Вы тут

Ці плануецца пашыраць магчымасці электроннага дэкларавання даходаў?


Сёлета не пазней за 1 сакавіка трэба падаць у падатковыя органы дэкларацыю аб даходах за мінулы год. Тут варта адразу адзначыць, што далёка не ўсе абавязаны наведваць падатковую інспекцыю. Па-першае, дэкларацыі запаўняюць толькі падатковыя рэзідэнты нашай краіны. А гэта фізічныя асобы, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дні ў каляндарным годзе. Па-другое, калі вы атрымлівалі даход з адной крыніцы, таксама можаце не турбавацца.

Якія даходы неабходна дэклараваць? Як атрымаць падатковую льготу? Ці плануецца пашыраць магчымасці электроннага дэкларавання даходаў? На гэтыя і іншыя пытанні адказваў эксперт — Андрэй Кавалеўскі, начальнік упраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах, падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.


Дзве кватэры за пяць гадоў

Паколькі яшчэ ў 2009 годзе сукупнае дэклараванне было адменена, дэклараваць усе даходы не трэба, удакладняе Андрэй Кавалеўскі. Падаткаабкладанню ў падатковым органе падлягаюць толькі некаторыя віды даходаў. Напрыклад, атрыманыя ад грамадзян пры продажы другой і больш на працягу апошніх пяці гадоў кватэры, жылога дома, гаража, зямельнага ўчастка, садовага доміка. Пры гэтым дэкларацыя прадстаўляецца толькі пры аплатным адчужэнні двух аб'ектаў нерухомасці, якія адносяцца да аднаго віду (напрыклад, дзвюх кватэр, двух жылых дамоў і г. д.). Дэклараваць трэба і даходы ад продажу на працягу каляндарнага года другога і больш легкавога аўтамабіля, даходы ад продажу нежылых аб'ектаў (офісаў, гандлёвых памяшканняў). Таксама падлягаюць дэклараванню даходы, атрыманыя ад продажу на працягу каляндарнага года хоць бы аднаго аўтобуса (транспартнага сродку, колькасць месцаў у якім, акрамя кіроўцы, большая за восем) або аўтамабіля, тэхнічна дапушчальная агульная маса якога перавышае 3500 кг.

Прадставіць дэкларацыю абавязаны і тыя, хто, з'яўляючыся падатковым рэзідэнтам краіны, атрымліваў даходы за мяжой або з-за мяжы ў выглядзе заработнай платы або іншай аналагічнай узнагароды за выкананыя работы, аказаныя паслугі, выйгрышаў у анлайн-казіно, замежных букмекерскіх канторах, атрыманыя ад замежных аператараў рынку «Форэкс»...

Стаўка падаходнага падатку адзіная ў дачыненні да ўсіх даходаў, няхай гэта будзе заработная плата, дывідэнды, даходы ад продажу маёмасці або іншыя, і складае 13 %.

Упершыню ў электронным выглядзе

Дэкларацыя прадстаўляецца ў падатковы орган па месцы жыхарства не пазней за 1 сакавіка. Падатковы орган зробіць разлік падаходнага падатку і да 1 мая ўручыць паведамленне на яго выплату. Аплаціць падаходны падатак неабходна не пазней за 15 мая.

Бланк падатковай дэкларацыі размешчаны на афіцыйным сайце міністэрства nаlоg.gоv.bу, і пры неабходнасці яго можна раздрукаваць. Таксама бланк дэкларацыі можна вывесці на друк з даведачна-пошукавых сістэм альбо набыць у пунктах продажу «Белсаюздруку», размешчаных у памяшканнях падатковых органаў, або ў спецыялізаваных крамах.

Дэкларацыя можа быць прадстаўлена любым зручным для грамадзяніна спосабам: асабіста або праз упаўнаважаную асобу, па пошце, а таксама ў электронным выглядзе. Дарэчы, эксперт нагадаў, што з 1 студзеня гэтага года жыхары могуць запаўняць і прадстаўляць дэкларацыі ў электронным выглядзе праз асабісты кабінет плацельшчыка на партале міністэрства з дапамогай уліковага запісу і пароля без выкарыстання ключа электроннага лічбавага подпісу.

Фота БЕЛТА.

