25 Май, пятніца

Вы тут

Якім Беларусь запомніць Генадзя Гарбука


Крыху больш за тры гады таму на сцэне Купалаўскага тэатра адбыўся творчы вечар у гонар 80-годдзя Генадзя Гарбука. Атмасфера лепш за ўсё сведчыла пра тое, як яго любяць. І як жа любіць ён... Напрыклад, сустрэчы, што падарыла першая драматычная сцэна краіны, і тых, хто ў зале, — нават не за тое, што прыходзілі на ЯГО, а за тое, што прыходзяць СЮДЫ.


Ён быў абсалютны купалавец. З той акцёрскай кагорты, для якой уласнае творчае «я» мела значэнне найперш у кантэксце служэння ў тэатры. Напачатку кар'еры, адразу пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута (дзе настаўнікам быў народны артыст Беларускай ССР Дзмітрый Арлоў), трапіў у віцебскі Коласаўскі тэатр. А ўжо будучы акцёрам Купалаўскага, стаў неверагодна запатрабаваны ў кіно: «Беларусьфільм» тады выпускаў стужку за стужкай, якія мелі поспех на экранах і тэлеэкранах усяго Саюза. А ён ствараў вобразы, па якіх пазнавалі і разумелі нас, беларусаў, — з асаблівым менталітэтам і характарам... Вось як у Гарбука.

Кінарэжысёры ўбачылі гэты характар ў тэатры, дзе Генадзь Гарбук прайшоў усе прыступкі — ад масоўкі ў «Паўлінцы» да зорных роляў. Любімай для яго стала роля Васіля Дзятліка ў спектаклі «Людзі на балоце» паводле Івана Мележа. Гэтага героя ён увасобіў яшчэ ў віцебскім тэатры, а потым, калі выйшаў тэлеспектакль, адзначаны ў 1966 годзе Дзяржаўнай прэміяй БССР, уся Беларусь (і не толькі яна) зразумела: Дзятлік — гэта Гарбук. Потым акцёр атрымаў і Саюзную прэмію — за ўдзел у шматсерыйным фільме «Людзі на балоце». У фільме Віктара Турава выканаў ролю Чарнушкі, бацькі Ганны, і стварыў такі ж няпросты вобраз, як душа беларуса-палешука. Ганарыўся, што сыграў у «Белых росах» паводле Аляксея Дударава. Ігар Дабралюбаў даручыў яму неардынарны вобраз старэйшага брата Андрэя ў фільме, які стаў народнай камедыяй. А вось Міхаіл Пташук доўга прыглядаўся: рабіў кінапробы з акцёрам пяць разоў, перш чым прызначыў на ролю Петрака ў фільме «Знак бяды». Генадзь Міхайлавіч лічыў яго самым адметным у сваёй біяграфіі: гэта была экранізацыя знакавага твора і для аўтара, Васіля Быкава, і для сучаснай айчыннай прозы наогул. У 1987-м на кінафестывалі ў Сопаце рэжысер-пастаноўшчык і выканаўцы галоўных роляў Генадзь Гарбук і Ніна Русланава былі ўзнагароджаны залатымі медалямі.

Але як бы актыўна ён ні здымаўся ў кіно (больш за 70 работ), творчым домам заставаўся тэатр. Якой бы шырокай ні была вядомасць, ён заставаўся сабой: не зоркай, а працаўніком, чалавекам, які даражыць тым, што мае магчымасць у жывых зносінах у тэатральнай зале прыадкрываць нашым людзям таямніцы іх уласных паводзін, мар, памкненняў, характараў. Яшчэ нядаўна, здаецца, Генадзя Гарбука можна было пабачыць у спектаклях паводле беларускай класікі:  «Сымон-музыка» Коласа, «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча, «Людзі на балоце» (новы варыянт), у вельмі пранікнёным «Вечары» Аляксея Дударава ды шэрагу іншых пастановак.

Ужо ў новым стагоддзі да яго звярнулася кіно, каб увасобіў легендарнага Васіля Талаша ў чатырохсерыйнай стужцы «Талаш». Акцёр здолеў перадаць стрыжань героя: неверагодную жыццяздольнасць, упартае адстойванне годнасці, непакорлівасць чужой уладзе. І разам з тым атрымаўся вобраз жывога чалавека, якога паважала Беларускае Палессе. Адна з тых роляў, у якой застанецца жыць Генадзь Гарбук, народны артыст Беларусі, які вельмі добра разумеў і любіў людзей, з якімі выходзіў на размовы праз сцэну ці экран.

За шчырасць — высокія і пачэсныя ўзнагароды: прэмія Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», медаль Францыска Скарыны. І ганаровы прыз Саюза тэатральных дзеячаў «Хрустальная Паўлінка» — за жыццё ў тэатры. Так, сёлета было б 60 гадоў з пачатку гэтага служэння...

Загаловак у газеце: Купалавец па званні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.

Грамадства

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Летась на вытворчасці адбылося амаль 1400 няшчасных выпадкаў. Многа гэта ці мала? 

Палітыка

Прэзідэнт узяў удзел у форуме экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог»

Прэзідэнт узяў удзел у форуме экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог»

Сёлета ён атрымаў назву «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».