21 Чэрвень, чацвер

Вы тут

Фільм з сямю намінацыямі на «Оскар» ідзе ў мінскім пракаце


Выдатны прыклад нешаблоннай драматургіі, дарэчнага змяшэння жанраў і стварэння неверагодных персанажаў, якія застаюцца з табой раз і назаўжды, будзе ісці да 15 лютага. Карціна напалову ірландскага, напалову брытанскага рэжысёра Марціна МакДоны «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры» ўжо атрымала ўзнагароды ў Венецыі, «Залатыя глобусы» і некалькі намінацый на «Оскар». На прэмію Амерыканскай кінаакадэміі чорная камедыя прэтэндуе ў тым ліку як найлепшы фільм: яе дасканалая прастата, жыццесцвярджэнне без маралізатарства і наіўная, але не банальная, трансфармацыя герояў галоўнай статуэткі дакладна вартыя.


Дзеянне «Трох білбордаў» — для лонданца карціна стала першым рэалізаваным у ЗША праектам — адбываецца ў амерыканскай правінцыі. Галоўная гераіня Мілдрэд заўважае тры пустыя білборды на дарозе, па якой ніхто не ездзіць, і вырашае выкарыстаць іх у сваёй барацьбе за раскрыццё справы аб згвалтаванні і забойстве яе дачкі. Яна кідаецца ў рэкламнае агенцтва і арандуе білборды, заказваючы тры надпісы, адрасаваныя шэфу мясцовай паліцыі Уілаўбі. Паліцыя ж, замест таго каб успрыняць гэта як стымул да дзеяння, лічыць учынак Мілдрэд абвяшчэннем вайны. Першым у гэтай вайне аказваецца дурны, лянівы і нязграбны супрацоўнік паліцыі Дыксан, і нават сам Уілаўбі, якога, мабыць, не дарэмна любіць увесь горад, спачатку няздольны стаць на месца маці, што страціла дачку.

І вось, у гэтай гарачай, але крыху абсурднай барацьбе нейкім чынам аказваецца замяшаным ледзь не ўвесь горад: ярка-чырвоныя білборды Мілдрэд выклікаюць рэзананс, і кожны персанаж — з-за сваёй пазіцыі або асабістага стаўлення — аказваецца на нейкім баку.

Што цікава, сам глядач, калі і аказваецца на пэўным баку, эмпатыю будзе адчуваць амаль да кожнага з персанажаў — маці Дыксана, інфантыльнага дырэктара рэкламнага агенцтва, закаханага ў Мілдрэд карліка і, вядома ж, да кожнага з галоўных герояў.

У гэтай мітусні мы можам убачыць жыццё Мілдрэд, Уілаўбі і Дыксана, трапіць у іх сем'і, растлумачыць іх паводзіны і не знайсці ў гэтым сюжэце ніводнага адмоўнага персанажа (акрамя нябачнага забойцы і яго магчымага ўвасаблення ў эпізадычнай ролі маральнага вылюдка). У эксцэнтрычных выбрыках Мілдрэд вы гатовы ўдзельнічаць самі, паводзіны Дыксана здольны зразумець і прыняць, у дачыненні да Уілаўбі адчуваеце, што можаце на яго спадзявацца.
І гэтая надзея не аказваецца марнай — менавіта шэф паліцыі, ужо не як чын, а як звычайны чалавек, дае старт кардынальным трансфармацыям. У гумарыстычнай традыцыі фільма лагічна, што замацоўвае вынік недалёкая 19-гадовая дзяўчына былога мужа галоўнай гераіні, якая прамаўляе цытату пра тое, маўляў, што зло спараджае толькі зло. І зло адступае — Мілдрэд і Дыксан аб'ядноўваюцца дзеля апошняй справы, якую невядома, ці завершаць.

У выпадку з новай карцінай МакДоны нельга не захапіцца распрацоўкай персанажаў і акцёрскімі ролямі. Галоўную гераіню шыкоўна сыграла Фрэнсіс МакДорманд — актрыса, што выглядае, як суседка з мясцовага двара. Яна стварыла вобраз рашучай, смелай, баявой, разняволенай, іранічнай прадаўшчыцы ў сувенірнай краме, якая ў адзіночку ўвязваецца ў барацьбу і да апошняга трымаецца ў ёй малайчынай. Вудзі Харэльсан сыграў шэфа паліцыі і сваім добрым тварам ні на секунду не даў усумніцца, што ўсё будзе добра (ці амаль усё). Сэм Рокуэл непараўнальны ў ролі мамчынага сынка як у сцэнах, калі яго прыніжаюць, так і ў сцэнах, дзе прыніжае ён.

Ва ўсім гэтым смешным, трагічным і насычаным тлуме дабро нарэшце небанальна перамагае зло. Можна надоўга затрымацца ў кур'ёзнай гісторыі амерыканскай правінцыі, дзе нетрадыцыйная, але супердраматургія, гумар і простая скіраванасць да гледача без высакалобага снабізму ўвасабляюцца ў трох чырвоных білбордах.

Марцін МакДона, дарэчы, зняў карціны «Залегчы на дно ў Бруге» з Колінам Фарэлам і Брэнданам Глісанам і «Сем псіхапатаў», дзе апроч іншых сыгралі Вудзі Харэльсан і Сэм Рокуэл з «Трох білбордаў». Акрамя таго, брат Марціна МакДоны — даволі вядомы рэжысёр і прызёр Берлінале Джон Майкл МакДона, які зняў, напрыклад, гамерычна смешны фільм «Аднойчы ў Ірландыі» і актуальна-абсурдную «Галгофу». Нарэшце, акрамя поўнаметражных работ, Марцін МакДона з'яўляецца аўтарам кароткаметражкі «Шасцізарадны», якая ў 2006 годзе ўжо атрымала «Оскар» як найлепшы ігравы кароткаметражны фільм. Наступная цырымонія ўзнагароджання гэтай прэміяй Акадэміі пройдзе ў Лос-Анджэлесе 4 сакавіка — тады мы і даведаемся, ці атрымалі «Тры білборды» і яго акцёры па заслугах.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Тры чырвоныя білборды

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»

Медыяпраект «Мая малая Радзіма, або Чаму я стаў педагогам?» запусцілі ў БДПУ.

Эканоміка

Дачы і катэджы: калі складана прадаць — то можна здаць

Дачы і катэджы: калі складана прадаць — то можна здаць

Загарадных дамоў на рынку так зашмат, што іх не купляюць нават па сабекошце.