Вы тут

Яна Ласка: “Паветраныя шары вяртаюць у дзяцінства”


Мінчанка Яна Ласка – аэрадызайнер, яна ўжо тры гады штодня працуе з паветрам і яшчэ ні разу ад рэальнасці не адарвалася. Затое можа і замкі, і прынцэс, і цэлую краіну з шарыкаў зрабіць.


 – Ваша праца падобная да дзіцячай мары – кожны дзень знаходзіцца сярод сотняў рознакаляровых паветраных шарыкаў. Як вы да яе прыйшлі?

– Шлях быў доўгім (усміхаецца). Я паспела атрымаць некалькі прафесій у розных сферах да таго, як апынуцца ў зацяжным дэкрэтным адпачынку. Да кожнай працы ставілася адказна, з цікавасцю. Таму натуральна, што і ў дэкрэце я пачала шукаць занятак, які б мог запоўніць мой вольны час, але не замінаў выхаванню дзетак.

Пра аэрадызайн даведалася выпадкова ў інтэрнэце: убачыла відэа, як людзі прафесійна шарыкі круцяць, і захацелася паспрабаваць самой. Як і ў любой іншай справе, пачынаць прыйшлося з малога. У маім выпадку – гэта былі кветкі з паветраных шарыкаў, якія часта можна ўбачыць на вуліцах.

– А што вас прымусіла рухацца далей?

– Я не ставіла перад сабой мэты зарабіць лёгкіх грошай праз “надувальніцтва” ў прамым і пераносным сэнсе. Цэлы год круціла шарыкі для сябе, на продаж нічога не ішло. Таму я карысталася любой нагодай, каб змайстраваць якую-небудзь канструкцыю з шароў. Гэта і пераезд сяброўкі ў новы офіс, і дні нараджэнняў аднакласнікаў маіх дзяцей, і нават проста, каб падняць настрой блізкім. Хацелася навучыцца ствараць нешта сапраўды вартае, што было б не сорамна прапанаваць кліентам.

Да таго ж павінна прызнацца – доўга не магла растлумачыць сама сабе, што мае працы могуць каштаваць грошай. Думала: ну як так, гэта ўсяго толькі шарыкі! Пазней пакрысе да мяне пачало прыходзіць разуменне, што гэта далёка не проста шары. Напоўніць латэкс паветрам ці геліем – сапраўды справа няхітрая. Аднак зрабіць з дзясяткаў ці сотняў шароў паўнавартасную скульптуру, складаную інтэр’ерную канструкцыю ці нават касцюм для чалавека – гэта і фантазію трэба мець, і пэўныя навыкi, і нямала часу. Аэрадызайн – гэта перш за ўсё паслуга па афармленні, а не продаж надзьмутых шарыкаў.

– У Беларусі аэрадызайн пачаў развівацца зусім нядаўна. Як вы асвойвалі сваю прафесію?

– У ХХІ стагоддзі многія вучацца праз інтэрнэт, я – не выключэнне. У сеціве я глядзела майстар-класы, гадзінамі сядзела на спецыялізаваных форумах, шукала адпаведную літаратуру. А пасля вучылася на ўласных памылках.

Хаця, безумоўна, было б цудоўна, каб у Беларусі з’явілася офлайн-школа па аэрадызайне. Зараз я працую ў гэтым напрамку і спадзяюся, што ў бліжэйшыя гады “паветраных” майстроў стане больш.

– Ведаю, вы часта ўдзельнічаеце ў спецыялізаваных конкурсах…

– Гэта неад’емная частка маёй працы. Ці, калі казаць дакладней, своеасаблівая атэстацыя на профпрыналежнасць. Паколькі менавіта на спаборніцтвах аэрадызайнеры робяць самыя эфектныя і складаныя фігуры. У звычайным жыцці такія заказваюць даволі рэдка, таму тут мы выкладваемся на поўную. Напрыклад, адзін з маіх самых значных твораў – вялізны сноўбардыст, якога я змагла “падлавіць”, паказаўшы ў руху.

Акрамя новых навыкаў, на конкурсах заўсёды можна абзавесціся карыснымі знаёмствамі са спецыялістамі нашай сферы. Гэта важна, паколькі аэрадызайнераў-прафесіяналаў не так і шмат.

– Наколькі рэальна ў наш час пабудаваць бізнэс “на паветры”?

 – Гэта такі ж бізнэс, як і любы іншы. У яго трэба ўкладвацца і матэрыяльна, і ўласным майстэрствам, і не лічыцца з часам. Галоўнае – працаваць і верыць у свае сілы.

 – Пасля таго, як вы захапіліся аэрадызайнам,  з вас не пачалі насміхацца, што вы “ўдарыліся ў дзяцінства”?

– А хіба гэта дрэнна, хаця б на некаторы час вярнуцца ў той стан, калі ўсім нам было бесклапотна і весела? Да таго ж жанчынам проста неабходна рабіць нешта сваімі рукамі. Адныя вяжуць, другія вышываюць крыжыкам, а я стала “круціць” шарыкі. Па-другое, родныя і сябры ведаюць: калі я нешта задумала, значыць, падыду да справы сур’ёзна і на паўшляху не кіну. Таму яны проста прытаіліся і пачалі чакаць, што з гэтага атрымаецца. Па-трэцяе, мае дзеці былі вельмі радыя, што ў іх матулі з’явілася такое незвычайнае хобі.

