25 Май, пятніца

Вы тут

Пра карысць тараматаў ды вырабы са шклабою


За год беларусы «спажываюць» 1,8 млрд адзінак тары: шкляных і пластыкавых бутэлек, бляшанак. У 2020 годзе ўсё гэта можна будзе здаваць за грошы ў спецыяльныя тараматы. Так у краіне пачне дзейнічаць дэпазітная сістэма па зборы аднаразовай упакоўкі, большасць якой — шкло. Перапрацаваны шклабой можа стаць і бутэлькай, і шклаватай, і дарогай...


Рознакаляровы і несартаваны

Новая дэпазітна-залогавая сістэма ўводзіцца, каб павялічыць аб'ём нарыхтоўкі шкла з камунальных адходаў, кажуць спецыялісты. Яны мяркуюць, што збор другаснай сыравіны такім чынам узрасце на 10 %. Хоць і цяпер збор гэтай тары і шклабою наладжаны досыць добра. Асабліва пасля таго, як у 2012 годзе ў Мінску была створана спецыяльная вытворчасць для аўтаматычнай сарціроўкі змешанага шкла. Бутэлькі дазволілі здаваць нямытымі, з этыкеткамі і крышкамі, а бітае шкло — не сартаваць па колерах. Забарона на рознакаляровасць сыравіны, дарэчы, была досыць адчувальным абмежавальным бар'ерам, праз які бітае шкло ў вялікіх аб'ёмах трапляла на звалку.

— Уся ўпакоўка, якая праходзіць цяпер праз прыёмна-нарыхтоўчыя пункты і кантэйнеры, збіраецца ў асноўным у якасці другаснай сыравіны для наступнай перапрацоўкі. Заводы маюць патрэбу ў гэтай прадукцыі, — расказаў Аляксей ПІСКУН, намеснік начальніка ўпраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абарачэння з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Сёння ў прыёмныя пункты можна здаць шклабой любога колеру і выгляду. На базе арганізацыі «Белрэсурсы» створана вытворчасць па сарціроўцы шклабою. Тэхналагічны працэс дазваляе выдаліць адсюль лішнія фракцыі і смецце, а таксама разабраць сыравіну па колерах.

Каб шкло, якое трапіла на сметнік, разбурылася, спатрэбіцца больш за 1000 гадоў.

Стрымлівалі шкляны збор у Беларусі таксама нізкая цана і адсутнасць кампенсацыі нарыхтоўшчыкам за падрыхтаваную сыравіну. Сёння за кілаграм бітага шкла прыёмшчыкі плацяць ад 4 да 15 капеек у залежнасці ад рэгіёна. Даражэй там, дзе большая канкурэнцыя.

— Рэгуляваць цэны на прыёмку шклабою цяпер не актуальна, — лічыць спецыяліст. — Нарыхтоўшчыкі самі падлічваюць эканамічную мэтазгоднасць кошту, ды і канкурэнцыя ўплывае на цану. А вось кампенсацыя за збор тары нарыхтоўшчыкам аднолькавая. За сартаваны шклабой — 90 рублёў за тону, за несартаваны — 140 рублёў.

Такія змены летась узнялі аб'ёмы збору шклабою да 181,3 тысячы тон, а яшчэ ў 2012-м было ўтрая менш — 59 тысяч.

10 капеек за бутэльку ў тарамаце

Сёлета выпрацоўваецца нарматыўна-прававая база дэпазітна-залогавай сістэмы. У 2019-м зоймуцца прыцягненнем інвестараў. А ў 2020-м у краіне чакаецца з'яўленне некалькіх тысяч тараматаў для прыёмкі аднаразовай шкляной тары аб'ёмам да трох літраў, бляшанак і ПЭТ-бутэлек.

Тараматы будуць устанаўліваць у крамах буйных гандлёвых сетках. У невялікіх крамах размяшчаць такое абсталяванне немэтазгодна, таму для прыёмкі тары тут плануецца задзейнічаць работнікаў гандлёвых сетак. На рэалізацыю ідэі спатрэбіцца прыкладна 100 млн еўра.

— Справа гэта не танная. Але ж мы не імкнёмся да атрымання прыбытку. Перш за ўсё дбаем пра экалагічны складнік, — заўважыў Аляксей Піскун.

Каб чалавек быў зацікаўлены прынесці бутэльку да тарамата ці ў краму, а не выкінуць на сметнік, яе залогавы кошт, як думаюць спецыялісты, будзе 10—20 капеек за адзінку. Прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць тарнае шкло, каб атрымаць з яго новыя бутэлькі і слоікі, знаходзяцца ў Гродне, пасёлках Касцюкоўка і Ялізава.

За год сям'я з трох чалавек «спажывае» 82 кілаграмы ўпакоўкі: бутэлек, слоікаў... У гэтай масе трапляецца прыкладна 170 бутэлек. Калі памножыць іх нават на 10 капеек залогавага кошту, атрымаецца, што за год у сямейны бюджэт можна вярнуць праз тарамат 17 рублёў. Альбо выкінуць іх разам са звычайным смеццем.

