25 Май, пятніца

Вы тут

Гісторыя жанчыны, якая прайшла нарказалежнасць і калонію


У старэнькай кватэры чуваць упэўненыя дзіцячыя крокі. Цемнавокі хлопчык гойсае па пакоях, але ўсё адно стараецца не адыходзіць далёка ад мамы. На яго разуменне, гэта самы надзейны, добры і моцны чалавек у свеце.

Для Ганны (прозвішча не называецца па просьбе гераіні. — Аўт.) права быць з сынам — перамога над сабой і над тымі меркаваннямі, што склаліся ў грамадстве пра бацькоў, «чыім дзецям лепш будзе жыць у інтэрнаце».


Не бывае безнадзейных людзей

«Калі нарадзіўся Давід, нас доўга не выпісвалі з бальніцы. Дактары ставіліся ўважліва, аднак я ўвесь час адчувала жах. Баялася, што зноў забяруць сына, як гэта ўжо было аднойчы», — так жанчына пачынае сваю гісторыю.

У сацыяльных службаў былі падставы пільна сачыць за маладой маці. У вачах людзей яна была «нядобранадзейнай асобай» з цьмяным мінулым, складаным дзяцінствам і судзімасцю. Пра ўсе гэтыя акалічнасці Ганна расказвае проста, не прыхарошваючы, але і не прыніжаючы таго, што было. Яна спадзяецца, што прыклад яе жыцця дапаможа іншым паверыць — не бывае безнадзейных людзей і сітуацый.

— Мы жылі ў той частцы горада, адкуль рэдка хто «выбіваецца ў людзі». З маленства бачыла п'яныя застоллі, бойкі. З сястрой і братам былі пакінуты на саміх сябе. У школе дзеці з нас смяяліся, здаралася, што не было адзення і прыладаў, каб пайсці на ўрокі.

У шостым класе дзяўчына кінула вучобу, крыху пазней на сем гадоў з'ехала ў Мінск шукаць новыя магчымасці, а ў выніку звязалася з «дрэннай кампаніяй».

— Тады я мала задумвалася, што можна рабіць, а што нельга. Жыццё ўспрымалася, як рызыкоўная гульня, дзе трэба ўвесь час правяраць свой спрыт. Так пачала красці, упершыню паспытала наркотыкі і стала залежнай. Азіраючыся назад, дзіўлюся: «Божа, няўжо мне тады ні разу не прыходзіла думка, што жыццё можа вярнуць учынкі бумерангам?»

У тым горадзе, дзе ўсё ўжо пустыня...

Гэта радок з верша, які Ганна аднойчы напісала, яшчэ не ведаючы, што ён стане ў нейкім сэнсе прарочым.

— У 2011-м мяне пасадзілі ў турму за захоўванне наркотыкаў. Калі прыйшла міліцыя, нас у кватэры было трое — я, сястра і брат. Узяць віну на сябе мне падалося высакародным учынкам, зусім як у кіно. Аднак тры гады прайшло, і ні брат, ні сястра не падумалі мяняцца.

Месца зняволення сапраўды нагадвала пустыню — там таксама не адчувалася жыццё. Аднолькавыя дні, многія жанчыны выглядаюць і паводзяць сябе, як робаты. Не сказаць, што Ганну лічылі адшчапенцам, дзякуючы вясёламу характару яна часта станавілася «душой кампаніі».

На двары калоніі вылучаліся дзве пабудовы. З аднаго боку быў клуб, з другога — царква.

— Нават не ведаю, чаму пайшла да храма. Аднак выстаяла ўсю службу, хоць адчуванне было такое, быццам разрываюся на часткі. Дзіўна, да таго дня я не лічыла сябе веруючай. Аднойчы да нас прыехаў святар з Гомеля, амаль усе насельнікі калоніі прыйшлі па блаславенне. Памятаю, асабліва ўразіў яго позірк — вакол жанчыны з цяжкімі лёсамі, а гэты чалавек глядзіць на іх з такой спагадаю! Тады, мусіць, я і зразумела, што Бог не ў словах, Ён у такой бескарыслівай любові ў вачах.

Дарога да сябе

Пакуль Ганна адбывала тэрмін зняволення, Багдана — яе першае дзіця — забрала прыёмная сям'я. Калі жанчына вярнулася ў Баранавічы, то адразу паспрабавала знайсці сына. Яна не была афіцыйна пазбаўленая бацькоўскіх правоў, аднак прыёмныя бацькі лічылі, што ім не варта бачыцца.

— Я разумела, што «згубіла твар» перад грамадствам, і гэта ўжо не забудуць і не даруюць. Але ўжо тады ведала: хачу змяніцца! Напачатку існаваў нават нейкі спецыфічны азарт: «Ах, вы не верыце, што такое магчыма? Што ж, памяняюся насуперак вашым уяўленням!»

