Вы тут

Гульні-2018 стартавалі


Аматары спорту чакалі гэтай падзеі некалькі гадоў, спартсмены рыхтаваліся ўвесь алімпійскі цыкл, а вось Пхёнчхан чакаў, калі менавіта яму аддадуць права прымаць Алімпійскія гульні больш за 10 гадоў. У 2003-м ён прайграў выбары канадскаму Ванкуверу, у 2006-м — расійскаму Сочы, і толькі з трэцяга разу (у 2011-м), Паўднёвай Карэі даверылі правядзенне самага маштабнага спартыўнага турніру планеты.


Яны рыхтаваліся да Гульняў сем гадоў — будавалі новыя дамы для алімпійскай вёскі (дарэчы ўсе кватэры ў ёй ужо прададзеныя, пасля завяршэння Параалімпіяды туды заселяцца новыя жыхары), дарогі і хуткасную чыгунку, якая звязала Сеул з Пхёнчханам.

І вось надышла кульмінацыя, на алімпійскім стадыёне ўчора запаліўся агонь, прагрымелі ўрачыстасці цырымоніі адкрыцця Алімпіяды-2018 і адбыўся парад краін-удзельніц.

Тэхналогіі

Паўднёвая Карэя здзіўляе новымі тэхналогіямі, гэта датычыцца ў першую чаргу цягнікоў, якія ад Сеула да Пхёнчхана рухаюцца з хуткасцю 300 км/ч. Па-другое, на Алімпіядзе ўпершыню ў свеце будзе выкарыстаны самы хуткі інтэрнэт 5G. Па-трэцяе, знайсці маршрут па горадзе турыстам дапамагаюць робаты.

Валанцёры

Больш за 17 тысяч чалавек дапамагаюць удзельнікам XXІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў. Перад пачаткам турніру ўсе валанцёры прайшлі базавыя курсы, якія дазваляюць ім выконваць свае абавязкі найбольш якасна. Кожны з добраахвотных памочнікаў апрануты ў адметную чырвона-шэрую форму для таго, каб быць прыкметным ва ўсіх месцах правядзення Алімпійскіх гульняў, уключаючы транспартныя развязкі.

Сярэдні ўзрост валанцёраў у Пхёнчхане складае 26,4 года. Акрамя Рэспублікі Карэя, большасць з іх прыбылі на Алімпіяду з ЗША, Канады і Расіі.

Валанцёры ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення Гульняў выконваюць мноства задач у розных галінах, уключаючы транспарт, рассяленне, узаемасувязь са сродкамі масавай інфармацыі, ажыццяўляюць моўную падтрымку. Больш за трэць з іх застануцца на Параалімпійскія гульні, якія пройдуць з 9 па 18 сакавіка.

Вірус

У СМІ з'явілася інфармацыя, што ў пітной вадзе Пхёнчхана выяўлены вірус. На працягу чатырох дзён некалькі супрацоўнікаў органаў бяспекі, якія павінны несці службу падчас Алімпійскіх гульняў, адчулі недамаганне і паскардзіліся медыкам на болі ў жываце. У цэлым у 36 чалавек быў выяўлены наравірус, які стаў прычынай кішэчнай інфекцыі. Устаноўлена, што вірус утрымліваўся ў пітной вадзе.

Наравірус — гэта ўзбуджальнік кішэчнай інфекцыі, які перадаецца харчовым, водным або кантактна-бытавым шляхам. Гэты вірус надзвычай заразны, пры пападанні ў арганізм ён можа выклікаць агульную слабасць, павышэнне тэмпературы, галаўны боль, млоснасць, дыярэю. Перыяд з моманту заражэння і да з'яўлення сімптомаў звычайна складае 12—48 гадзін.

Каментуючы гэтую навіну, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту і кіраўнік медыцынскай групы ў Пхёнчхане Генадзь Загародны адзначыў, што «не варта абвастраць страсці, таму што сітуацыя не выклікае трывогі». Паводле паведамленняў медкамісіі МАК, па стане на 8 лютага, захварэўшымі лічацца 60 сек'юрыці, якія жылі не ў Алімпійскай вёсцы, а за 20 кіламетраў ад яе. Пры гэтым у медыцынскую службу вёскі ў Пхёнчхане, з прыкметамі наравіруса, звярнуліся ўсяго тры атлеты. «Каб засцерагчыся ад магчымага захворвання, трэба выконваць элементарныя гігіенічныя правілы», — рэзюмаваў Генадзь Загародны. — Вынік толькі ў руках спартсменаў».

