25 Май, пятніца

Вы тут

Як становяцца бацькамі сямейнага дзіцячага дома


У пачатку гэтага года ў Брэсце ўрачыста адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу па вуліцы Васняцова. Пяты па ліку. Тады нават аб'явілі, што запускаецца новы праект пад назвай «Дзіцячы квартал на Васняцова». Дык вось, пятай сям'ёй сталі Юлія і Андрэй Гуляевы. А Юлія — гераіня нашых публікацый. Напрыклад, у газеце (за 26 лістапада 2016 года. — Аўт.) расказвалася, як Юлія Юр'еўна стала прыёмнай мамай дзяўчынкі Васіліны. І грэх было б прайсці міма навіны, пра тое, што Юлія з мужам сталі бацькамі сямейнага дзіцячага дома.


Новы дом і новы рытм

І вось мы сядзім у іх новым доме. Часу ў нас толькі гадзіна ў шчыльным Юліным распарадку. Наваспечаная прыёмная маці сямейства кажа, што ўжо прывыкла да такога рытму жыцця. А вось адразу было вельмі цяжка. Пераехалі яны сюды ў сярэдзіне снежня з двума дзецьмі. І адразу дабавілася яшчэ пяцёра: браты Коля і Віця адпаведна трох і шасці гадоў, а таксама 4-гадовая Каця, 9-гадовы Данік і 12-гадовая Карына. Такім чынам у сям'і зараз трое дашкольнікаў і чацвёра школьнікаў. Усіх трэба накарміць, дапамагчы з урокамі і своечасова выправіць па сваіх установах. Школьнікі займаюцца ў другую змену.

— Падымаюся я а шостай гадзіне, — расказвае Юлія. — Гатую лёгкі сняданак і бутэрброды для мужа ў той дзень, калі яму на работу, затым іду будзіць мужа і дзяцей, якім у садок. Малыя самі апранаюцца, нават трохгадовы Коля ўмее гэта рабіць. Пакуль хлопчыкі ўмываюцца, я паспяваю Кацю і Васіліну прычасаць і зрабіць «хвосцікі». У рабочыя дні муж вязе Васіліну ў школу, бо ім у адзін бок, а я вяду малых у садок. Складанасць у тым, што Васю трэба вазіць у спецыялізаваную школу, а гэта фактычна на другім канцы горада. І дарога займае гадзіну туды і гадзіну назад. А далей ужо, як пашанцуе. У рабочыя дні мужа толькі я магу яе забраць. Гэта значыць, аб адзінаццатай трэба выходзіць з дому, каб да дванаццаці альбо паловы першай, у залежнасці ад раскладу ўрокаў, быць у школе. За тыя дзве гадзіны, якія маю раніцай, са старэйшымі мы рыхтуем урокі і я гатую абед. Навучылася рабіць гэта паралельна. Потым еду сама па першакласніцу, — працягвае Юлія, — а дзеці абедаюць самастойна і выходзяць у школу. Вадзім замыкае дом. Мы прыязджаем каля дзвюх гадзін, абедаем і маем гадзіны дзве часу, каб падрыхтаваць урокі з Васілінай, зрабіць хатнія справы, потым трэба ісці ў садок па малых. Паступова прыходзяць са школы старэйшыя. Вячэраем, дзеці мыюцца і а дзявятай гадзіне кладуцца спаць. Калі муж на рабоце, ён прыходзіць а палове адзінаццатай. Яго абавязкова чакаю, кармлю, і тады ўжо проста падаем і засынаем. Затое дні праходзяць хутка, усё па канвееры, — смяецца Юлія.

Адаптацыя

Цікаўлюся, што было самым цяжкім напачатку: адаптацыя дзяцей, бацькоў, прыцірка характараў? Раптам атрымліваю нечаканы адказ: мноства праверак. І хоць яны з мужам цудоўна разумеюць, што праверкі — абавязковы сегмент іх работы, але ж павышаная ўвага вельмі напружвае. Тым больш калі прыходзяць з кожнай школы, кожнага садка паглядзець на ўмовы пражывання і выхавання дзяцей. Кожны раз адно і тое ж. Але здаецца, і гэтыя мерапрыемствы менавіта ў такім вялікім аб'ёме можна лічыць пройдзеным этапам.

Вядома, няпроста было перастроіцца Юліі ў вядзенні хатняй гаспадаркі. Напрыклад, памяняць каструлі на васьмі- альбо дзясяцілітровыя, прызвычаіцца гатаваць на такую вялікую сям'ю.

Вельмі ўдзячныя Гуляевы шматлікім спонсарам, якія падтрымалі на першапачатковым этапе. Маюцца на ўвазе гандлёвыя і вытворчыя фірмы. Напрыклад, супрацоўнікі «Плодаагароднінапрама» прывезлі бульбы, морквы, цыбулі, «Еўраопт» і «Карона» — прадуктовыя наборы, «Савушкін прадукт» забяспечыў на першы час тварагом, смятанай, ёгуртамі. Паводле слоў гаспадыні, нават не ў грашах справа: прыйшлі ў пусты дом, усё гэта трэба купіць, прынесці, а магазіны — не побач. Тым больш іншых клопатаў, звязаных з наваселлем, было многа. Адным словам, Новы год ужо сустракалі ва ўтульным доме ў новым сямейным складзе. Хоць, несумненна, два месяцы яшчэ не тэрмін, каб рабіць нейкія высновы, але Юлія Гуляева не расчаравалася, што выбрала работу маці-выхавальніцы.

