Вы тут

Жаночая тэнісная зборная стартуе ў 1-м крузе розыгрышу Кубка Федэрацыі


Здаецца, яшчэ ўчора мы ўсе разам перажывалі за нашых тэнісістак у фінале, а ўжо сёння яны рыхтуюцца пачаць усё спачатку. У саперніках у беларускіх дзяўчат зборная Германіі. Гульні пройдуць на «Чыжоўка-Арэне» 10 і 11 лютага.


Немкі ўдзельнічаюць у Кубку Федэрацыі з самага першага розыгрышу турніру, гэта значыць з 1963 года. За 55 гадоў яны двойчы выйгравалі галоўны трафей, станавіўшыся чэмпіёнкамі ў 1987 і 1992 гадах. У мінулым сезоне зборная Германіі саступіла на аналагічнай стадыі (1-ы круг) з лікам 0:4 будучым пераможцам, камандзе ЗША. А ў матчы за права застацца ў васьмёрцы наймацнейшых камандаў свету немкі былі лепшыя за зборную Украіны (3:2).

Зараз саперніцы падапечных Эдуарда Дуброва займаюць шостае месца ў сусветным рэйтынгу. Беларусь, нагадаем, знаходзіцца на трэцім радку ў гэтым спісе. Адзначым, што раней каманды адна з адной не сустракаліся.

Пад кіраўніцтвам капітана зборнай Германіі Енса Герлаха згуляюць тры тэнісісткі — Таццяна Марыя, Ганна-Лена Фрыдзам і Ганна-Лена Грэнефельд.

— Зборная Беларусі — гэта моцны апанент, нягледзячы на маладосць яе лідараў. Нічога дзіўнага ў добрых леташніх выніках беларусак асабіста для мяне не было, бо яны паказвалі пераканаўчы тэніс. Прычым звычайна асабліва добра беларускія дзяўчаты выступаюць у родных сценах, — разважае Енс Герлах. — Зрэшты, мы ў Мінску не для таго, каб проста паціснуць рукі. Аддадзім на корце ўсе сілы і эмоцыі і, спадзяюся, пакажам сваю найлепшую гульню.

Для нашай зборнай сезон 2017 года стаў найлепшым у гісторыі беларускага каманднага тэніса, дзяўчаты перамаглі моцных саперніц з Швейцарыі і Галандыі, што дазволіла ім дайсці да фіналу, і толькі там яны пацярпелі паражэнне ад амерыканак.

— Для ўсіх нас гэта быў добры год. Цяпер мы — палепшаная версія леташніх. Хочам паказваць якасны тэніс і дамагацца найлепшага выніку, — адзначыла напярэдадні матча з немкамі Аляксандра Сасновіч.

Капітан зборнай Беларусі зрабіў стаўку на гульцоў, якія выступалі ў мінулым сезоне, — Аляксандру Сасновіч, Арыну Сабаленку, Веру Лапко і Лідзію Марозаву.

— У нашай падрыхтоўцы нічога не змянілася. На каго спадзяваліся ў адзіночных і парных паядынках раней, на тых разлічваем і зараз, — расказвае Дуброў. — Нямецкі калектыў не слабы, у ім ёсць вопытныя тэнісісткі, якія калісьці размяшчаліся ў топ-50 рэйтынга ВТА. І не трэба памыляцца: яны моцныя, як і раней. Мяркуючы па нашым вопыце ўдзелу ў Кубку Федэрацыі, узровень бакоў прыкладна роўны. Супрацьстаянне не будзе лёгкае, таму што адзіночны рэйтынг не да канца паказвае сілу гульцоў зборнай Германіі. Усё вырашыцца непасрэдна на корце. Гледзячы на трэніроўкі канкурэнтак, адчуваем, што гэта дысцыплінаваная, збалансаваная каманда. Не кажу, што ў нас іншая — як раз у плане самааддачы госці падобныя да нас. У Кубку Федэрацыі яны часам выступаюць лепш, чым у адзіночных турнірах.

На перадматчавай прэс-канферэнцыі ўдзельнікі не маглі не закрануць тэму Вікторыі Азаранкі, бо яна ўжо вырашыла ўсе судовыя справы і магла б выйсці на корт.

— Калі яна захоча падтрымаць дзяўчат, хай прыязджае. Аднак браць яе ў склад не быў гатовы. Азаранка паўгода не гуляла, на корце я яе не бачыў. Саша і Арына ўвесь час рухаюцца наперад, паказваюць вынікі. Гэта сведчыць аб мэтанакіраванай падрыхтоўцы. А што зараз адбываецца ў Вікі, я не ведаю, — адзначыў капітан каманды.

Заўважым, што букмекеры ўпэўнена прадказваюць перамогу зборнай Беларусі, бо за іх гуляе рэйтынг, дамашні стадыён і нядаўні вопыт выступлення ў фінале Кубка Федэрацыі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Супрацьстаянне не будзе лёгкае

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.