Жанчына ўладкавалася працаваць на швейную фабрыку. За яе паводзінамі быў пільны нагляд, як за абавязанай асобай. З заробку вылічвалася сума доўгу за ўтрыманне Багдана ў інтэрнаце і плата за жыллё — аказалася, што тры гады ніхто з сямейнікаў не аплачваў камунальныя паслугі. Акрамя таго, у брыгадзе дазналіся пра мінулае калегі і пачаліся касыя позіркі.

— Аднойчы я спазнілася на работу на 15 хвілін і атрымала мільён рублёў штрафу. Калі ўлічыць, што заробак і так невялікі, рашэнне кантрольных службаў аказалася сур'ёзным ударам. Потым нібы найшло нейкае ачмурэнне: сярод ночы сабрала рэчы ў пакет, злавіла першую «папутку» і падалася ў Маскву.

Жыццё нібы пачалося з чыстай старонкі. Ганна працавала дыспетчарам, часткова зарабляла сама, часткова была на ўтрыманні мужчыны, з якім аднойчы пазнаёмілася. Той счараваў ласкавым абыходжаннем, у пары нарадзілася дачка...

Пасля гэтага адносіны мужчыны памяняліся. Ён страціў да каханкі цікаўнасць, малую адабраў і звёз да сваіх родзічаў. Пачаў біць, забіраць грошы. Дайшло да таго, што аднойчы, ужо цяжарная Давідам, Ганна проста збегла з дому...

Лёс і надзея

— Страху перад міліцыяй не было — ведала, што змагу нарадзіць нават у калоніі, затое мы з сынам будзем жывыя і ў бяспецы. Куды больш непакоіла, што гэта дзіця таксама адбяруць і я ніяк не змагу супраціўляцца. Па нумары ўстановы па аказанні дапамогі ў складанай жыццёвай сітуацыі «Лёс і надзея» патэлефанавала без усялякіх спадзяванняў. Адказала Ірына Логвін. Найперш яна распытала пра цяперашняе становішча, параілася, які вынік хачу атрымаць. Нічога важней за Давіда ў мяне тады не было.

Валанцёры арганізацыі падказалі занесці дакументы на дзіця па месцы працы. Такім чынам Ганна атрымала матэрыяльную дапамогу. Пасля выпіскі з бальніцы сям'я некаторы час жыла на здымнай кватэры, аднак сродкаў не хапала, і Ганна вярнулася ў бацькоўскі дом. Як магла, зрабіла там рамонт. Увесь гэты час яе матэрыяльна падтрымлівала «Лёс і надзея».

— Канешне, да нас хадзілі камісіі ад розных устаноў. Праверкі нервавалі, але Ірына тлумачыла, як трэба сябе паводзіць, раіла рабіць копіі дакументаў, не падпісваць бяздумна паперы. Я ведала, што атрымаю прадукты, лекі і псіхалагічную падтрымку. А яшчэ — не хацела падводзіць людзей, што паверылі ў мяне.

Абачлівасць і бездакорныя паводзіны далі свой плён. Жанчыну знялі з уліку ў наркалагічным дыспансеры, у жніўні ўдалося арганізаваць дзень нараджэння для Багдана і атрымаць дазвол бачыцца з ім. Пакуль што забіраць хлопчыка назад рызыкоўна: сям'я Ганны ўсё яшчэ знаходзіцца на ўліку СНС (сацыяльна небяспечнае становішча. — Аўт.).

— Бачу, што прыёмная сям'я любіць майго сына, клапоціцца пра яго. Хацелася б быць побач, але разумею, што пакуль яму будзе там лепш.

На сёння самая вялікая праблема нашай гераіні — жыллё. У кватэры жыве брат Ганны, і свае паводзіны ён змяняць не збіраецца. Жанчына вымушана цярпець, пакуль за суседнімі дзвярамі гуляе п'яная кампанія. Аднойчы яна не вытрымала і патэлефанавала ў міліцыю. Як вынік — нічога не памянялася, затое яе і Давіда паставілі на ўлік СНС. Тым не менш у будучыню маці глядзіць з аптымізмам.