Яна гаворыць: «Мы былі ў курсе, якая работа, якая адказнасць нас чакае, бо не раз размаўлялі з калегамі, якія жывуць у суседніх дамах».

Прыёмная дачка

Зноў упэўніваюся, што рашэнне стаць маці сямейнага дзіцячага дома не было для яе выпадковае. Па адукацыі Юлія педагог-матэматык. Паспяховая выпускніца фізіка-матэматычнага факультэта ў школе працавала зусім не доўга. Ёй больш камфортна стала ў дзіцячым садку з малымі выхаванцамі. Потым займалася рэпетытарствам як індывідуальны прадпрымальнік. З першым мужам разышліся, калі сыну было тры гады. Доўга жылі з сынам удваіх, пакуль выпадкова не трапілі ў Кобрынскі дзіцячы дом на дзень адкрытых дзвярэй. З таго дня ў іх з Вадзікам сталі паяўляцца госці на выхадныя — выхаванцы дзетдома. Падчас аднаго з наведванняў яны і ўбачылі Васілінку. Праз паўгода дзяўчынка стала прыёмнай дачкой Юліі. Малую прывезлі ва ўзросце паўтара года, хадзіць яна не ўмела. У новай сям'і паступова стала даганяць сваіх равеснікаў у развіцці. Нястомная мама Юля кожны дзень вадзіла дачку на працэдуры і заняткі, праходзілі курсы лячэння. Эфект відавочны, але праблемы з маўленнем засталіся. Дактары раяць не страчваць надзею, змагацца. Таму і возяць Васіліну ў першы клас за блізкі свет, бо там спецыялізаваная школа з малымі класамі, а педагогі і дэфектолагі маюць значны вопыт заняткаў з такімі дзецьмі.

Рашэнне прымалі разам

Калі Васілінцы не было і пяці, у сям'і паявіўся тата. Гэта надзвычай рамантычная гісторыя. Юля і Андрэй пазнаёміліся ў інтэрнэце, потым сустрэліся і зразумелі, што знайшлі адно аднаго. Андрэй крута памяняў сваё жыццё і пераехаў з Харкава ў Брэст. На радасць мужа і жонкі дзеці адразу прынялі новага тату.

З падлеткам Вадзімам яны сышліся як два інтэлектуалы з іранічным складам розуму і асаблівым пачуццём гумару. А малая нібы толькі і чакала, прыняла новага дарослага з адкрытай дзіцячай душой. Праўда, з работай выпускніку Харкаўскага авіяцыйнага інстытута, былому намесніку дырэктара фірмы, доўга не шанцавала. Але нядаўна ўладкаваўся на прадпрыемства па вытворчасці мэблі — станочнікам. Яшчэ адзін доказ таго, што хто хоча знайсці работу, той яе знаходзіць...

Ужо некалькі гадоў на розных мерапрыемствах сацыяльна-педагагічнага цэнтра Юлія размаўляла з бацькамі дзіцячых дамоў сямейнайга тыпу, прыглядалася да іх работы. Яны з Андрэем ведалі, што ўзводзіцца пяты па ліку і апошні ў Маскоўскім раёне такі дом. Гэта зусім побач з цэнтрам горада, недалёка ад іх кватэры. Падумалі, і на сваім невялікім сямейным савеце прынялі рашэнне. Вадзім таксама не пярэчыў, каб пераехаць у дом, дзе будзе многа малодшых братоў і сясцёр. Ён дарэчы, дапамагае бацькам. Мама кажа, што хлопчык нават крышку ганарыцца сваёй «даросласцю». Бо, напрыклад, калі малодшыя засынаюць, у гадзін дзесяць вечара Юля з Андрэем у яго выхадныя выходзяць на вячэрнюю прагулку, а Вадзім застаецца дома на тэлефоне. Каб не ён, то нават на чвэрць гадзіны нельга было б пакінуць дом. А так можна прысвяціць вечарам 20—30 мінут сабе, як гэта яны рабілі раней. Усё астатняе падпарадкавана жорсткаму графіку.

Юлія і Андрэй атрымліваюць паўтары стаўкі бацькоў-выхавальнікаў і каля 200 рублёў дапамогі на кожнае прыёмнае дзіця. Зарплата налічваецца фармальна за восем гадзін работы ў дзень, а на працы яны фактычна 24 гадзіны. Цяжкасцяў — хоць адбаўляй: не толькі фізічна ўсё зрабіць, усюды паспець, усім удзяліць увагу. Юля за паўтара месяца работы стала насіць і джынсы, і сукенкі на памер меншыя... Яшчэ адна праблема ў тым, што дзеці часта мяняюцца. Напрыклад, у іх жывуць трое дзяцей з прытулку, іх маці далі паўгода на выпраўленне. І яна зрабіла высновы, кожную суботу прыязджае, тэлефануе пастаянна. Дзеці чакаюць, што вернуцца да сваёй мамы. Значыць, толькі прывыкнуць да гэтых дзяцей, знойдуць падыходы, як давядзецца недзе ў канцы вясны праводзіць іх і сустракаць новых.

Здавалася б, навошта ім патрэбная такая работа. Муж працуе, Юлія магла б, як і раней, займацца рэпетытарствам і атрымліваць нават большыя грошы — і жылі б у сваёй кватэры. Але... У сістэму іх духоўных каштоўнасцяў упісваюцца менавіта абдзеленыя лёсам дзеці. Дык хто ж, калі не яны?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Хто, калі не яны?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.

Грамадства

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Летась на вытворчасці адбылося амаль 1400 няшчасных выпадкаў. Многа гэта ці мала? 

Грамадства

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Грамадству патрабуюцца творчыя асобы.