Вы тут

Дзецям прапаноўваюць намаляваць любімага героя ды зняць буктрэйлер


«Кніжная» акцыя — «Культурны маршрут «Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям» — стартуе на міжнароднай кніжнай выстаўцы, якая пройдзе ў Мінску напрыканцы лютага. Але падрыхтоўка да яе ідзе ўжо зараз, прычым поўным ходам.


— Мы хочам, каб акцыя была нефармальная, яркая, цікавая ды запамінальная, — кажа кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Людміла БЫКАВА. — Галоўная мэта, якую мы перад сабой ставім, — пазнаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з рэгіёнаў з сучаснымі беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі, іх творамі, абудзіць у малых жаданне чытаць.

— Больш за тое, мы хочам зрабіць з дзетак актыўных чытачоў, — дадаў адзін з арганізатараў акцыі, пісьменнік, галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка» і «Буся» Уладзімір ЛІПСКІ. — Каб яны не толькі «глыталі» цікавыя кнігі, але і ахвотна дзяліліся сваімі ўражаннямі ад прачытанага, давалі зваротную сувязь пісьменнікам. Мы з радасцю будзем змяшчаць найлепшыя дзіцячыя водгукі на старонках «Вясёлкі», «Бусі».

Дарэчы, дырэктар выдавецтва «Пачатковая школа» Вольга ВАНІНА таксама паабяцала пасля таго, як стартуе акцыя, распачаць адпаведныя рубрыкі ў рускамоўных часопісах для дзяцей «Рюкзачок» ды «Рюкзачишка».

Да акцыі падключыліся з дзясятак беларускіх выдавецтваў (у тым ліку і наш «Выдавецкі дом «Звязда»). Кожнае падабрала кнігі (сярод якіх, што прыемна, пераважная большасць на беларускай мове), якія могуць зацікавіць дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў. Менавіта яны ўвойдуць у склад «чароўных заплечнікаў», што разам з віктарынамі ды конкурсамі прыхопяць з сабой у рэгіёны дзіцячыя пісьменнікі. Сярод іх Алесь Карлюкевіч, Уладзімір Ліпскі, Алесь Бадак, Раіса Баравікова, Генадзь Аўласенка, Алена Масла і іншыя...

Спіс раёнаў, куды завітаюць пісьменнікі, таксама адкрыты. Ужо ёсць дамоўленасць з Любанскім, Дзяржынскім, Рэчыцкім, Калінкавіцкім. «Хацелася б, каб далучаліся і іншыя, — падкрэсліла Людміла Быкава. — Мы адкрытыя да кожнай ініцыятывы».

Арганізатары разумеюць, што плакатам сучасных дзяцей не здзівіць, таму актыўна выкарыстоўваюць мультымедыя.

Паводле слоў намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлка» Настассі РАДЗІКЕВІЧ, «чароўны заплечнік» будзе не толькі рэальны, але і віртуальны. Дзеці могуць атрымаць яго, не выходзячы з дому. Акрамя таго, мы прапаноўваем старэйшым удзельнікам акцыі зрабіць буктрэйлеры (кароткія відэаролікі з уражаннямі пра кнігу). Змясціць апошнія можна будзе пад адмысловым хэштэгам у сацыяльных сетках.

Пераможцам рыхтуюцца прыемныя падарункі. У прыватнасці, яны прымуць удзел у Дні беларускага пісьменства, які пройдзе ў Іванаўскім раёне. Акрамя таго, верагодна, што лепшыя з лепшых атрымаюць пуцёўку ў летнік «Зубраня».

— Цудоўна было б, калі б сачыненні, якія дзеці напішуць падчас акцыі, знітаваліся ў асобную кнігу. Да яе мог бы напісаць прадмову хтосьці з беларускіх пісьменнікаў, — падзяліўся сваімі марамі Уладзімір Ліпскі. — Наша задача натхніць юных талентаў на гэтую кніжку. А чаму б на аснове малюнкаў, якія будуць прадстаўлены на конкурс (маленькім дзеткам прапануюць намаляваць любімага героя), не надрукаваць паштоўкі?

Нягледзячы на тое, што пісьменнікі проста фізічна не паспеюць аб'ехаць да восені ўсе раёны, прыняць удзел у конкурсе могуць хлопчыкі і дзяўчынкі з усёй краіны. Падрабязную інфармацыю пра яго ўмовы шукайце на сайтах Міністэрства інфармацыі і часопіса «Вясёлка».

Надзея ДРЫЛА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».