Вы тут

Ярмошына: Хочацца, каб мы атрымалі рэальнае мясцовае самакіраванне


Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў знаходзяцца зараз на піку актыўнасці. Ідзе перыяд агітацыі — на жаль, ведае пра гэта не так шмат беларусаў. Каб разабрацца ва ўсіх тонкасцях цяперашняй выбарчай кампаніі, наш карэспандэнт пагутарыў са старшынёй Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй ЯРМОШЫНАЙ.


— У нашай газеце часам з'яўляюцца апытанні, прысвечаныя выбарам у мясцовыя Саветы дэпутатаў, і складваецца ўражанне, што людзі дрэнна арыентуюцца ў гэтым працэсе. Чаму так адбываецца, і як змяніць сітуацыю?

— У нас грамадзяне часцяком блытаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў з мясцовай выканаўчай уладай. Таму і пры апытаннях людзі часта кажуць, што дэпутат не павінен быць карумпаваным, яму неабходна клапаціцца пра народ, а не пра свой кашалёк. Але я адразу хачу падкрэсліць: у нас усе дэпутаты — гэта грамадскія дзеячы, яны апрыёры не могуць быць карумпаваныя ў сілу таго, што не атрымліваюць зарплату і прымаюць толькі калектыўныя, сесійныя рашэнні. Ні адзін з іх не валодае тым асабістым службовым подпісам, які можа размеркаваць матэрыяльныя рэсурсы.

Чаму не ведаюць пра дэпутатаў? Па-першае, таму, што з імі рэдка сутыкаюцца. Яны мала рэкламуюць сваю дзейнасць, што цалкам натуральна для грамадскіх дзеячаў. Па-другое, грамадзяне нават не ведаюць, чым займаюцца гэтыя людзі і якія ў іх паўнамоцтвы. Я не ўпэўненая, ці правільна раблю, калі ўвесь час падкрэсліваю, што яны грамадскія дзеячы. Можа, народ пачынае думаць: навошта хадзіць на выбары, што з іх узяць? З другога боку, падтрымліваць у насельніцтва ўпэўненасць у тым, што дэпутат мае тую рэальную выканаўчую ўладу, якой грамадзяне ў думках іх надзяляюць, я таксама не магу. Таму думаю, што тут патрэбна праўдзівая інфармацыя — проста яе трэба як мага больш. І гэта, перш за ўсё, аповед простай мовай аб дзейнасці Саветаў — фармальны матэрыял у газеце ніхто чытаць не будзе, таму што гэта сумна. Трэба расказваць простымі словамі, што робіць дэпутат.

— На любых выбарах кожны кандыдат агучвае канкрэтныя заявы — што ён зробіць, калі людзі аддадуць за яго свой голас. На жаль, рэалізацыя звычайна кульгае. Ці трэба неяк кантраляваць выкананне перадвыбарных абяцанняў?

— Я не лічу гэта неабходным. Больш за тое, я думаю, што гэта перш за ўсё грамадская ўлада, дэпутаты працуюць у рамках закона аб мясцовым самакіраванні. Часцяком тое, што яны рэкламуюць, — гэта толькі намеры. Можа быць, яны нават не ведаюць, ці справяцца з гэтым. Як і ўсе грамадзяне, дэпутаты сутыкаюцца з праблемай выканання намераў. Чаму? Таму што не заўсёды эканоміка дазваляе іх выканаць. Напрыклад, калі дэпутат абяцае пабудаваць дарогу, ён жа ўсё роўна яе не пабудуе — можа толькі звярнуцца да мясцовых улад з адпаведнай просьбай.

Лепш за ўсё работа дэпутата відаць у вёсцы, таму што там мясцовае самакіраванне і ўлада прадстаўлена ў адной асобе — старшыні сельскага Савета. Гэта людзі, якія і прымаюць рашэнні, і выконваюць іх. Што датычыцца горада і раёна, то існуе падзел. У дэпутата ёсць просьбы, а вось ці зможа іх рэалізаваць выканаўчая ўлада?.. Таму я думаю, што ў нас і так ёсць праблема пошуку кандыдатаў у дэпутаты і адпужваць іх справаздачамі не варта. Яны і так робяць карысць для насельніцтва, а мы яшчэ спрабуем прывязаць нейкую адказнасць. Не варта ставіцца да дэпутатаў мясцовых Саветаў занадта строга — прад'яўляць прэтэнзіі трэба не асобнаму прадстаўніку дэпутацкага корпуса, а выканаўчаму органу горада, раёна або рэгіёна.