Шматабаротную шкляную тару, якую ў савецкія часы здавалі проста ў краме і пасля адпаведнай апрацоўкі зноў налівалі туды напоі, малако, кефір, цяпер амаль не ўжываюць. Хоць асобныя нарыхтоўшчыкі працягваюць займацца ёй. Тое датычыцца напояў, якія не разліваюцца ў фірмавыя ўпакоўкі. Як правіла, гэта звычайныя напіткі або слабаалкагольныя, накшталт пладовых вінаў, для якіх асноўная ўмова бутэлькі — аб'ём 0,5—0,7 літра і вінтавое рыльца.

— Ужо даўно купляць аднаразовую ўпакоўку і разліваць у яе напоі стала танней, чым намагацца вярнуць назад сваю тару праз нарыхтоўчыя пункты, — сцвярджае спецыяліст. — Гэта разумеюць вытворцы і алкагольнай, і безалкагольнай, і іншай харчовай прадукцыі. Тыпаў, відаў і памераў аднаразовай упакоўкі, а яшчэ і з фірмавымі лагатыпамі асобных прадпрыемстваў і кампаній, стала так шмат, што збор тары асобна для кожнага вытворцы страціў сэнс. Тым больш што такая справа патрабуе выдаткаў на арганізацыю прыёмкі, транспартавання, мыцця і дэзынфекцыі тары на прадпрыемстве перад паўторным ужываннем.

«Шкляны кактэйль»

У краіне найбольш запатрабаваны для перапрацоўкі бой менавіта тарнага шкла, аднак астатнія шкляныя вырабы спецыялісты таксама раяць не выкідваць проста на сметнік. Напрыклад, шкло з вокнаў хоць і не варта здаваць у агульнай масе шклабою, бо яго хімічны састаў адрозніваецца ад бутэлечнага, лепш, як і раней, выносіць на сметніцу і ставіць побач з кантэйнерамі або здаваць у прыёмныя пункты. Каштуе яно крыху менш, чым тарнае, аднак асобна прынесенае пойдзе на перапрацоўку. Бітую аконную прадукцыю выкарыстоўваюць завод у Гомелі і арганізацыя «Брэстшклосфера», дзе ліставое шкло — адзін з кампанентаў для вырабу фарбы для нанясення святлоадбівальнай дарожнай разметкі.

Шкло — адзіны матэрыял, які можна перапрацоўваць на 100 % колькі заўгодна разоў. Пры гэтым атрыманая з другаснай сыравіны прадукцыя будзе такая ж якасная, як і выплаўленая ўпершыню з масы, куды не дадаецца шклабой.

Арміраванае шкло, люстэркі, кераміка, фарфор, аўтамабільныя фары перапрацаваць немагчыма. Калі такое шкло трапіць у агульны шклабой, яго, канешне, адсартуюць, але лепш адразу кідаць яго ў агульныя камунальныя адходы.

Заводы пры пераплаўцы выкарыстоўваюць адсартаванае шкло аднаго колеру, і перш за ўсё зацікаўлены ў бескаляровым і белым шклабоі, бо ў тару гэтага колеру разліваецца больш за ўсё напояў.

Шклабой падмешваецца ў шыхту — сумесь кварцавага пяску, кальцыніраванай соды, вапняку і спецыяльных дабавак. Робіцца гэта дзеля таго, каб выкарыстоўваць у «шкляным кактэйлі» менш дарагой сыравіны, напрыклад кальцыніраванай соды. Шклабой таксама зніжае выдаткі і паскарае працэс варкі шыхты, бо яна ў такім разе плавіцца пры больш нізкай тэмпературы. Гэта ў сваю чаргу змяншае спажыванне энергіі для працэсу. Акрамя таго, шклабой, да 40 % якога можна дадаць у першапачатковую сумесь, павышае экалагічнасць працэсу варкі, таму што паніжаецца колькасць выкідаў забруджвальных рэчываў у паветра.

Перапрацоўка 1 тоны адходаў са шкла эканоміць 650 кг пяску, 150 кг кальцыніраванай соды і 200 кг вапняку. Акрамя бутэлек і слоікаў, з сыравіны, у якую дадаецца шклабой, вырабляюць самыя розныя рэчы, напрыклад шкляную вату. Каб яе хапіла для ізаляцыі аднаго дома, трэба перапрацаваць 3000 вінных бутэлек.

З перапрацаванага шкла вырабляюць таксама абразіўныя інструменты, сантэхніку з керамікі, прабіркі, выкарыстоўваюць яго пры вытворчасці запалак і будаўніцтве... аўтадарог. За мяжой адходы шкла прымяняюць для вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў, шпалернай паперы, пластмасы, і нават думаюць ужываць здробнены шклабой у сельскай гаспадарцы для паляпшэння структуры глебы.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Бутэлька, акно, люстэрка…

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.

Грамадства

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Летась на вытворчасці адбылося амаль 1400 няшчасных выпадкаў. Многа гэта ці мала? 

Грамадства

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Грамадству патрабуюцца творчыя асобы.