Сёння спаборніцтвы

Яны ў Пхёнчхане пачаліся яшчэ да цырымоніі адкрыцця, першымі ў барацьбу ўступілі прадстаўнікі кёрлінга і скачкоў з трампліна ўжо 8 лютага. Нашы алімпійцы стартуюць сёння.

Спаборніцтвы па біятлоне адкрыюцца жаночай спрынтарскай гонкай, у якой выступяць Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко і Надзея Пісарава. Заўтра, 11 лютага, пройдзе мужчынскі спрынт. У ім Беларусь прадставяць Уладзімір Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялётнаў і Антон Смольскі.

Нашы біятланісты засяліліся ў алімпійскую вёску першымі з беларускіх спартсменаў, і ўвесь гэты час праводзілі падрыхтоўку непасрэдна на месцы падзей. «У Пхёнчхане вельмі холадна. Пранізлівы вецер уплывае на якасць стральбы: ён дзьме ўвесь час, таму момантамі кулі здувае на парадак дзесяці сантыметраў, — каментуе старшы трэнер нацыянальнай каманды па біятлоне Юрый Альберс. Траса ж падрыхтавана добра, снег жорсткі, перамёрзлы. Ён тут уперамешку са штучным. Розніца ў часе з Беларуссю — 6 гадзін, з Еўропай — 8 гадзін. Гэта накладвае свае адбіткі, але мы спецыяльна прыехалі сюды раней з разлікам прайсці часавую акліматызацыю. Усе спартсмены ў прыўзнятым настроі, таму што прыехалі на Алімпійскія гульні».

Таксама сёння стартуюць канькабежцы, Марына Зуева будзе выступаць на дыстанцыі 3000 метраў. Трэнер нацыянальнай зборнай па гэтым відзе спорту Сяргей Мінін адзначыў, што трэніроўкі ў Пхёнчхане ў яго падапечных прайшлі добра, са стадыёнам, на якім будзе праходзіць турнір, спартсмены знаёмыя яшчэ з мінулага года (там праходзіў чэмпіянат свету), ды і ўмовы надвор'я ніяк не павінны паўплываць на выступленні нашых канькабежцаў.

На лыжную трасу сёння выйдуць беларускія спартсменкі — Юлія Ціханава і Паліна Сераносава, яны выступяць у скіятлоне.

«Мы прыбылі ў Карэю ў баявым настроі. Наша зборная зможа выставіць у тым ліку дзве паўнавартасныя эстафеты — мужчынскую і жаночую, — расказвае старшыня Беларускай федэрацыі лыжнага спорту Андрэй Каваленка. — Казалі, быццам тут страшныя трасы. Але, праехаўшы іх на лыжах, адзін з нашых трэнераў, Віктар Камоцкі, запэўніў, што гэта не зусім так. У той жа расійскай Малінаўцы, у Архангельскай вобласці, дзе рыхтаваліся да Гульняў яго падапечныя, кругі нашмат больш складаныя. Ды і не толькі там, так што рэльеф тут, хутчэй, рабочы».

Яшчэ пару дзён таму ў Пхёнчхане стаялі моцныя маразы, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту Джанфранка Каспер нават паведаміў, што спаборніцтвы па лыжных гонках могуць быць адмененыя. «У FІS ёсць правілы, згодна з якімі пры тэмпературы мінус 22 градусы спаборніцтвы па лыжных гонках могуць не адбыцца, калі так вырашаць дырэктар гонкі і лекары. Пры гэтым важна, якая будзе вільготнасць. Калі нізкая, то спаборніцтвы могуць праходзіць і пры мінус 30 градусах, у адваротным выпадку мінус 22 — гранічны паказчык. Тут вільготнасць даволі высокая».

Старшы трэнер зборнай Беларусі па лыжных гонках Іван Лістапад адзначыў, што пры такім марозе трэніравацца спартсменам было даволі складана. «Трэніравацца цяжка, таму што холадна, і траса вельмі жорсткая. Тым, у каго ёсць праблемы з дыхальнымі шляхамі, выступаць будзе нашмат больш складана».

Адзначым, што сёння на лядовым стадыёне Канына выступіць і адзін з дэбютантаў Алімпійскіх гульняў Максім Сяргееў, у шорт-трэку ён будзе спаборнічаць на дыстанцыі 1500 метраў.

Пажадаем нашым спартсменам поспехаў!

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Алімпійскі агонь загарэўся

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Грамадства

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

Мы з Аленай Варановіч пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы. Адразу разгаварыліся і знайшлі агульную мову. Тады за кубкам кавы яна сказала мне важныя словы: «Ніколі не губляй мару дзяцінства».

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.