— Адмову ў рэгістрацыі на выбарах атрымалі 311 чалавек. Па якіх прычынах гэта адбылося?

— Магу сказаць, што шэраг кандыдатаў у дэпутаты аспрэчылі гэтыя рашэнні. У тым жа Мінску было пададзена 25 скаргаў — і пяць з іх былі задаволены. У нас гэтая лічба ўвесь час мяняецца: хто-небудзь з кандыдатаў здымаецца — напрыклад, так званыя дублёры. Гэта людзі, якія ідуць, скажам так, у звязцы з асноўным кандыдатам. Яны сыходзяць, каб не перашкаджаць асноўнаму кандыдату, што натуральна, гэта сусветная практыка.

У асноўным усе адмовы былі абгрунтаваныя, хоць, можа быць, не абышлося без фармалізму. Напрыклад, частая прычына адмовы — памылкі ў запаўненні дэкларацыі аб даходах і маёмасці. У камісіі ёсць права зарэгістраваць кандыдата, нягледзячы на гэтыя недахопы, але можна і адмовіць, — звычайна выбіраецца другі шлях.

Яшчэ адна прычына для адмовы — гэта памылкі пры запаўненні падпісных лістоў. Тут у прыклад можна прывесці адмову па фармальных падставах кандыдату па Барысаўскім раённым Савеце. Ён — інвалід-калясачнік, сам не змог падаць дакументы. Гэта зрабіў кіраўнік яго ініцыятыўнай групы — і чалавек дапусціў памылку ў напісанні акругі. Камісіі трэба было звярнуць на гэта ўвагу, ведаючы, што гэта за кандыдат, але яна не звярнула. Мы прапанавалі вярнуцца да разгляду гэтага пытання зноў — а аказалася, што названая асоба нават не сабрала неабходную колькасць подпісаў: трэба было 75, а ў яго было менш за 70. Памылкі былі дапушчаныя ў сувязі з неспрактыкаванасцю групы. Хацела б сказаць, што гэты кандыдат пазней даслаў падзячны
ліст у ЦВК, у якім адзначыў наш нефармальны падыход да яго праблемы і паабяцаў улічыць памылкі ў будучай кампаніі.

Рэгістрацыя і вылучэнне — гэта своеасаблівае чысцілішча. Любы чалавек, паступаючы на працу, праходзіць праз нейкія выпрабаванні. Па сутнасці, гэта першы экзамен для кандыдатаў, — і калі чалавек не можа яго здаць, то камісія мае права лічыць яго непадрыхтаваным.

— Колькасць кандыдатаў у дэпутаты, маладзейшых за 30 гадоў, на цяперашніх выбарах — крыху больш за 5 %. Чаму моладзь неахвотна ідзе ў палітыку?

— Перш за ўсё моладзь лічыць выбары справай старэйшага пакалення. Ды і ў цэлым маладыя людзі наогул пасіўныя ў гэтым плане па ўсім свеце, не толькі ў Беларусі. Яны часта не галасуюць, таму і не вылучаюцца, дыстанцуюцца ад гэтага працэсу. Моладзь лічыць выбары фармалізаваным і бюракратычным дзействам, для якога яны не саспелі.

Яшчэ адна прычына: моладзь проста не бачыць кандыдатаў, блізкіх па ўзросце. У сваю чаргу маладыя кандыдаты думаюць: навошта ім ісці ў гэта зборышча старых? Атрымліваецца замкнёнае кола. Уласцівасць усякай маладосці — пратэставаць супраць фармальных спосабаў існавання.

— Калі казаць пра безальтэрнатыўныя акругі, то па абласных Саветах дэпутатаў у Гродзенскай вобласці іх — 40, а ў той жа Магілёўскай вобласці — ніводнай. З чым вы звязваеце такую карэляцыю?

