Вы тут

Успаміны пра Івана Новікава


Тыя, хто часта бывае ў Мінску, а тым больш жыве ў сталіцы, звыкла ўспрымаюць назвы вуліц Ісая Казінца, Мікалая Кедышкі, Васіля Жудро, Івана Кабушкіна, дый іншых, хто заслужыў удзячную памяць нашчадкаў гераічнай барацьбой з фашысцкімі захопнікамі ў акупаваным горадзе. Але доўгі час пасля Вялікай Айчыннай вайны такіх вуліц не існавала: адсутнічала пэўнасць у ацэнцы мінскага падполля. А гэтыя людзі былі яго актыўнымі ўдзельнікамі. Лічылася, што мінскае падполле было створана самімі акупантамі ў правакацыйных мэтах. Тым самым была заплямлена памяць тых, хто дзеля вызвалення роднай рэспублікі не шкадаваў свайго жыцця.


Ішлі гады, а сітуацыя з асэнсаваннем ролі мінскага падполля не змянялася. Усё зрушылася з месца толькі пасля таго, калі для высвятлення гэтага пытання была створана спецыяльная камісія Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі. У склад яе ўвайшоў і карэспандэнт, а пазней загадчык карэспандэнцкага пункта галоўнай газеты Савецкага Саюза «Правда» па Беларусі Іван Новікаў.

На той час ён ужо быў чалавекам вядомым. Паспеў зарэкамендаваць сябе дасведчаным прынцыповым журналістам. Рабіў і першыя крокі ў літаратуры, аддаючы перавагу дакументальнай прозе. Многае хацелася прааналізаваць, нешта пераасэнсаваць, расказаць пра самаадданую працу людзей, якіх добра ведаў. Такая схільнасць у яго з’явілася яшчэ ў гады юнацтва.

Скончыўшы 1-ю клімавіцкую сямігодку (нарадзіўся ў тамашняй вёсцы Незнань), паступіў у Магілёўскі газетны тэхнікум. Працаваў у клімавіцкай раённай газеце «Камуна». Разумеючы, што атрыманых ведаў мала, у 1938-м стаў студэнтам Аршанскага настаўніцкага інстытута. Праз год перавёўся ў Ленінградскі інстытут журналістыкі. Аднак вучобу перапыніла вайна. Ваенкамат накіраваў Новікава ў артылерыйскае вучылішча. Ужо з лютага 1942 года ён камандаваў узводам упраўлення «кацюш».

Ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Паўднёвым, Сталінградскім, 4-м і 3-м Украінскіх франтах. Біў ворага ў Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі. Быў паранены. Перамогу сустрэў у Аўстрыі начальнікам разведкі дывізіёна. Калі ў аўтабіяграфіі пісаў: «Ён (ягоны лёс. — А. М.) даў мне паспытаць усяго: і радасці, і смутку, і цяжкасцей, і асалоды, якую прыносіць дасягнутая мэта. Ён кідаў мяне па свеце, часам не клапоцячыся аб тым, ці выплыву я ці не з бурнага мора жыцця».

Дэмабілізаваўшыся ў 1946 годзе, стаў супрацоўнікам «Советской Белоруссии». Вядома, праца ў ёй не ішла ні ў якое параўнанне з «Камунай». Там — раённыя абсягі, тут — рэспубліканскія. Але што з радасцю ўспамінаў са сваіх «камунскіх» будняў, дык тую шчырую атмасферу, якая панавала ў рэдакцыі, творчае дый жыццёвае сяброўства з Аляксеем Кулакоўскім, які пазней стане вядомым беларускім пісьменнікам, журналістамі Артурам Гардзіевічам, Васілём Мінаевым… Затое ў «Советской Белоруссии» нямала напаткаў і тых, хто ўжо меў вялікі творчы вопыт.