— Вясной да нас павінна прыйсці чарговая камісія. Спадзяюся, мы пакінем добрае ўражанне. Потым у мяне скончыцца дэкрэтны адпачынак, Давід пойдзе ў садзік. Магчыма, я змагу больш зарабляць, бо пакуль пасля ўсіх выплат наша сям'я мусіць жыць на 130 рублёў у месяц. Дапамагаюць валанцёры, аднак яны не могуць выдзяляць пастаянную матэрыяльную падтрымку. Разам з арганізацыяй «Лёс і надзея» пішам лісты ў органы ўлады, просім асобнае жыллё. Я разумею, як цяжка, апынуўшыся «на дне», вярнуцца да звычайнага жыцця. Аднак жа ёсць тыя, хто хоча змяняцца! Шукайце магчымасці, шукайце неабыякавых людзей, і лёс пойдзе вам насустрач. Для сябе ўжо вырашыла: калі атрымаецца, буду таксама дапамагаць людзям. Кансультаваць, падтрымліваць — даваць усё тое, чаго так не хапала на самым пачатку майго шляху.

Прасіць дапамогі не сорамна

Юрыдычна ўстанова «Лёс і надзея» існуе другі год. Спецыялісты ставяць сваёй мэтай аказваць усебаковую падтрымку сем'ям і грамадзянам, што хочуць пераадолець або папярэдзіць складаную жыццёвую сітуацыю. Якім чынам гэта зрабіць, мы пагутарылі з Ірынай Логвін, адной з арганізатараў дабрачыннай установы.

— Ірына, раскажыце, якім чынам узнікла ідэя кансультаваць сем'і ў крызісным становішчы?

— Усё пачалося з праекта падтрымкі маладых мам. У большасці выпадкаў, прычынай адмовы ад дзіцяці было не столькі нежаданне яго мець, колькі сацыяльны цяжар. На той час дабрачынныя арганізацыі працавалі па вузкай спецыяльнасці, і мы вырашылі ахапіць кірункі, па якіх у Беларусі мала хто працуе.

— Якую дапамогу прапануе «Лёс і надзея»?

— Дапамагаем матэрыяльна, прававой кансультацыяй і эмацыянальна-псіхалагічнай падтрымкай. Мы не вырашаем усе праблемы кліента — гэта немагчыма. Але распрацоўваем алгарытм выхаду з крызісу, дапамагаем рэалізаваць усе сацыяльныя гарантыі, якія прапануе дзяржава. Асноўнае правіла — не ціснуць на чалавека. Выбар ён робіць сам, можа нават адмовіцца ад барацьбы. Тэрміновую матэрыяльную падтрымку аказваем, аднак асноўная наша работа — дапамагчы скласці запыты ў дзяржаўныя ўстановы.

— Чаму так цяжка бывае атрымаць афіцыйную дапамогу?

— На жаль, у грамадстве, у тым ліку сярод адказных асоб, існуе меркаванне, што скаржнік «сам вінаваты». Маўляў, не трэба было рабіць глупстваў — не пакутаваў бы цяпер. Але зробленага не вернеш. Калі пакінуць чалавека сам-насам з бядой, ён пачне скочвацца далей.

— Ці з любой праблемы можна знайсці выйсце?

— Наша краіна прапануе рознабаковую сацыяльную падтрымку. Іншая справа — заканадаўства не можа прадугледзіць усе выпадкі, таму здараюцца «тупіковыя сітуацыі». Як прыклад, магу прывесці гісторыю Ганны. Так, мы многага дабіліся, але некаторыя пытанні да гэтага часу адкрытыя. Сацыяльны цэнтр не выдае матэрыяльную падтрымку, бо маці — абавязаная асоба. З гэтай жа прычыны Ганна не можа ўладкавацца на больш прэстыжную работу, ды і сямейная сітуацыя не дадае сімпатый у патэнцыйнага наймальніка. Так што застаецца толькі пісаць запыты і прасіць заканадаўчы алгарытм выхаду з крызіснага становішча.

— Як трэба правільна прасіць дапамогі?

— Найперш — супакоіцца. Не прымаць неабдуманых рашэнняў. Некаторыя кліенты на эмоцыях выкрыкваюць: «Вы мяне несправядліва пакрыўдзілі, зараз паскарджуся ў Адміністрацыю Прэзідэнта!» Гэта памылковы шлях. Трэба пачынаць з запыту ў тую інстанцыю, дзе вам адмовілі, зрабіць копію адказу і пісаць наступны запыт у раённыя органы, потым, калі праблема не вырашана, на вобласць і гэтак далей. Чалавек з міністэрства бачыць вашу праблему ўпершыню і не паедзе разбірацца з ёй ад пачатку. Бывае, праблема вырашаецца, як толькі кліент атрымлівае інфармацыю, да каго трэба звярнуцца.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Падняцца «з дна»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.

Грамадства

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Летась на вытворчасці адбылося амаль 1400 няшчасных выпадкаў. Многа гэта ці мала? 

Палітыка

Прэзідэнт узяў удзел у форуме экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог»

Прэзідэнт узяў удзел у форуме экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог»

Сёлета ён атрымаў назву «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».