Вы тут

Час актывізавацца прайшоў?


На мінулых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія праходзілі ў сакавіку 2014 года, толькі 3,4% кандыдатаў былі вылучаныя ад палітычных партый. Больш за ўсё — ад камуністаў, ліберал-дэмакратаў і партыі «Справядлівы свет».


Фота: sputnіk.by

Сёлета 12 партый вылучылі сваіх кандыдатаў. Беларуская аграрная партыя і Беларуская партыя «Зялёных» — толькі па два ад кожнай. Апазіцыйныя партыі БНФ, Грамада і АГП праявілі сябе крыху актыўней — вылучылі 23, 54 і 71 кандыдата адпаведна. У лідарах, як заўсёды, аказаліся найбольш буйныя партыі — Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 409, 228 і 177 кандыдатаў адпаведна. Але разам з тым на 18 111 выбарчых акруг зарэгістравана толькі 22 278 кандыдатаў (21 227 з якіх, дарэчы, беспартыйныя). Гэта значыць, у большасці акруг выбары будуць безальтэрнатыўнымі. А партыйныя кандыдаты складаюць толькі 4,7 % ад усіх зарэгістраваных.

Перадвыбарную сітуацыю па просьбе журналіста «МС» пракаментаваў Пётр ПЯТРОЎСКІ, палітычны аналітык, навуковы супрацоўнік Цэнтра сацыяльна-філасофскіх і антрапалагічных даследаванняў Інстытута філасофіі НАН Беларусі.

— Звычайна нашы палітычныя партыі актывізуюцца толькі напярэдадні выбараў. Але гэтага, вядома, не хапае, каб выбаршчык мог правільна ацаніць іх працу. Якую адзнаку вы паставілі б ім сёлета?

— Я стаўлю палітычным партыям нездавальняючую адзнаку, таму што больш чым на 18 тысяч месцаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў усе разам палітычныя партыі вылучылі каля тысячы кандыдатаў. Гэта значыць, палітычныя партыі як інстытут не здолелі нават 10 % акруг закрыць уласнымі кандыдатамі. Што кажа аб глыбокім крызісе гэтага інстытута ў нашай дзяржаве і яго нездавальняючым функцыянаванні. Палітычныя партыі сёння ў цэлым неактыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. Найбольшую колькасць кандыдатаў вылучылі Камуністычная партыя Беларусі і Ліберальна-дэмакратычная партыя. Але для 18 тысяч месцаў лічбы несур'ёзныя. І гэта нягледзячы на тое, што для палітычных партый вылучэнне кандыдатаў мае найбольш простую форму, лёгкую ў плане юрыдычнай працэдуры.

— Мясцовыя выбары важныя для таго, каб электарат змог ацаніць працу дэпутата, каб вылучэнец у кантакце з грамадзянамі здолеў даказаць важнасць прыярытэтаў сваёй партыі, заваяваць давер. Пры плённай працы ў далейшым выбаршчыкі, магчыма, прагаласуюць за гэтую ж партыю на парламенцкіх выбарах. Але на практыцы атрымліваецца, што партыі ў гэтым неяк не зацікаўлены?..

— Цікава, што ў 2016 годзе Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта рабіў апытанне напярэдадні парламенцкіх выбараў. Сярод палітычных чаканняў адно з першых месцаў у беларусаў заняло якраз павелічэнне ролі партый, узмацненне іх уплыву як інстытута. Аднак, каб партыі задаволілі гэты запыт, неабходна ўдасканальвацца.

Паступовы сацыяльны калідор, які павінен фарміравацца ад дэпутатаў пярвічнага ўзроўню і да — у перспектыве — дэпутатаў парламента, будзе існаваць толькі ў рамках моцных партыйных структур. Але многія дзеячы чамусьці лічаць: навошта турбаваць сябе мясцовымі выбарамі, калі можна адразу ісці на парламенцкія?

— Штораз на мясцовых выбарах назіраецца невысокая яўка. Але сёлета, напрыклад, была распрацавана мабільная праграма, накіраваная на прыцягненне моладзі на ўчасткі 18 лютага. Як вы ацэніце працу з выбаршчыкамі?

— Выкарыстанне сёння розных сродкаў для таго, каб выбаршчыкі прыйшлі на ўчасткі для галасавання, вядома, трэба вітаць. Але неабходна разумець, што рэсурс інфармацыйна-агітацыйнай кампаніі па прыцягненні людзей не павінен абапірацца толькі на Цэнтральную выбарчую камісію. Нам зноў жа неабходна гаварыць пра кандыдатаў, палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, якія, дарэчы, і павінны стымуляваць яўку. Без актыўнасці гэтых інстытутаў ЦВК не зможа арганізаваць цікавасць да выбарчай кампаніі.

— Летась мы праводзілі апытанне на тэму, ці ведаюць грамадзяне свайго дэпутата. У большасці выпадкаў аказалася, што не, хоць ішоў ужо чацвёрты год склікання. Як не дапусціць такой сітуацыі ў далейшым?

— Першае — удзельнічаць у інфармацыйнай прасторы сваёй акругі. Калі ты дэпутат пасялковага, сельскага, гар- або райсавета, то павінен удзельнічаць у грамадскім жыцці, каб пра цябе пісалі ў газетах, паказвалі па мясцовым тэлебачанні. Калі гэтага не будзе, то, як той казаў, цябе не будзе. Другі фактар — тое, чаго не хапае, — грамадскія прыёмныя дэпутатаў. Дэпутата абіраюць грамадзяне, яны хочуць, каб ён быў правадніком, сувязным звяном паміж выканаўчай уладай і грамадзянамі. Калі дэпутаты не будуць гэта рабіць, пра іх ніхто не будзе ведаць. Сёння, на жаль, многія задаюцца пытаннем: навошта патрэбныя мясцовыя Саветы? А гэта звязана з тым негатыўным перажыткам, калі дэпутаты «як бы» выбіраліся, але ніхто пра іх не ведаў. Такую сітуацыю можна пераадолець толькі пры іншых формах паводзін саміх абраннікаў: актыўным удзеле ў жыцці акругі, сувязі з выбаршчыкамі, пастаяннай працы грамадскіх прыёмных, інфармацыйнай і грамадскай дзейнасці.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».