Вы тут

Узнагароджаны пераможцы конкурсу да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі


Зусім хутка Узброеныя Сілы Беларусі адзначаць 100-гадовы юбілей. Да гэтай даты быў прымеркаваны творчы конкурс сярод школьнікаў на найлепшыя верш, апавяданне і малюнак. А пераможцаў спаборніцтваў узнагародзілі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там жа адбыўся і Урок мужнасці.


Вельмі таленавітыя работы ва ўсіх трох намінацыях прадставіла на конкурс вучаніца 23-й сярэдняй школы Віцебска Агата Андрэева. За гэта яна атрымала адмысловы прыз — ноўтбук.

— Я сама рабіла ўсё — і апавяданне, і малюнак, і верш. Хацелася данесці, наколькі страшная вайна. Тым больш што апавяданне грунтавалася на рэальных падзеях, якія адбыліся з маёй маці. Побач з вёскай, дзе яна жыла, знаходзілася воінская часць. Аднойчы там пачалі выбухаць боепрыпасы — абстаноўка была нібыта на сапраўднай вайне...

Як зазначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі, усяго школьнікі даслалі больш за тысячу малюнкаў, 300 вершаў, каля 600 разнастайных апавяданняў. З такога масіву цяжка было выбраць пераможцаў.

— Мы ўпэўнены, што хлопчыкі і дзяўчаткі ведаюць гісторыю сваёй дзяржавы, цікавяцца мінулым Узброеных Сіл і разумеюць, што нашаму народу давялося перажыць за час існавання. А значыць, яны будуць цаніць яшчэ больш мір і спакой, якія зараз пануюць у Беларусі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Армія вачыма дзяцей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?