— Усё абсалютна звязана з работай мясцовых улад. Палітыка магілёўскіх абласных улад адназначна накіравана на тое, каб усе выбары праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. Яны не чакаюць ініцыятывы партый, яны самі прымаюць меры да таго, каб падбіраць і спрыяць вылучэнню неабходнай колькасці кандыдатаў, каб іх было не менш за два на выбарчую акругу. Дарэчы, ніхто не скардзіцца, што ім так ужо цяжка ад гэтага, — я маю на ўвазе тых самых работнікаў мясцовых выканкамаў.

Што датычыцца Гродзенскай вобласці, то там кажуць: мы ж нікому не перашкаджаем, яны самі не вылучаюцца. Справа ў тым, што калі пусціць усё на самацёк, то мы можам наогул не атрымаць кандыдатаў, таму што гэты пост не з'яўляецца зайздросным, ён не дае даходаў і прэферэнцый. Так што ўсё залежыць ад рэгіянальнай палітыкі: там, дзе падбіраюць людзей, дзе з імі гавораць, будзе і альтэрнатыва. Дарэчы, па той жа Гродзенскай вобласці так не ўсюды: у самім Гродне акругі альтэрнатыўныя, функцыянуюць партыі.

— Мінімальны бар'ер яўкі выбаршчыкаў на мясцовых выбарах не ўстаноўлены. Нядаўна вы выказалі здагадку, што рэальны паказчык складзе больш за 60 %. Як змяняецца ўзровень яўкі, калі параўнаць з папярэднімі выбарчымі кампаніямі?

— У асноўным яна на ранейшым узроўні. Паказчык на мясцовых выбарах, вядома, ніжэйшы, чым на прэзідэнцкіх. Але ж сапраўды ў гэтым выпадку бар'ера няма наогул, выбары адбудуцца пры любой яўцы, нават калі прагаласуюць толькі члены выбарчых камісій. Але ж мы не можам даводзіць сітуацыю да абсурду. Зноў скажу, што гэта «заслуга» мясцовых улад. Мяне не заўсёды задавальняе, калі яны заўзята працуюць на яўку выбаршчыкаў. Чаму? Таму што грамадзяне скардзяцца. Многія лічаць, што ўдзел у выбарах з'яўляецца свабодным рашэннем, таму людзі супраць таго, каб на іх ціснулі і рэкамендавалі наведаць выбарчы ўчастак па месцы працы ці вучобы.

Я лічу, што няма нічога дрэннага ў тым, каб кіраўнік арганізацыі перагаварыў з падначаленымі і папрасіў іх паўдзельнічаць у галасаванні. Больш за тое, калі мне скардзяцца студэнты бюджэтнай формы, я ўвесь час ім кажу: хлопцы і дзяўчаты, а вам цяжка гэта зрабіць? Можна ж прагаласаваць як хочаце, але няма нічога ненатуральнага ў тым, каб паслухаць выкладчыка і прыняць удзел у выбарах.

Мая пазіцыя такая: з людзьмі трэба працаваць, ім трэба тлумачыць і настойліва прапаноўваць прыйсці на выбарчы ўчастак. Але ніякіх пагроз быць не павінна — гэта ўжо парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян. Няхай просьба назойлівая, але яна павінна быць у рамках закона.

— У леташнім інтэрв'ю вы казалі, што ў прынцыпе не супраць таго, каб скасаваць сельскія Саветы і выбіраць кіраўнікоў пасёлкаў і маленькіх гарадоў прамым галасаваннем грамадзян. Якая ваша пазіцыя зараз?

— Яна абсалютна не змяняецца. Чаму? Таму што я хачу, каб у нашых маленькіх тэрытарыяльных адзінках мы атрымалі рэальнае мясцовае самакіраванне замест часам дэкаратыўных органаў. Калі выбары ў сельскі Савет праходзяць на безальтэрнатыўнай аснове і пры гэтым ні абраныя дэпутаты, ні грамадзяне не праяўляюць да гэтага цікавасць, то тады і орган працуе фармальна.

Існуе і функцыянуе толькі выканаўчая ўлада, якая прадстаўлена адным чалавекам — старшынёй сельскага Савета, які адначасова з'яўляецца і старшынёй сельвыканкама. Дык давайце гэтую рэальную ўладу будзем абіраць усім насельніцтвам. І тады ў нас, па-першае, конкурс будзе, а па-другое, гэта будзе рэальнае мясцовае самакіраванне, пра якое будзе ведаць насельніцтва.

