Вы тут

Нацыянальны геній Янкі Купалы прамаўляў ад імя народа


Нацыянальны геній Янкі Купалы прамаўляў ад імя народа, бо вельмі добра адчуваў яго душу. Спасцігаць жа душу народнага паэта можна бясконца. Кожнае пакаленне намагаецца зрабіць гэта па-свойму, улічыўшы папярэднія дасягненні і досвед. Увесь час адкрываюцца новыя далягляды, і ў тым ніколі не будзе пастаўлена апошняя кропка.


Падчас прэзентацыі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы

Напрыканцы 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання ў культурным жыцці краіны ды й увогуле ў сусветнай славістыцы адбылася значная падзея: у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыў свет 1 том персанальнай шматтомнай энцыклапедыі «Янка Купала».

...Першы даведнік пра Янку Купалу выйшаў з друку ў 1986-м — больш як 30 гадоў таму. За гэты час адбылося шмат змен у грамадска-палітычным і культурным жыцці нашай краіны, паўстала незалежная Рэспубліка Беларусь. Гістарычныя пераўтварэнні і разбурэнне ідэалагічных догмаў адкрылі для нас невядомага раней Купалу: многія з яго твораў, напісаныя ў 1910 — 1920-х гадах, не ўключаліся ў зборнікі, не згадваліся ў даследчых працах. Так, пад вокладкай папярэдняга даведніка адсутнічаюць вершы «Акоў паломаных жандар», «Годзе», «Ёсць жа яшчэ», «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына-памінкі» і некаторыя іншыя, няма ні слова пра яго натхнёную публіцыстыку 1919 — 1920-х гадоў. Калі ж вярнуліся з небыцця і многія імёны, перад купалазнаўствам паўстала задача — стварыць новую энцыклапедыю, якая ахапіла б апошнія дасягненні і адлюстравала б новыя абсягі ведаў пра класіка айчыннай літаратуры.

Пад вокладкай новага выдання сабрана каля 1500 біяграфічных, літаратуразнаўчых, бібліяграфічных і нават геаграфічных артыкулаў — вынік працы калектыву айчынных вучоных, у тым ліку навукоўцаў вышэйшых навучальных устаноў: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У працы над кнігай бралі ўдзел і супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Іх намаганнямі, акрамя інфарматыўнай часткі, падрыхтаваны больш за 300 ілюстрацый: архіўных фотаздымкаў, твораў мастацтва.

У першым томе энцыклапедыі сабраны артыкулы ад «А» да «З». Тыраж выдання — 1500 асобнікаў.

Матэрыялы дэманструюць шырокі досвед аб жыцці і творчасці першага народнага паэта Беларусі — распавядаюць, у якіх умовах ён працаваў, а таксама пра гісторыю ўшанавання і даследавання спадчыны нацыянальнага генія. Навуковыя каментарыі да творчай спадчыны Купалы падаюцца без ідэалагічных купюр. Змешчана шмат артыкулаў пра мастакоў і скульптараў, у чыёй творчасці гучыць тэма Янкі Купалы, шырока прадстаўлены звесткі пра паэзію песняра ў перакладах на іншыя мовы, ёсць інфармацыя аб прадстаўніках замежжа, якія маюць дачыненне да спадчыны Янкі Купалы. Прысутнічае ў кнізе і «геаграфія» дарог, дзе калісьці вандраваў паэт: ён пабываў у Расіі, Грузіі, Фінляндыі, Славакіі і іншых краінах. Распавядаецца і аб гарадах, дзе захоўваецца памяць пра беларускага паэта. Шмат матэрыялаў датычыцца тэатральнага мастацтва, якое немагчыма ўявіць без Янкі Купалы.

Як зазначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, «выданне “Энцыклапедыі Янкі Купалы” можна разглядаць у трох ракурсах. Першы — грамадска-палітычны. Беларуская дзяржава памятае, без каго яе не было б. Яна выдаткоўвае сродкі і на высокім паліграфічным узроўні выдае такія добрыя кнігі. Мы разумеем, дзе нашы вытокі і хто з’яўляецца апосталамі нацыі. Другі ракурс — фундаментальны. Сведчанне спеласці беларускай навукі, айчыннага літаратуразнаўства, мовазнаўства і музеезнаўства — годнага ўзроўню навукоўцаў, якія спрычыніліся да выдавецкага праекта. Трэці аспект — прыкладны. Бо «Энцыклапедыя» запатрабавана не толькі ў студэнцкіх аўдыторыях. Усё гаворыць на карысць таго, што беларуская нацыя — была, ёсць і будзе…»

Зараз вядзецца работа па падрыхтоўцы да выдання ІІ тома персанальнай энцыклапедыі. Акрамя таго, плануецца выхад кнігі аднаго верша «А хто там ідзе?» у перакладзе на 100 моў свету.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Фота Таццяны БЛАХІНОЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.