– Цікава, а ў вашым дзяцінстве былі паветраныя шары?

– Безумоўна! Аднак менавіта з імі звязаны адзін з маіх самых сумных дзіцячых успамінаў. Аднойчы на нейкае свята мы з мамай пайшлі ў парк. Там мне, вядома, купілі марозіва і прыгожы паветраны шар, які я ўмудрылася выпусціць… Доўга пасля гэтага перажывала. Але з часам зразумела, што важна ўмець адпусціць тое, што табе дорага. Дзякуючы гэтаму эпізоду я , калі працую з дзецьмі, заўсёды ім добра прывязваю шары да рук і абавязкова кажу: “Нават калі ён зляціць ад цябе – нічога страшнага. Заўсёды можна купіць новы!”

– У паветранага шара кароткі век. Вам не шкада сваіх прац?

– Не. Цешу сябе тым, што іх галоўная місія – стварэнне добрага настрою і фарміраванне пазітыўных эмоцый. Свята не можа доўжыцца вечна, праўда?  Іншае пытанне, што яго можна аформіць па-рознаму. Для дзетак гэта будзе яркая феерыя з каляровымі шарамі. На ўрачыстасці для дарослых падбіраем шары, напрыклад, у манахромнай гаме. Стылізацыя з фігурамі герояў мільтфільмаў падыдзе для свята з казачнай тэматыкай. Адным словам, колькі нагод – столькі і настрояў. Цудоўна, што кожны раз гэта нешта новае і непаўторнае.

– Яна, раскажыце, калі ласка, пра сучасныя тэндэнцыі ў аэрадызайне.

– Яшчэ тры гады таму папулярнасцю карысталіся розныя фiгуры, а сёння больш запатрабаваныя лаканічныя звязкі з шарыкаў, напоўненых геліем. Сапраўдны хіт продажу апошняга часу – шары-гіганты памерам 60-90 см у дыяметры. Змянілася і палітра: сёння часцей заказваюць празрыстыя, срэбраныя і залацістыя шары з канфеці ўнутры, а таксама з надпісамі і малюнкамі.

Даведка

Аэрадызайн – сучасны напрамак мастацкага афармлення інтэр’ернай прасторы з дапамогай паветраных шароў, дэталямі могуць быць вялікія канструкцыі і скульптуры.

Важна

Паветраныя шарыкі вырабляюць толькі некалькі краін у свеце. Сярод іх – Бельгія, Італія, Калумбія, Мексіка, ЗША, Кітай.

Выбіраючы афармленне для дзіцячага свята, будзьце ўважлівыя і не бярыце шарыкі з рэзкім пахам латэксу, а таксама тыя, на якіх шмат тальку. Памятайце, што самыя танныя з іх могуць выклiкаць моцную алергічную рэакцыю!

З гісторыі аэрадызайну

На першы погляд, паветраны шар – вынаходка сучаснасці. Аэрадызайн як рамяство на Беларусі пачаў развівацца ўсяго 10-15 гадоў таму. Але насамрэч гісторыя мастацтва надзімання шароў вымяраецца тысячагоддзямі.

Аказваецца, паветраныя шары вынайшлі яшчэ старажытныя ацтэкі. Яны ўпрыгожвалі памяшканні вантробамі жывёл, якія надзімалі і размалёўвалі рознакаляровымі ўзорамі. Відовішча, напэўна, было не для слабанервовых. Тым не менш, традыцыю ацтэкаў перанялі старажытныя рымляне. Менавіта яны пачалі афармляць залы паветранымі шарамі падчас святочных дзён.

У перыяд Сярэднявечча “лятучыя ўпрыгажэнні” сталі неад’емным атрыбутам баляў і карнавалаў. Храбрыя рыцары і прыгожыя дамы кружыліся сярод іх у танцах да світанку. Вядома, што ў Старажытнай Русі ва ўсіх залах, дзе арганізоўвалі прадстаўленні ў гонар князя Уладзіміра Вялікага, таксама абавязкова развешвалі рознакаляровыя паветраныя шарыкі з бычыных вантробаў.

Надзімаць паветрам латэкс прыдумалі толькі ў XIX стагоддзі. Упершыню гэта зрабіў прафесар Каралеўскага Лонданскага ўніверсітэта Майкл Фарадэй, а папулярызавалі латэксныя шарыкі Томас Хінкок і Джордж Інграм. Гэтыя людзі і стаялі ля вытокаў сучаснага аэрадызайну.

У Савецкім Саюзе паветраныя шары доўгі час былі дэфіцытам. Выпусціць з рук такую каштоўнасць па неасцярожнасці лічылася сапраўднай трагедыяй роўна да таго моманту, як у 1980 годзе ў неба падняўся сімвал Алімпійскіх гульняў – мядзведзяня Міша. Васьмімятровая гумавая цацка, якая махала гледачам на развітанне лапай, і па сёння лічыцца адной з самых вядомых у свеце, а яе адлёт у зорнае маскоўскае неба – адным з самых запамінальных відовішчаў.

Ганна КУРАК

Фота з асабістага архіва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».