З цягам часу Іван Новікаў узначаліў сельскагаспадарчы аддзел. А гэта пастаянныя паездкі па рэспубліцы, сустрэчы з цікавымі людзьмі… Аднак найбольш яркія ўражанні дала паездка на ХІ сесію Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Вынікам стала кніга «Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі». З яе, па сутнасці, і пачаўся Новікаў-пісьменнік.

Праўда, яшчэ ў 1948 годзе ў суаўтарстве з Васілём Пыжковым выйшаў нарыс «Герой Сацыялістычнай працы Тамара Шкурко». Але гэта былі толькі подступы. Характэрна і тое, што кніга пра Амерыку выйшла ў серыі «Бібліятэка беларускага апавядання і нарыса», у якую траплялі толькі лепшыя творы. Наступным выданням («Палескае золата», «Побач сябры») пры ўсёй іх прывязанасці да жыцця канкрэтных людзей ужо цесна было ў дакументальных межах. Гэта заўважалася, адчувалася па тым, як аўтар вышукваў тыповае, каб праз яго перайсці да шырокіх абагульненняў.

Ды, як дакладна прыкмеціў Уладзімір Гніламёдаў, «якасны паварот у творчай біяграфіі Івана Новікава звязаны з тэмай гераічнага подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны». Гэта засведчыла яго аповесць пра Веру Харужую «Сэрца інакш не можа», што пазней выйшла ў перакладзе на рускую мову ў Маскве. «Вырасла» яна з запісаў Харужай, якія трапілі ў рукі Івана Рыгоравіча. У 1959 годзе яны былі апублікаваны ў «Правде» і выклікалі шырокі чытацкі водгалас.

Новы паварот у творчай біяграфіі Новікава выклікалі аповесці «Руіны страляюць ва ўпор», «Дарогі скрыжавалі ў Мінску», «Да світання блізка», што склалі трылогію «Мінскі фронт». Шасцісерыйны тэлефільм «Руіны страляюць», сцэнарый якога ствараўся разам з Іванам Чыгрынавым, быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Гэтыя творы сталі своеасаблівым вынікам працы ў цэкоўскай камісіі, калі І. Новікаў даведаўся шмат праўды пра мінскае падполле і сустракаўся з яго ўдзельнікамі, якія выжылі, а таксама са сваякамі загінулых.

Найбольш яркім творчым дасягненнем пісьменніка стаў раман «Ачышчэнне». Па прызнанні самога аўтара, ён даўно хацеў «узяцца за мастацкі твор». Штуршком стала праца над трылогіяй «Мінскі фронт». У гутарцы са мной прызнаваўся: «...не пра кожны факт, не пра кожнага героя можна напісаць так адкрыта, шчыра, як гэта магчыма ў мастацкім творы. Некаторыя людзі, пра якіх я хацеў напісаць, адмовіліся расказваць пра сябе, нават пярэчылі: не пішы! Той, каму давялося хоць крыху мець справу з дакументальным жанрам, добра ведае пра такія абмежаванні».

У рамане вядзецца расповед пра ачышчэнне душы гераіні. Нялёгкае, балючае, але — такое неабходнае, каб чалавек спакойна мог жыць далей, не адчуваючы ніякай віны. Не толькі перад іншымі людзьмі, але і перад Радзімай.

Дзякуючы раману «Ачышчэнне» я і пазнаёміўся з Іванам Рыгоравічам і вельмі ўдзячны лёсу за гэтае знаёмства. Па заданні галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» падрыхтаваў з ім гутарку, ды сталася так, што матэрыял быў надрукаваны толькі праз некалькі тыдняў. Новікаў акурат пайшоў на пенсію. А ў нас як? У нас пра пенсіянераў, нават людзей творчых, часта забываюцца. Затое пазней артыкул пра Івана Рыгоравіча, у якім я выкарыстаў і вытрымкі з гутаркі, увайшоў у маю кнігу «Дарога ў запаветнае».

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота з фонду І. Новікава, што захоўваецца ў БДАМЛМ

Загаловак у газеце: З подзвігам сам-насам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».