Вы тут

Хварэем за нашых?!.


Ёсць хвіліны, калі найвялікшым творам слыннага таямнічага мастака здаецца чалавек. У такія хвіліны захапляешся ім — вытанчанасцю і прыгажосцю, спрытнасцю і сілай, за якімі праглядае звышідэя творцы. Насамрэч чалавеку ў гэтым свеце падуладна ўсё: калі сіла духа ўзмацняе фізічную моц, а загартаваны характар дапамагае дасягнуць пастаўленай мэты і неверагодных поспехаў. Хвіліны асаблівага захаплення чалавекам дораць спартыўныя спаборніцтвы: нездарма можна гадзінамі сачыць за чараўніцтвам, якое здзяйсняюць моцныя асобы, калі ставяцца рэкорды, здараюцца неверагодныя ўчынкі, і нейкія секунды, імгненні вырашаюць лёс перамог. Імгненні, якіх мы чакаем ад Алімпіяды…


«Трэнер Вікенцій Дзмітрыеў і яго будучыя чэмпіёнкі», Віцебск, 1968 г

Захаваць гэтае чараўніцтва і захапленне чалавекам здольная фотакамера: у той момант, што прайшоў і не паўторыцца, можна вярнуцца праз адлюстраваныя эмоцыі. Адным з фатографаў, што прысвяціў жыццё спартыўнай фатаграфіі, быў мэтр Леў Барадулін, легенда яшчэ з савецкіх часоў.

Творца аб’ездзіў увесь свет, здымаючы самыя знакавыя ў гісторыі спартыўныя падзеі. Выстаўка яго фотаздымкаў у галерэі Міхаіла Савіцкага прымеркавана да адкрыцця XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, дзе возьмуць удзел нашы спартсмены ў розных дысцыплінах. Выстаўка стала кампліментам для Беларусі ад арганізатараў. Падтрымку ў яе экспанаванні ў нашай краіне аказала Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Прагляд экспазіцыі можа падтрымаць нашых спартсменаў, натхніць іх напярэдадні важных стартаў. Спорт быў і ёсць важным складнікам у фарміраванні іміджу нашай рэспублікі — як у часы СССР, так і цяпер.

У экспазіцыі прадстаўлены дзве знакавыя работы, на якіх адлюстраваныя беларускія спартсмены. На адной з іх — сімвал эпохі ў спорце, легендарны барэц-волат Аляксандр Мядзведзь. Гэты здымак адмыслова шукалі ў Тэль-Авіве, каб прывезці ў Мінск: раней фота не экспанавалася.

«Трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь», 1964 г

Яшчэ адным героем для фатографа стаў трэнер па спартыўнай гімнастыцы з Віцебска Вікенцій Дзмітрыеў, які выхаваў не адну чэмпіёнку. Герой здымка — ганаровы грамадзянін Віцебска і Чыкага. Дарэчы, работа з Вікенціем Дзмітрыевым — адна з самых знакавых у творчасці Льва Барадуліна. Яна была адзначана залатым алімпійскім медалём у Мюнхене.

На вернісажы шмат здымкаў, якія сталі класікай сусветнай фатаграфіі, — аўтарскія адбіткі, якія ніколі не экспанаваліся ў Беларусі. Лёў Барадулін працаваў у часопісе «Огонёк», адлюстроўваў у фотарэпартажах яркія спартыўныя падзеі і расказваў пра моцных духам.

— Калісьці «Огонёк» быў надзвычай папулярным часопісам у Савецкім Саюзе. Менавіта ў ім мы бачылі ўнікальныя фотаздымкі дзеячаў культуры, мастацтва, кіно і, вядома ж, спорту, — расказвае дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава. — Сёння ў нашага гледача ёсць магчымасць убачыць аўтэнтычныя і, можна казаць, гістарычныя работы з унікальнай калекцыі майстра сусветнай фатаграфіі Льва Барадуліна. Гэта мастацкія фота, у якіх адлюстраваная перамога, праца, сіла, характар. Спорт прыцягвае людзей з загартаваным характарам, дапамагае выхоўваць сілу духу. Леў Барадулін, здаецца, не проста паляваў на яркія моманты — ён пражываў іх разам са сваімі героямі, таму яго фотаздымкі такія эмацыянальныя і кранальныя.

Уменне выбудоўваць правільную і ў той жа час непаўторную кампазіцыю, здольнасць расстаўляць акцэнты і ўлоўліваць характары зрабіла здымкі творцы непаўторным адлюстраваннем эпохі ў спорце. Па фотаздымках Льва Барадуліна вучыліся многія фатографы, аднак скапіраваць стыль ні ў кога не атрымалася.

— Леў Барадулін вельмі захапіўся фатаграфіяй пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэта была для яго справа душы, — падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі куратар Borodulin Collection Мая Кацнэльсан. — Напэўна, менавіта так і павінен прыходзіць поспех. Калі любіш, калі жывеш гэтым, то поспех будзе на тваім баку. Леў Барадулін — унікальны прыклад таго, як чалавек, сутнасцю якога стала справа, не можа выйсці на вуліцу без фотаапарата, не можа проста глядзець на тое, што адбываецца навокал. Ён у спорце бачыў мастацтва, менавіта так падаваў яго ў фотаработах. У гэтага аўтара было складанае стаўленне да ідэалагічных установак таго часу, таму ён вельмі любіў спорт: у гэтай тэме было больш свабоды, а значыць, магчымасць больш поўна выявіцца. Таксама выбар на карысць спорту быў зроблены таму, што тэма давала магчымасць падарожнічаць па свеце.

«На віражы», 1967 г.

У той час, калі спорт у Савецкім Саюзе быў часткай ідэалогіі, Барадулін здолеў быць шчырым творцам: яго цікавілі людзі, найперш супрацьстаянне адметных асоб з неверагоднымі здольнасцямі і моцнымі характарамі. Леў Барадулін сваімі здымкамі пакарыў не толькі Савецкі Саюз, але і ўвесь свет. Так, у 1964 годзе англійскі штогоднік «Photography Year Book» назваў Льва Барадуліна зоркай сусветнай фатаграфіі, у 1967 годзе ён быў прызнаны лепшым фатографам года па версіі японскай газеты «Асахі», а ў 1971 годзе ў Мюнхене за дасягненні ў галіне спартыўнай фатаграфіі ўзнагароджаны залатым алімпійскім медалём. На піку славы майстар эмігрыраваў у Ізраіль і там працягнуў кар’еру фатографа.

Вікторыя АСКЕРА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.