Вы тут

Рыта Ачкіна першай з беларусаў заваявала медаль на зімовых Алімпіядах


Упершыню нашы спартсмены прынялі ўдзел у «белых» Гульнях у 1964 годзе ў аўстрыйскім Інсбруку. Тады ў складзе зборнай СССР выступалі канькабежац Эдуард Матусевіч і лыжніца Рыта Ачкіна. Заваяваць медалі ў Інсбруку беларусам не ўдалося, а вось праз чатырохгоддзе ў Грэноблі Ачкіна стала першай спартсменкай нашай краіны, якой скарыўся п'едэстал зімовых Алімпіяд. У пачатку гэтага месяца яна адзначыла свой 80-гадовы юбілей.


Дачка партызанкі і чэмпіёна

Ачкіна нарадзілася ў Магілёве 1 лютага 1938 года, Рытай дзяўчынку назваў бацька Мікалай Іванавіч, менавіта Рытай, а не Маргарытай. Як падазрае чэмпіёнка, на выбар імя паўплывала папулярная ў тыя гады песня «Рыа-Рыта».

Бацька яе прайшоў усю вайну, а пазней стаў вядомым у краіне спартсменам — чэмпіёнам рэспублікі па боксе і лёгкай атлетыцы. А вось маму Рыта Мікалаеўна практычна не памятае, яна была сувязной партызанскага атрада і загінула. Выхаваннем будучай чэмпіёнкі ў Магілёве займалася бабуля, таму што бацька другі раз ажаніўся і жыў у Мінску.

Рыта Ачкіна расла моцнай дзяўчынкай і хацела пайсці па спартыўных слядах бацькі. «Мне было ўсё роўна чым займацца, галоўнае, каб спортам», — успамінае Рыта Мікалаеўна.

Дзяўчынка паспрабавала трапіць у секцыю гімнастыкі, але там адмовілі, маўляў, такіх моцных і здаровых у гэтым відзе спорту не бывае. Тады Рыта пайшла ў лыжную секцыю, дзе займаліся адны хлапчукі. Звычайна трэнер не браў дзяўчат, таму што яны гультаяватыя і не такія здольныя, але Ачкіна літаральна за тры трэніроўкі даказала адваротнае. Тады яе першы настаўнік і напрарочыў Рыце быць чэмпіёнкай.

Дзяўчына паступіла ў Інстытут фізкультуры і пераехала ў Мінск да бацькі, пачала выступаць за каманду БССР і неўзабаве стала адной з найлепшых лыжніц Савецкага Саюза.

Яе першая Алімпіяда адбылася ў 1964-м, у Інсбруку ў пяцікіламетровым спрынце яна заняла 10-е месца. Праз год выйграла чэмпіянат СССР, дарэчы, менавіта перамогі на першынстве Саюза Ачкіна называе самымі каштоўнымі, а ў 1966-м стала чэмпіёнкай свету ў лыжнай эстафеце ў Нарвегіі і заваявала бронзавы медаль на дыстанцыі 5 км.

Мароз і насмарк у Грэноблі

На сваю другую Алімпіяду Рыта Ачкіна ехала ўжо больш дасведчанай спартсменкай, папярэднія вынікі давалі падставу спадзявацца не проста на п'едэстал, а на першыя месцы. Аднак да старту Гульняў здарылася непрыемнасць — дзяўчына прастудзілася і не змагла паказаць усё, на што была здольная ў той год. На пяцікіламетровай дыстанцыі яна заняла толькі шостае месца, хоць саступіла пераможцы ўсяго 6—7 секундаў, што па тых часах было вельмі мала. Жаночая эстафетная каманда СССР у 1968 годзе падабралася таксама досыць моцная, у гонцы 3x5 км на першым этапе бегла Аляўціна Колчына, на другім — Рыта Ачкіна, на трэцім — Галіна Кулакова. У гэтым складзе лыжніцы выйгралі алімпійскую «бронзу», прапусціўшы наперад каманды Нарвегіі і Швецыі. «Тую Алімпіяду я ўспамінаю з нейкім пачуццём горычы, — расказвае Рыта Мікалаеўна. — Невялікі мароз, дзесьці мінус тры, напэўна. Памятаю са змазкай лыж у мяне было не вельмі. А галоўнае — я прастудзілася і не змагла сябе толкам праявіць у індывідуальных гонках. Ды і ў эстафеце мы маглі ўзяць узнагароду больш каштоўную, чым бронза».

Пасля Алімпіяды — Масква

А яшчэ 1968-ы стаў асаблівым для Рыты Мікалаеўны не толькі з-за Алімпіяды, у гэтым годзе на спаборніцтвах яна пазнаёмілася з лыжнікам, які пазней стаў яе мужам і забраў магіляўчанку ў Маскву. Хутка ў сям'і спартсменаў нарадзілася дзіця, свякроў узяла на сябе клопаты па доглядзе за малым, а Ачкіна працягнула выступаць.

Пасля заканчэння прафесійнай кар'еры спартсменкі Рыта Мікалаеўна занялася педагагічнай працай. «Трэнерам быць не хацела, надакучыла ўсе суботы і нядзелі аддаваць трэніроўкам, ні дзяцей, ні сям'і не бачыць», — успамінае яна.

У сельгасакадэміі, у якой выкладала фізкультуру першы час, акрамя ўсяго іншага Ачкіна адказвала за лыжную падрыхтоўку, праводзіла спаборніцтвы. Потым Рыта Мікалаеўна працавала ў педагагічным вучылішчы, а ўжо бліжэй да пенсіі пайшла па слядах бацькі, які ўсё жыццё прапрацаваў настаўнікам фізкультуры ў школе. «Праца цяжкая, але цікавая. Дзякуючы спорту я спазнала радасць вялікіх перамог, спазнала вялікую славу і сёння шчаслівая бачыць вочы сваіх вучняў, якія іскрацца радасцю», — так чэмпіёнка расказвала пра сваю работу.

Да гэтага часу Рыта Ачкіна з'яўляецца адзінай прадстаўніцай Беларусі, якая заваявала алімпійскую ўзнагароду ў лыжных гонках.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Яна скарыла лыжню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».