Вы тут

У 2017 годзе зарэгістравана 484 выпадкі захворвання на шаленства жывёл


Па інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у 2017 годзе ў краіне былі зарэгістраваны 484 выпадкі захворвання на шаленства жывёл (гэта на 17 % менш у параўнанні з папярэднім годам). Лідзіравалі па гэтым паказчыку Гомельская і Мінская вобласці. Часцей за ўсё шаленства выяўлялася сярод лісіц і свойскіх жывёл (сабак і катоў), якія маюць гаспадароў.


Дзякуючы прафілактычнай рабоце, што праводзіцца рэспубліканскай санэпідслужбай, выпадкі захворвання на шаленства сярод насельніцтва не рэгістраваліся з 2012 года. Па аказанне антырабічнай дапамогі з прычыны кантактаў з жывёламі з падазрэннем на шаленства звярнулася за мінулы год каля 20 тысяч чалавек. Больш за 90 % з іх паведамлялі пра небяспечны кантакт са свойскімі жывёламі. Як высветлілася пазней, 500 чалавек насамрэч кантактавалі з хворымі жывёламі, у якіх шаленства было пацверджана лабараторна. З дзікіх жывёл часцей за ўсё людзі ўступалі ў кантакт з хворымі на шаленства лісамі. Са свойскіх — з сабакамі, якія маюць гаспадароў. Антырабічныя прышчэпкі супраць шаленства былі прызначаны 15 тысячам пацярпелых.

Зусім нядаўна, у студзені 2018 года, у Мінску ў кантакце з хворым на шаленства сабакам пароды канэ-корса знаходзіліся 22 чалавекі. Гэты факт расследавалі спецыялісты санэпідслужбы Мінска і Мінскай вобласці. Яны працавалі ў цесным кантакце з зацікаўленымі ведамствамі і ўстановамі. Былі праведзены ўсе неабходныя санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, каб не дапусціць узнікнення выпадкаў захворвання на шаленства сярод людзей.

Медыкі нагадваюць, што шаленства забірае штогод жыцці больш як 50 тысяч чалавек на планеце. Таму ў выпадку непажаданага кантакту нават са знешне здаровай жывёлай — пасля ўкусу, атрымання драпін, пашкоджання скурных пакроваў, пападання сліны — трэба абавязкова звярнуцца да ўрача, пастарацца ізаляваць жывёлу і выклікаць спецыяліста ветэрынарнай службы для кансультацыі і назірання.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Шаленства трымае ў напружанні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.