выкарыстоўваюць як частку бот-сеткі для стварэння біткойнаў. «Неабходна кантраляваць свой інтэрнэт і выключэнне гаджэтаў, каб іх працэсары не выкарыстоўваліся зламыснікамі», — дадаў Аляксандр Махнач.

Калі на вашым камп'ютары ўжо ёсць праграма для схаванага майнінгу, які забірае вылічальныя магутнасці працэсараў, — ёсць два варыянты. «Калі грамадзянін настойвае на прыцягненні да адказнасці тых асоб, што заразілі яго камп'ютар, то ён павінен звярнуцца ў органы ўнутраных спраў. Пры гэтым ён павінен разумець, што яго тэхніка будзе ўзята для экспертызы на час яе правядзення. Без экспертызы гэта немагчыма. Камп'ютар вам пасля абавязкова вернуць», — растлумачыў Аляксандр Махнач.

Калі ж грамадзянін не хоча звяртацца ў праваахоўныя органы, то варта паспрабаваць пераўсталяваць аперацыйную сістэму на камп'ютары. «Не перашкодзіць раз на суткі выключаць мадэм на некалькі гадзін. Справа ў тым, што ў краіне дынамічныя ІР-адрасы. Калі выключыць свой мадэм і атрымаць іншы ІР-адрас, то шкоднасная праграма не зможа працаваць», — параіў Аляксандр Махнач.

Закон для персанальных даных у распрацоўцы

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў адзначыў, што ў плане на 2018 год ёсць распрацоўка праекта закона аб персанальных даных. Такога сістэмнага і комплекснага дакумента ў Беларусі яшчэ няма. «Праведзена вельмі вялікая работа. У яго распрацоўцы прымала ўдзел вялікая колькасць дзяржорганаў. Каля 100 краін свету маюць такі закон. Нам неабходна было ўрэгуляваць гэтую сферу, у тым ліку зыходзячы з прадпісанняў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Калі нашы кампаніі выходзяць за межы краіны і пачынаюць працаваць з персанальнымі данымі, то Беларусь могуць успрымаць як краіну з недастатковым узроўнем рэгулявання гэтага пытання», — растлумачыў Вадзім Іпатаў. Паводле яго слоў, ужо адпрацавана канцэпцыя дакумента і ўзгоднена на найвышэйшым узроўні. Неўзабаве пачнецца распрацоўка закона.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Чалавечы фактар віртуальнай бяспекі

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.