Вы тут

У што гуляць з дзіцем маласнежнай зімой?


Не ведаю, як вы, а мы з сынам вельмі любім зіму. Але не такую, як сёлета, а сапраўдную, снежную, марозную. Калі можна ўволю пакатацца з горак, на лыжах, каньках. А як цудоўна ўпасці на снег і «намаляваць» анёлка ці зляпіць беласнежны замак... А вось у што гуляць з дзіцем маласнежнай зімой? Што ўзяць з сабой на вуліцу, каб ажывіць шэры пейзаж. Мы сабралі самыя цікавыя парады, якімі дзеляцца маладыя мамы на форумах.


Воль­га Лазарава ра­зам з сы­нам Пяк­це­ем ра­ду­юц­ца кож­на­му снеж­на­му дзянь­ку. Фо­та Ган­ны Занкавіч.

Калі за акном змрочна і дзіця не хоча выходзіць на вуліцу, прапануйце яму надзець акуляры з аранжавымі ці жоўтымі шкельцамі. Шэры дзень адразу стане сонечным і вясёлым.

Зацікаўце дзіця незвычайнымі прадметамі, якія можна ўзяць з сабой на вуліцу: бінокль, лупа, ліхтарык...

Калі на вуліцы ідзе снег, звярніце ўвагу дзіцяці на тое, якая прыгожая і непаўторная кожная падаючая сняжынка. Для гэтага яе трэба злавіць на які-небудзь цёмны фон — рукавіцу або аркуш чорнай паперы — і разгледзець праз лупу. Таксама сняжынку можна сфатаграфаваць і даследаваць, павялічыўшы выяву.

З біноклем на шпацыры вы заўсёды знойдзеце аб'ект для назірання: катоў, сабак ці птушак. А ліхтарык спатрэбіцца, калі на вуліцы ўжо сцямнее, бо вяртацца дадому, асвятляючы шлях, нашмат цікавей.

Не спяшайцеся хаваць летнія цацкі. Яны спатрэбяцца вам і для зімовых прагулак. Дзецям будзе асабліва цікава гуляць з імі — бо, уявіце сабе, на дварэ зіма, а яны з сачком у руках!

Сачком можна лавіць мыльныя бурбалкі. А яшчэ ім можна гуляць: кідайце ў сачок дзіцяці снежкі ці шышкі, называючы пры гэтым ядомыя і неядомыя прадметы. Адны ён павінен злавіць, а другія — прапусціць.

Пакладзіце абруч на снег або павесьце яго на дрэва. Ён будзе цудоўнай мішэнню. Кідаць у яго можна тыя ж самыя снежкі, шышкі або мячыкі.

З мячыкам, дарэчы, можна пагуляць у слоўныя гульні. Кідайце адно аднаму мяч і пры кожным кідку дадавайце да слова кідаючага сваё: зіма — холадна — санкі — снег — рукавіцы...

Прыдумайце для прагулкі цікавае заданне або даручэнне. Напрыклад, пакарміць птушак. Калі ў вас побач з домам няма кармушкі, то самы час змайстраваць яе сваімі рукамі. Найбольш просты варыянт з пакунка з-пад соку ці малака. Можна зрабіць некалькі такіх кармушак і развесіць іх у суседнім парку. А потым абыходзіць усе і дасыпаць у іх зярняткі. Так у вас будзе і больш-менш працяглы маршрут, і мэта прагулкі.

Фо­та Ган­ны Занкавіч.

Гульня «Пошук скарбу»

Вам трэба будзе загадзя купіць у краме «скарб». Гэта можа быць пачастунак (маленькая шакаладка, цукерка), цацка або сувенір. «Скарб» трэба пакласці ў непрамакальны пакецік і схаваць пад снегам у пэўным месцы. Дзіця павінна яго знайсці, кіруючыся вашымі падказкамі. Падказкі могуць быць простыя, напрыклад, горача-холадна ці больш складаныя: зрабі два крокі налева, потым тры крокі наперад і г. д. Для старэйшых дзетак можна намаляваць адмысловую карту з заданнямі.

Цацкі з каляровага лёду

Увечары заліце падфарбаваную (харчовымі фарбавальнікамі) ваду ў формачкі рознага памеру. Падыдуць як сіліконавыя для замарожвання лёду, так і набор для пясочніцы. Можна выкарыстоўваць і звычайную ваду, але для прыгажосці лепш дадаць у яе ягады, кавалачкі апельсіна, яловыя галінкі. Перад тым як паставіць формачкі ў лядоўню, не забудзьце пакласці ў кожную па пяцельцы з нітак — каб гатовыя фігуркі можна было развесіць на галінках дрэў у лесе або ў двары вашага дома.

Як паводзяць сябе на марозе мыльныя бурбалкі?

Спадзяюся, у нас яшчэ будзе гэтай зімой магчымасць правесці цікавы эксперымент. Калі на марозе (ад -7 °С) надзьмуць мыльную бурбалку, яна на вачах пакрыецца ледзянымі ўзорамі і ператворыцца ў хрустальны шар. Чым ніжэйшая тэмпература, тым хутчэй бурбалка замерзне. Ідэальная тэмпература для крышталізацыі -15 °С. Крыштальнымі мыльнымі бурбалкамі можна ўпрыгожыць дрэва і кусты побач з домам.

У моцны мароз можна зрабіць з дзецьмі і ледзяныя ліхтарыкі

Вось самы просты спосаб: скласці снег па крузе, утрамбаваць і потым паліваць яго вадой, каб вырасталі ледзяныя сценкі. А ўнутр такога ліхтарыка можна паставіць тоўстую свечку або бенгальскі агонь.

Цікавых і карысных вам прагулак, шаноўныя чытачы. І памятайце, любую непагадзь можна расквеціць багатай фантазіяй.

Наталля МАЎЧАНАВА

Загаловак у газеце: Зімовыя забаўкі...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.