Падатковы вылік

Прадставіць дэкларацыю аб атрыманых даходах могуць і грамадзяне, якія атрымлівалі ў 2017 годзе даходы не па месцы асноўнай работы (па дагаворах падраду) і маюць права на атрыманне падатковых ільгот у выглядзе стандартнага, сацыяльнага, маёмаснага або прафесійнага падатковага выліку.

Права на сацыяльны падатковы вылік маюць плацельшчыкі, якія аплацілі навучанне (сваё ці блізкага сваяка) ва ўстанове адукацыі краіны пры атрыманні першай вышэйшай, першай сярэдняй спецыяльнай або першай прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Маёмасны вылік могуць атрымаць тыя, хто стаіць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў і меў выдаткі на набыццё або будаўніцтва жылля. Інакш кажучы, калі чалавек, які мае месца асноўнай працы, атрымлівае таксама даходы яшчэ недзе, то пры наяўнасці права на адпаведныя падатковыя вылікі ён можа звярнуцца па іх атрыманне ў падатковы орган. Для гэтага неабходна прадставіць падатковую дэкларацыю, пазначыць у ёй даходы, атрыманыя не па месцы асноўнай працы, а таксама прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць права на падатковы вылік.

Калі крыніца даходу невядомая

Андрэй Кавалеўскі адзначыў, што падатковымі органамі аналізуюцца даходы і маёмаснае становішча людзей. Па выніках аналізу выяўляюцца асобы, чые расходы значна перавышаюць афіцыйна атрыманыя імі даходы. У такіх асоб падатковыя органы патрабуюць дэкларацыі аб даходах і маёмасці.

Калі вызначана, што расходы грамадзяніна перавышаюць яго даходы, і прадстаўленыя ім тлумачэнні не дазваляюць вызначыць крыніцу даходаў, за кошт якіх патрачаныя такія сумы, то даходы такой асобы, вылічаныя падатковым органам зыходзячы з сум перавышэння расходаў над даходамі, падлягаюць падаткаабкладанню. Так, у 2017 годзе падатковымі органамі прааналізавана інфармацыя аб даходах і расходах каля 17 тысяч грамадзян. Больш за 3 тысячы з іх па патрабаванні падатковага органа не змаглі пацвердзіць крыніцы сваіх даходаў, зрасходаваных на набыццё маёмасці і на іншыя мэты, у сувязі з чым ім прад'яўлены да выплаты падаходны падатак на агульную суму 4,8 млн рублёў.

Падаткі і штрафы

Калі тэрмін прадстаўлення дэкларацыі парушаны, то грамадзянін можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу. Так, пры наяўнасці да выплаты сумы падатку і пратэрміноўцы прадстаўлення дэкларацыі больш чым на тры працоўныя дні штраф складзе ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня — 24,5 рубля).

Такая ж адказнасць прадугледжаная, калі падатку да выплаты няма, але тэрмін прадстаўлення дэкларацыі парушаны больш чым на 12 месяцаў.

Можа скласціся сітуацыя, калі дэкларацыя прадстаўлена своечасова, але падатак не выплачаны або выплачаны не ў поўным аб'ёме. Калі незаплачаная сума падатку перавышае базавую велічыню, штраф складзе 15 % ад гэтай сумы, але не менш за 0,5 базавай велічыні (гэта значыць не менш за 12,25 рубля).

Па выніках работы падатковых органаў за мінулы год 6370 грамадзян, якія своечасова не прадставілі падатковыя дэкларацыі і не выплацілі ва ўстаноўлены тэрмін падаходны падатак, былі прыцягнуты да падаткаабкладання. Сума дадаткова прад'яўленага падатку склала 4,4 млн рублёў.

Праводзяцца праверкі ў дачыненні да фізічных асоб, якія ажыццяўляюць незарэгістраваную дзейнасць, а таксама асоб, чые расходы не адпавядаюць атрыманым даходам. У выпадку ўстанаўлення факта няпоўнай аплаты або нявыплаты падатку прымяняецца адміністрацыйная адказнасць. Разам з тым, калі вы ў першапачатковым варыянце дэкларацыі памыліліся і не цалкам пазначылі даходы, якія падлягаюць падаткаабкладанню, можна прадставіць удакладненую падатковую дэкларацыю і зрабіць даплату падаходнага падатку. Пры гэтым, калі ўдакладненая сума падатку будзе выплачаная не пазней за 15 мая, адміністрацыйная адказнасць не будзе прымяняцца.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Сакавік ужо хутка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».