Вы тут

Уцякач ад пратакольнай праўды


Мы развучыліся ў літаратуры... прыгожа маніць. Жаданне быць па-школьнаму праўдзівымі, пісаць так, «як яно ёсць», як падаецца, сапсавала не адзін твор. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, з дня нараджэння якога 4 лютага споўнілася 210 гадоў, смяяўся з такіх «праўдашукальнікаў». Напрыканцы жыцця нават марыў стварыць п’есу пра аднаго шляхціца, які напісаў трагедыю на 5573 старонкі (з пралогам, эпілогам і 15 балетнымі інтрадукцыямі), дзе імкнуўся даказаць тую «мудрасць», што «трава — зялёная, сонца — гарачае, дождж — мокры, а край наш гаротны». Гэты шляхціц сабраў сялян і прымусіў праслухаць свой опус. Ад яго чытання каровы перасталі даваць малако, пеўні плюнулі на ранішняе кукарэканне, кураняты залезлі назад у яйкі і адмовіліся адтуль вылазіць, дзеці пасівелі ад суму, а ў дарослых сківіцы замаркочана выцягнуліся да самых каленяў.


Многія строгія крытыкі акурат і лаялі Дуніна-Марцінкевіча за тое, што ў яго творах не знайсці той пратакольнай праўды, якая, скажам, удосталь прысутнічала ў вершах Францішка Багушэвіча, асобных творах Янкі Купалы, у ранніх творах большасці «нашаніўцаў». Прыгадаем, са школьных часоў нашы галовы забіваліся «страшнымі» словамі «рэалізм», «праўда жыцця», «вялікі пісьменнік-рэаліст». Кожнага вартага аўтара імкнуліся падагнаць пад гэтае пракрустава ложа. А таму ці маглі адчуць школьнікі хараство самнамбулічнага экспрэсіянізму таго ж Янкі Купалы, атрымаць асалоду ад пякельнай гратэскнасці найбольш смелых фантастычных тэкстаў Францішка Багушэвіча? Варта толькі прыгадаць, што самыя чытаныя беларускія пісьменнікі як агню баяліся гэтай балотнай «праўды жыцця».

Янка Маўр, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Уладзімір Дубоўка — кожны з іх мог бы сябе назваць духоўным вучнем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Янка Маўр любіў здзіўляць у сваіх творах экзатычным месцам дзеяння. Ягоны настаўнік рабіў тое ж самае. Дзе разгортваецца сюжэт «Ідыліі»? У выдуманым, чароўным краі, які нагадвае ажыўленыя дываны Алены Кіш. Часам, здаецца, што яшчэ крыху — і з вялікага куста ружы (заяўленага як адна з дэкарацый) вызірне рахманая дэкаратыўная морда лімоннага льва. Гэтую дзівосную краіну (куды галоўная гераіня Юлія, як сірэна, заваблівае Караля) умоўна называюць «родны край», аўтар пазбягае дакладнага геаграфічнага наймення. Ды і якая можа быць дакладнасць, калі драматург апісвае ўсяго толькі сваю мару аб тым, што калі-небудзь, магчыма, і стане Беларуссю.

Уладзімір Караткевіч з Іванам Шамякіным натхняліся яго духоўна-незалежнымі і харызматычнымі персанажамі. Менавіта Дунін-Марцінкевіч быў тым першым беларускім пісьменнікам, хто паказваў нашых суайчыннікаў не слабакамі-лапцюжнікамі, а моцнымі асобамі, вартымі галівудскіх блакбастараў.

Галоўны герой паэмы «Гапон» — просты селянін, што трапляе ў салдаты, але становіцца, дзякуючы ўласнай мужнасці, афіцэрам, які затым карае свайго крыўдзіцеля, — ці не правобраз гэта будучых суперменаў з «Каласоў...» альбо «Сэрца на далоні»? Варта згадаць, што Іван Шамякін, перад тым як пачынаў пісаць свой новы займальны раман, перачытваў «Гапона».

А што агульнага мае Уладзімір Дубоўка з Дуніным-Марцінкевічам? Яны абодва перажылі (кожны, безумоўна, па-свойму) турэмнае зняволенне, допыты, абмежаванні ў правах. І абодва не паддаліся спакусе пераўтварыць творчасць у помсту свайму нешчасліваму лёсу.

«Мяне заўсёды захапляла гэтая па-дзіцячы наіўная жыццярадаснасць і сонечнасць “Ідыліі”. У Юлію я быў гатовы закахацца. Многія мае ўласныя гераіні — яе духоўныя сёстры. Калі было асабліва цяжка, у самую сцюжу, напяваў асобныя арыі з гэтай оперы, і станавілася цяплей», — успамінаў Дубоўка.

Калі ў канцы 1960-х паэт напісаў апавяданне пра маладую настаўніцу «Ганна Алелька», то яго крытыкавалі за празмерную «ружовасць», падкрэсленую бесканфліктнасць, але пісьменнік не звяртаў на гэта ўвагі. У прыватнай гутарцы казаў: «Дунін-Марцінкевіч стварыў сваю фантазію пра ідэальную Беларусь (якая тады, па сутнасці, і Беларуссю ніякай не была), але яго мара і да нашага часу засталася ўсяго толькі сном. Мая “Ганна Алелька” — гэта працяг сну, які абавязкова рана ці позна стане явай».

Думаю, што нашай літаратуры, чытачам па-ранейшаму патрэбны казачнікі і фантасты, якія б на манер Мюнхгаўзена (любімага героя Дуніна-Марцінкевіча!) выцягнулі б нас за валасы з багны ўласнага смутнаглядства, унутранай інертнасці і бязмэтнасці.

Нам па-ранейшаму неабходны дзівосныя ўцекачы ад пратакольнай праўды.

Сёння нам патрэбны свой Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.