Вы тут

Давід Ротман пра палітычную культуру і псіхалагізм выбараў


Часам статыстыка можа расказаць нам больш, чым самы красамоўны аратар. Адна справа, калі гэта датычыцца эканамічных паказчыкаў. Іншая — тэндэнцый у грамадстве. Менавіта іх і вывучаюць сацыёлагі з дапамогай апытанняў, аформленых у выглядзе графікаў і лічбаў, хоць па факце даследуюць пануючае меркаванне людзей. У тым ліку і электарату падчас перадвыбарчай кампаніі. Пра гэты бок выбараў і агульны палітычны фон краіны «МС» расказаў Давід РОТМАН, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў, доктар сацыялагічных навук, прафесар.


Падчас прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў на выхадзе з участкаў сацыёлагі традыцыйна праводзяць апытанні, хто за каго аддаў свой голас — гэта называецца экзітполам. У выпадку мясцовых выбараў складана дакладна сказаць, як яго праводзіць. «Калі б у нас выбары праводзіліся па партыйнай сістэме, то можна было б ладзіць экзітполы. Тады б высвятлялася, колькі галасоў аддадзена за тую ці іншую партыю. У нас жа выбары мажарытарныя (за каго прагаласавала большасць), і, атрымліваецца, апытанне трэба праводзіць побач з кожным участкам, бо галасуюць жа за пэўнага кандыдата», — тлумачыць сацыёлаг.

Якое з гэтага выйсце? Праводзіць «мабільныя» экзітполы. Гэты спосаб Цэнтр ужо апрабаваў падчас мінулых парламенцкіх выбараў. Так, пэўныя блокі акруг адбіраюцца па спецыяльным разліку, унутры блока абіраюцца выпадковыя ўчасткі, і затым інтэрв'юеры стаяць не ў адным месцы з раніцы да вечара, а на аўтамабілі па вызначаным маршруце перасоўваюцца і працуюць па гадзіне на кожным выбарчым участку. «Гэта сістэма працуе, у прынцыпе. Праўда, пакуль попыту на такога плана даследаванні няма», — канстатуе Давід Ротман.

На жаль, з просьбамі правесці экзітпол ні адна беларуская палітычная партыя не звярнулася.

«У нас партыйная сістэма пакуль не вельмі эфектыўна функцыянуе, таму што большасць нашых грамадзян яшчэ не адаптавалася да такой сістэмы. Зараз гэта праблема абмяркоўваецца, і, спадзяюся, у хуткім часе мы пяройдзем да змешанай сістэмы выбараў (мажарытарнай і прапарцыянальнай). Але на сёння рэйтынг партый вельмі нізкі, — адзначае сацыёлаг. — Хоць часта яны самі вінаватыя ў сваіх няўдачах».

Што датычыцца электаральнай актыўнасці, то, як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, яна найбольш высокая падчас прэзідэнцкай кампаніі, ніжэйшая — на парламенцкіх і самая невысокая — падчас выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. «Па нашым прагнозе, яўка складзе не меней за 55 %. Гэты паказчык залежыць ад важнасці, якую надаюць людзі выбарам. Падчас прэзідэнцкіх людзі, на іх думку, абіраюць таго, хто за ўсю краіну адказвае. А тут — асобныя кандыдаты... І хоць ёсць заявы, што сёлетняя кампанія досыць пасіўная, усё адно вылучана нямала кандыдатаў, працуюць пікеты. У любым выпадку кандыдатам варта імкнуцца часцей бачыцца з насельніцтвам, праводзіць сустрэчы, каб звярнуць на сябе ўвагу», — раіць дырэктар Цэнтра.

Канкурэнцыя ў акругах ёсць, таму варта сябе праяўляць. Толькі тады людзі пачнуць думаць і выбіраць, а не аддаваць свой голас выпадкова. «Тут усё нескладана: трэба не ленавацца, а актыўна працаваць, — мяркуе Давід Ротман. — Кандыдаты ў дэпутаты, якія ідуць «у народ», павінны ведаць аб праблемах і патрэбах людзей у іх акрузе. А для гэтага трэба з імі бачыцца, сустракацца, размаўляць. Пакуль гэтага не будзе, стаўленне да выбараў у мясцовыя Саветы застанецца нейтральным, калі не негатыўным. «Шэрасць» мясцовых выбараў шмат у чым тлумачыцца не самым яркім праяўленнем кандыдатаў. Ім варта не абмяжоўвацца выступленнем у СМІ і ўдзелам у пікетах».

Сярод галоўных каштоўнасцей чалавека — не толькі ў Беларусі, але і шмат у якіх іншых краінах — на першым месцы аказваецца сям'я, на другім — праца, на трэцім — сацыяльны капітал (сябры, знаёмыя). Таму часцей за ўсё да дэпутатаў звяртаюцца з асабістымі праблемамі. Але калі гэтыя тры асноўныя патрэбы — сям'я, праца, сябры — не закрытыя, то на астатнія, накшталт палітыкі, рэлігіі, культуры, увагі звяртаецца ўсё менш. «Галоўнае, каб ствараліся ўмовы для поўнай рэалізацыі першасных каштоўнасцяў. Інакш пра якую электаральную актыўнасць можна казаць?» — задае рытарычнае пытанне Давід Ротман.

Варта павышаць палітычную культуру і саміх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Праводзіць для іх спецыяльныя семінары, на якіх вучылі б правільна гаварыць і нават апранацца.

І трэба пачынаць з таго, каб працаваць менавіта з моладдзю. «Дарэчы, у сёлетняй кампаніі маладых людзей удзельнічае значна больш, чым у мінулыя разы. Думаю, што паступова пачало прыходзіць разуменне, што, калі станеш дэпутатам, ёсць шанц штосьці змяніць да лепшага. Амаладжэнне заўважна і ў парламенце, і сярод кадраў дзяржаўных органаў. Але вельмі гэтым захапляцца не варта, бо таксама важна, каб рашэнні прымалі і людзі з досведам. А ён набываецца тады, калі чалавек паступова дасягае прафесійных вышынь, а не ў адзін момант», — лічыць вучоны.

На жаль, згубілася традыцыя выхоўваць сабе спадкаемца, які б змог працягнуць справу вопытнага палітыка і пераняць яго досвед. «Нам сапраўды гэтага не хапае. Бо хочам мы таго ці не, але на наша месца прыйдзе маладая змена. І ўжо ад яе рашэнняў і памылак (якія можна папярэдзіць, калі правільна выхаваць моладзь) будзе залежаць наша жыццё, — адзначае Давід Ротман. — Але чаму мы пра гэта не дбаем сёння? Можна было б праводзіць майстар-класы, сустрэчы з вядомымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі. Ніколі не позна пачаць гэта рабіць. Бо палітычная кампанія адбываецца раз на некалькі гадоў, а палітычнае жыццё не спыняецца ніколі».

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: ...А моладзі стала больш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».