Вы тут

Як уладкаваць дзіця ў садок?


Больш за пяцьдзясят прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі прынялі ўдзел у выязной прэс-канферэнцыі старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі ў Жодзіне. Пытанні ўзнімаліся самыя розныя, сярод іх — далейшае развіццё буйных населеных пунктаў Міншчыны, стварэнне камфортных умоў пражывання для насельніцтва, добраўпарадкаванне тэрыторый, будаўніцтва дашкольных устаноў.


У прыватнасці, у Фаніпалі пражывае 16 тыс. чалавек, аднак інфраструктура не разлічана на такую колькасць людзей. Шмат праблем і ў Мінскім раёне. Многія жыхары гэтага рэгіёна працуюць у Мінску і, зразумела, падаткі плацяць у бюджэт горада. Разам з тым на прамую тэлефонную лінію аблвыканкама часта звяртаюцца жыхары населеных пунктаў раёна са скаргамі на дрэнныя дарогі, асвятленне вуліц, недахоп месцаў у садках і школах, спецыялістаў у паліклініках. Атрымліваецца, што ўсімі пытаннямі так ці інакш займаюцца мясцовыя ўлады. Зразумела, што сродкаў на вырашэнне ўсіх праблем у раённым бюджэце не хапае. Ці бярэ на сябе часткова клопат аб сваіх работніках Мінгарвыканкам, ці разглядалася пытанне ўзаемадзеяння абласных і сталічных уладаў па добраўпарадкаванні раёна, пацікавіліся журналісты.

— Людзі працуюць у Мінску — гэта добра. Але ж і сталічныя жыхары таксама едуць працаваць у вобласць: Смалявічы, Дзяржынск, Жодзіна. Што датычыцца дапамогі Мінгарвыканкама, то ў нас наладжана супрацоўніцтва ў тых ці іншых кірунках. І неабавязкова сродкі ідуць на добраўпарадкаванне, — адзначыў Анатоль Ісачанка.

«Мы добра ведаем праблемы Мінскага раёна. І паступова будзем іх вырашаць, у тым ліку і па адкрыцці новых дзіцячых дашкольных устаноў, — адзначыў губернатар. —  Увогуле ў Мінскай вобласці каля пяці тысяч выхаванцаў маюць патрэбу ў месцах у дзіцячых садках. На працягу трох гадоў праблему плануецца вырашыць. Сёлета пачнецца будаўніцтва некалькіх дзіцячых дашкольных устаноў, у прыватнасці, у такіх буйных населеных пунктах, як Фаніпаль, Бараўляны, якія практычна сталі паўнавартаснымі гарадамі».

Летась у Мінскай вобласці ўведзены ў дзеянне новыя дзіцячыя садкі ў аграгарадку Прылукі на 150 месцаў, у вёсцы Копішча, гарадах Жодзіна і Стоўбцы на 230 месцаў у кожным. Дзіцячы сад-яслі на 154 месцы адкрыты таксама на базе былога дзіцячага дома ў Жодзіне.

Спыніўся Анатоль Ісачанка і на пытаннях навядзення парадку і добраўпарадкавання буйных населеных пунктаў Міншчыны. Работы будуць працягвацца ў аграгарадку Лясны і вёсцы Бараўляны, горадзе Жодзіна. У мінулым годзе пачалося ўладкаванне пасёлка Калодзішчы. Сёлета яно працягнецца, на гэта будуць выдзелены сродкі.

Губернатар нагадаў, што ў мінулым годзе шмат зроблена па добраўпарадкаванні Смалявіч. І не толькі таму, што тут праходзілі абласныя «Дажынкі», а для таго, каб акумуляваць сродкі і прывесці горад у належны выгляд. Дарэчы, сёлета фестываль працаўнікоў сяла прыме Мядзел. Ужо выдзелены неабходныя фінансавыя рэсурсы. «Мяркую, што горад стане прыгажэйшы і ўтульнейшы, — дадаў Анатоль Ісачанка.

Ну і, вядома, разам з развіццём сацыяльнай сферы павінен паляпшацца дабрабыт жыхароў вобласці. Не апошняе месца тут адыгрывае магчымасць працаўладкавання і заробкаў. Па словах Анатоля Ісачанкі, заданне па адкрыцці 10 тысяч рабочых месцаў павінны выканаць за кошт адкрыцця новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў, а таксама — развіцця прадпрымальніцтва. Апошнім часам кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг дакументаў, якія прадугледжваюць актывізацыю дзелавой ініцыятывы, падтрымку тым, хто мае намер адкрыць сваю справу. «Наша задача актывізаваць гэтую работу і падказаць чалавеку, куды можна звярнуцца па садзейнічанне», — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка.

Не абышлі ўвагай журналісты і пытанне падрыхтоўкі да сяўбы. Старшыня Мінаблвыканкама запэўніў, што яна ідзе ў планавым парадку. А па назапашванні мінеральных угнаенняў Міншчына ў лідарах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».