— Як змяняюцца ўчасткі для галасавання ў дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі? Якія тут існуюць праблемы і як яны вырашаюцца?

— Сапраўды, праблемы ёсць. На жаль, у нас далёка не ўсе ўчасткі маюць безбар'ернае асяроддзе. Гэта звязана з тым, што ўчасткі для галасавання размяшчаюцца і могуць размяшчацца толькі ў бюджэтных установах — і ўсё залежыць ад іх колькасці на пэўнай тэрыторыі. Часта на вялікі мікрараён гэта ўсяго адна школа, у якой могуць быць два-тры ўчасткі — і не факт, што яны будуць на першым паверсе.

Больш за тое, у нас ёсць перыяд датэрміновага галасавання, якое ажыццяўляецца не на першым паверсе ў холе школы, а на другім паверсе ў кабінеце завуча, напрыклад. Гэта звязана з тым, што ідзе навучальны працэс, камісія не павінна перашкаджаць дзецям. Вядома, у такім выпадку трапіць на ўчастак людзям з абмежаванымі магчымасцямі вельмі складана. Дарэчы, праблемы з рэгістрацыяй інваліда-калясачніка ў Барысаўскім раённым Савеце дэпутатаў паўсталі перш за ўсё таму, што камісія размяшчаецца на трэцім паверсе будынка, мужчына проста не змог туды падняцца. Я лічу, што наяўнасць безбар'ернага асяроддзя — гэта норма для ўсіх участкаў, але, на жаль, не ўсе ўваходныя месцы абсталяваны пандусамі.

Тым не менш робіцца многае. Цэнтральная камісія трымае гэта пытанне на кантролі. Больш за тое, да нас далучыўся БРСМ: валанцёры падчас галасавання будуць дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі дабірацца і заходзіць. Вядома, яны будуць рабіць гэта толькі ў тым выпадку, калі названыя асобы не выберуць такі спосаб, як галасаванне дома.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Фота БЕЛТА

Пытанні бяспекі — на парадку дня

На гэтым тыдні органы ўнутраных спраў абследуюць участкі для галасавання ў мэтах гарантавання грамадскай бяспекі. Паводле рашэння міністра ўнутраных спраў, падчас датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў прадугледжаны дадатковыя меры па ахове грамадскага парадку.

— З 12 лютага будзе арганізавана кругласутачная работа аператыўна-сітуацыйных штабоў на розных узроўнях з мэтай эфектыўнага кіравання сіламі і сродкамі, задзейнічанымі ў забеспячэнні правапарадку. Асабовы склад пераводзіцца на ўзмоцнены варыянт нясення службы, — паведаміў начальнік аддзела ўпраўлення аховы правапарадку ГУАПП МУС Уладзімір СТАНІЛЕВІЧ.

Супрацоўнікі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў будуць садзейнічаць выбарчым камісіям у падтрыманні парадку на ўчастках. Акрамя таго, памяшканні для галасавання возьмуць пад кругласутачную ахову.

ДАІ таксама будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Супрацоўнікі аўтаінспекцыі папярэджваюць кіроўцаў, якія вырашаць прыехаць на выбарчыя ўчасткі на ўласным аўто, — дзесьці з'явіцца рэгуліроўшчык ці зменіцца рух з-за часовых дарожных знакаў.

Забяспечаны і супрацьпажарны маніторынг выбарчых участкаў, адпрацаваны схемы эвакуацыі, праведзены інструктажы.

У выпадку дрэннага самаадчування выбаршчыкаў на дапамогу прыйдзе дзяжурны медык. Пад увагай санітарных службаў таксама і месцы правядзення галасавання, і пункты харчавання выбаршчыкаў. Падрыхтаваны ўмовы для волевыяўлення пацыентаў на бальнічных выбарчых участках.

Марыя ДАДАЛКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.

Грамадства

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды.

Культура

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

У «высокім» арт-асяродку таксама ёсць месца жарсцям і інтрыгам. 

Грамадства

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Папяровыя кветкі, маляўнічыя паштоўкі, песні, танцы і мора праніклівых, ласкавых слоў.